З 16 па 29 ліпеня праваахоўнікі склалі 36 адміністрацыйных пратаколаў
Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 16 па 29 ліпеня праваахоўнікі склалі 36 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 19, дробнае хуліганства – 4, сямейны скандал – 11, непадпарадкаванне – 2.
Руль, два колы. За мінулыя два тыдні ў дзяжурную службу РАУС звярнуліся дзве жанчыны, якія паведамілі, што невядомыя “прыставілі ногі” іх веласіпедам. У першым выпадку злодзей быў хутка ўстаноўлены, узбуджана крымінальная справа. Па другім праводзіцца праверка.
Сабачая анархія. Бялынічанка паскардзілася праваахоўнікам на сабаку, які моцна пакусаў яе коз і паганяў казлянят. А жыхарка Цяхціна паведаміла, што сабака аднавяскоўцы загрыз дзвюх яе качак.
Факты – упартая рэч! А 17-й гадзіне вечара 20 ліпеня супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі факт знаходжання на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення траіх працаўнікоў ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.
Метал прывабіў. Магіляўчанін патэлефанаваў у міліцыю і паскардзіўся на невядомага, які вынес з яго лецішча ў аг. Галоўчын два 40-кілаграмовыя буры, гіру, рэльсу і два ламы. Злодзей устаноўлены. На “металіста” складзены адміністрацыйны пратакол.
Павінілася. У дзяжурную службу РАУС з павіннай прыйшла жанчына, якая прызналася, што ў канцы студзеня разам са знаёмым абакралі хлеў аднаго з домаўладанняў у в. Чырвоная Слабада.
Нічога святога. 25 ліпеня ў РАУС паступіла паведамленне аб тым, што невядомыя праніклі ў царкву аг. Галоўчын, пашкодзілі замок сейфа і забралі з сабой дзве бутэлькі “Кагору”.
Не грэбавалі нічым. Бялынічанін паскардзіўся праваахоўнікам на невядомых, якія скралі з дома яго дакументы, прадукты харчавання, а таксама ўласныя рэчы яго сужыцелькі. Праверку праводзіць АКВ.
Машыны адпачываюць. 28 ліпеня ў РАУС паступіла паведамленне, што на Заазерскім возеры на пляжы “адпачываюць” амаль 30 аўтамабіляў. Праваахоўнікі правялі праверку і выдалі дзвюм жанчынам-вадзіцелям адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне ПДР.
Куслівыя пчолы. Бялынічанка паскардзілася супрацоўнікам РАУС на пчол суседа, якія лётаюць па яе ўчастку, пакусалі бацьку і маглі прычыніць шкоду яе блізкім. Матэрыял накіраваны для праверкі ў райветстанцыю.
Ганна КАВАЛЁВА.