Памяць аб трагедыі

Аддаўшы службе ў Бялыніцкім РАУС не адзін год свайго жыцця, узгадваю некаторыя справы, якія больш за іншыя ўрэзаліся ў памяць. Адну з іх расследаваў напачатку 1980-х гадоў: жудасныя моманты здарэння паўстаюць перада мной.

Гісторыя адбылася ў адным з сельскіх населеных пунктаў нашага раёна. З заявай аб прапажы мужа ў міліцыю звярнулася К. Яна сцвярджала, што ён адсутнічае дома ўжо трое сутак. Сітуацыя не новая: папрасіў жанчыну падзяліцца меркаваннем, дзе можа знаходзіцца яе муж. Мабыць, у сябра ці знайшоў каханку? К. пачала неяк незвычайна сябе паводзіць, занервавалася. Чуццё следчага падказала: штосьці тут не так.

На агляд дома выехаў участковы. Нічога незвычайнага знайсці яму не давялося, але ён запрыкмеціў адну маленькую дэталь: на печы была запечаная чорная кропля памерам з запалкавую галоўку з сівым кароткім валаском на ёй.

Прыехаўшы да К. дамоў, я запрыкмеціў сляды крыві з прыліплымі сівымі валасамі на дзвярным вушаку. Западозрыў нядобрае. Адсунуўшы ад сцяны канапу, заўважыў вялікую крывавую пляму.

– Гэта я яго забіла, – прызналася жанчына.

К. расчляніла цела мужа, расклала па пакетах і закапала іх у агародзе. Гэта высветліла апергрупа пры выездзе на месца злачынства. Прычым, глыбіня “магілы” была каля паўтара метра. Месца пахавання жанчына сама паказала супрацоўнікам міліцыі. Пры раскопках яны сапраўды знайшлі поліэтыленавыя пакеты з чалавечымі астанкамі. Але сярод іх не было галавы. Пачалі капаць глыбей і шырэй – усё роўна не атрымалася яе знайсці. Загадка гэта не давала нам спакою яшчэ некалькі дзён. К. не прызнавалася, дзе яна.

На дзявяты дзень пасля забойства К., якая ў той час знаходзілася ўжо за кратамі, убачыла ў сне мужа. Выклікала мяне. Расказала, што муж ёй прысніўся. Пасля нядоўгіх угавораў жанчына ва ўсім прызналася.

Выехалі на месца, якое яна ўказала. Гэта была сцёкавая труба каля трасы Магілёў – Мінск. Унутры яе ў поліэтыленавым пакеце і знаходзілася галава забітага. Так справа аб забойстве была раскрыта.

Мужчыну пахавалі. Яго жонку-забойцу асудзілі, і жыццё яе скончылася ў турме.

Васіль КАРОТКІ,

г. Магілёў.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *