Працоўныя перамогі дзеля родных і блізкіх

Шлях зерня з поля да зернесушыльнага комплексу лепш за ўсіх ведаюць вадзіцелі. У ААТ “Бялынічы” на аўтамабілі МАЗ 555 шчыруе Максім АЗАРАЎ. З пачатку сёлетняй уборачнай ён перавёз 583 тоны збожжа.

азаров

Працы ў сельгаставарыстве Максім Алегавіч аддаў каля 8 гадоў. Дагэтуль быў трактарыстам, а сёлета перасеў за руль аўтамабіля.

– Адносіны да сваёй працы вызначае ў прафесіі хлебароба тое, да якога выніку ты імкнешся, – расказвае Максім Азараў. – Тут нельга рабіць, спусціўшы рукавы, альбо абыякава ставіцца да ўборкі, маўляў, гэта не маё і мне не патрэбна. Бо гэта маё і патрэбнае, перш за ўсё, мне самому, а значыць, і маім блізкім, маёй радзіме.

Сапраўды, адносіны да малой радзімы ў Максіма Алегавіча вельмі цёплыя. Кажа, што неаднойчы яму прапаноўвалі працоўныя месцы ў горадзе, але ад усіх адмаўляўся. У родным Малым Кудзіне яму жывецца лепш, чым дзе. Тут ён нарадзіўся, ажаніўся і зараз з жонкай Лідзіяй Фёдараўнай, якая заўсёды яго падтрымлівае і словам, і справай, гадуюць траіх дзетак. Такі моцны тыл, па словах Максіма Алегавіча, і дазваляе вытрымліваць напружанне падчас уборачнай, надае сіл і аптымізму.

– Нядаўна прыватызавалі свой дом, з’язджаць нікуды не збіраемся, – адзначае суразмоўца. – Акрамя ўсяго, да роднай зямлі прывязвае яшчэ і хобі. У свабодны час займаюся рыбалкай, паляваннем, ходзім з сям’ёй у лес па грыбы. Таму добра ведаю навакольныя лясы, азёры, палі.

З паляваннем калісьці пазнаёміўся дзякуючы сябру Алегу НІЗАЎЦОВУ. На жаль, яго ўжо няма ў жывых.

Дзесьці ў сярэдзіне жніўня пачнецца сезон палявання на водную і балотную дзічыну. Пакуль што мужчына не ўпэўнены, што атрымаецца заняцца любімым хобі ў гэты час, бо хлебныя нівы чакаць не будуць. І прыярытэты даўно растаўлены на карысць збожжа.

Мабыць, менавіта гэта непарыўная сувязь з родным краем, якая нябачнымі ніткамі ўплялася ў канву яго жыцця прыгожым узорам, і спрыяе добраму настрою ў працы. На пытанне аб тым, што матывуе кожны дзень аддаваць усе свае сілы справе, Максім Азараў адказвае:

– Сёлета паставіў перад сабой мэту стаць “тысячнікам”, і старанна іду да яе. Палова тысячы тон збожжа перавезена ўжо. Прыемна будзе атрымаць узнагароду і аддаць яе сваёй сям’і, каб яны ганарыліся маім укладам у агульную справу.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *