“Аптымізмам насычаюся з родных крыніц”

буч1Жыццё ў маленькай вёсцы не для кожнага можа падавацца прывабным, чалавек усё ж такі асоба камунікатыўная, яму абавязкова трэба быць сярод людзей. Калі, вядома, не ўлічваць безумоўныя плюсы дабравольнага пустэльніцтва: цішыню, спакой, рэлаксацыю ад пастаяннага ўзаемадзеяння з прыродай.

Але жыхарка вёскі Пільшычы Ганна Бучманава ніколі не прамяняла б свой родны сэрцу куточак ні на якія жыццёвыя выгоды. Месца, дзе яна нарадзілася і пражыла ўсё жыццё, пусціла настолькі моцныя карані ў душы гэтай жанчыны, што хоць ты, здавалася б, ненадоўга адарві яе ад Пільшычаў, яна ўміг звяне, як той гарлачык, не ў пару выцягнуты з ракі. Ганна Піліпаўна ведае кожнага чалавека ў вёсцы, кожную сцежку. І не толькі таму, што 12 гадоў выконвае грамадскія абавязкі сельскага старасты. Больш за 40 гадоў адпрацавала яна паштальёнам у Бялынічах, Пільшычах і на станцыі Друць.

– У 18 гадоў пайшла працаваць у раённы вузел паштовай сувязі, – распавядае Ганна Піліпаўна. – Хутка ўлілася ў дружны калектыў. Разносіць па дамах бялынічан карэспандэнцыю вельмі падабалася. Але застацца жыць у Бялынічах нават думкі не было. Кожны дзень з вёскі дабіралася ў райцэнтр і назад. У пачатку 1990-х гадоў аўтобусныя рэйсы скарацілі, і я стала насіць пошту ў родных Пільшычах.

буч2

 

 

Справа сельскага паштальёна простая і разам з тым вельмі адказная, але, як адзначае жанчына, за ўвесь час працы на яе не паступіла ніводнай скаргі. Затое мае 2 знакі “Ударніка сацыялістычнай працы” і цэлы стос грамат за прыкладнае выкананне працоўных абавязкаў. Менавіта таму Ганну Бучманаву ў далёкім 2007 годзе аднавяскоўцы выбралі  сельскім старастам. Яе актыўная грамадзянская пазіцыя і нераўнадушнасць да праблем вяскоўцаў таксама адыгралі не апошнюю ролю.

– Звяртаюцца да мяне з рознымі пытаннямі, – гаворыць Ганна Піліпаўна. – Могуць і зранку патэлефанаваць, і  позна ўвечары, асабліва калі патрэбна звязацца з якой-небудзь службай. Са старшынёй Цяхцінскага сельсавета Аляксандрам ЦЫБУЛЬСКІМ пастаянную сувязь падтрымліваю. Не аднойчы даводзілася мне і бойкі разнімаць. Самая вялікая бяда нашых вяскоўцаў – алкагалізм. Думаю, што людзі п’юць ад неўладкаванасці і страху перад будучым. Шмат знаёмых і родных патрапілі ў лапы да “зялёнага цмока”. Таму ў нашай сям’і з гэтым строга, і з мясцовымі выпівакамі  праводжу прафілактычныя гутаркі не горш за ўчастковага.

Калі карэспандэнт раёнкі завітала ў Пільшычы, вёска прыемна парадавала сваёй акуратнасцю і чысцінёй. І дом старасты адшукаць было не цяжка: ён проста патанаў у кветках.

– Тут усё справа рук маёй нявесткі, – усміхаецца Ганна Піліпаўна. – Як толькі яна прыязджае ў вёску, адразу ж спяшаецца ў кветнік. Я толькі крыху дапамагаю.

І яшчэ адна рэч цесна звязвае Ганну Бучманаву з роднай вёскай. Гэта – крыніцы. Першая з іх знаходзіцца побач з домам жанчыны на беразе маленькай рачушкі Вядзёрка. Добраўпарадкаваў яе яшчэ прадзед Авяр’ян ВАКУЕЎ. Усе суседзі прыходзілі туды за вадой, казалі, што смачнейшай няма ва ўсёй вёсцы. Яе і дагэтуль называюць Аверкавай крыніцай. Ёсць у Пільшычах і радовішча мінеральнай вады. Пра “салёную” крыніцу вяскоўцы ведалі даўно, вадой з яе лячылі хваробы страўніка. У 1980-х гадах навукоўцы даследавалі берагі Друці, шукалі радовішчы нафты. Па словах мясцовых жыхароў, нафту яны там знайшлі, але здабываць яе аказалася немэтазгодным. Затое на радовішчы мінеральнай вады прабурылі свідравіну амаль у 300 метраў. Але справа зноўтакі далей не кранулася. Свідравіну закансервавалі. Толькі непаслухмяная вада ўсё ж прабілася на паверхню. Стараста Пільшычаў распавядае, што да крыніцы прыязджаюць людзі, набіраюць ваду, але гаворкі аб прамысловай здабычы яе пакуль не ідзе.

буч3

Карэспандэнту райгазеты ўдалося паспрабаваць пільшыцкую  “мінералку”. Вада вельмі халодная, празрыстая і саленаватая на смак. Чымсьці нагадвае вядомую грузінскую марку “Набеглаві”. Мой экскурсавод адзначае, што яна спрыяе паляпшэнню апетыту. Наконт гэтага разабрацца не паспела, але настрой палепшыўся адназначна. І не з-за вады, а ад цёплай размовы з Ганнай Піліпаўнай. Яе жыццялюбства і аптымізм перадаліся і мне. А яна падмацоўваецца ад роднай зямлі, з дарагіх сэрцу крыніц. Вось такі прыродны кругаварот.

буч4

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і з архіва Ганны Бучманавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *