З-за нядбайнасці загінула рыба
У сярэдзіне ліпеня пасля працяглых ліўневых дажджоў з Машчаніцкага МТК адбыўся сцёк неачышчаных вод у рэчку каля вёскі Вослеўка.
У выніку, загінула 169 асобін рачной рыбы, вельмі значныя страты нанесены навакольнаму асяроддзю.
Спецыялісты абласной лабараторыі аналітычнага кантролю ўзялі пробы рачной вады, якія паказалі шматразовае перавышэнне ўтрымання ў іх шкодных хімічных злучэнняў. Каэфіцыенты ўтрымання кіслароду ў забруджанай вадзе былі зніжаны амаль у 20 разоў. Рыба проста задыхнулася.
Прычына здарэння банальная: пляцоўкі для часовага збору жывёльных адходаў на комплексе былі перапоўненыя. Моцныя дажджы толькі пагоршылі сітуацыю.
Сцёкавымі водамі была таксама забруджана прылеглая да ракі тэрыторыя.
Райінспекцыя ПР і АНА распачала ў адносінах да кіраўніцтва ААТ “Новая Друць” адміністрацыйны працэс па арт. 15.11 і ч.1 арт. 15.51 КаАП. Матэрыялы па факце здарэння накіраваны для праверкі ў РАУС.
Юрый СІМАНАЎ,
начальнік райінспекцыі ПР і АНА.