Адзінаццаць выпускнікоў школ раёна атрымалі сёлета залатыя медалі

юляАдзінаццаць выпускнікоў школ раёна атрымалі сёлета залатыя медалі.

У ліку іх і выпускніца СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага Юлія ІГНАТОВІЧ. Усім ім былі ўручаны таксама атэстаты асобага ўзору. Але дарагі падарунак за выдатную вучобу чакаў толькі Юлю – па ўсіх прадметах у яе атэстаце выстаўлены “дзясяткі”.

Такога павароту лёсу не чакала нават сама дзяўчына. Паводле яе слоў, з паспяховасцю ў школе праблем ніколі не было. Усе адзнакі заўсёды былі добрыя, але тое, што напрыканцы адзінаццатага класа яна выйдзе на максімальны бал атэстата, прадугледзіць нават сама не магла.

– Любоў да вучобы прывіла яшчэ першая настаўніца – Людміла Іванаўна ЯКУБАВА, – расказвае Юлія Ігнатовіч. – З першага класа на падрыхтоўку да заняткаў патрабавалася шмат часу, але я зразумела, што гэта нездарма. Багаж ведаў, атрыманы мной да пераходу ў старэйшыя класы, даў магчымасць хутчэй засвойваць новы матэрыял, спраўляцца з пастаўленымі задачамі.

Як і ўсе вучні, Юля вызначыла для сябе тыя прадметы, якія цікавяць яе больш за астатнія. Так, любімымі сталі фізіка і матэматыка. Юліну цікавасць да іх заўважылі настаўнікі фізікі Мікалай ГЕЙСЦЕР, матэматыкі – Марына НАЗАРАВА.

– Іх урокі заўсёды былі займальнымі, – адзначае Юля. – Дзякуючы ім стала ўдзельнічаць у алімпіядах, займала прызавыя месцы.

Але і на астатнія дысцыпліны не забывалася. Да кожнага ўрока рыхтавалася сур’ёзна, імкнулася на іх праявіць сябе.

Калі прыйшоў час вызначыцца з выбарам будучай прафесіі, Юля стала разглядаць ІТ-спецыяльнасці. Тут ёй і спатрэбіліся ўсе веды, атрыманыя падчас вучобы ў школе.

Добрая падрыхтоўка і мэтанакіраванасць дазволілі дзяўчыне паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне. Агульная колькасць балаў, набраных на ЦТ, выдатны атэстат адкрылі для Юлі дзверы многіх універсітэтаў нашай краіны. Але яна ўжо задоўга да гэтага бачыла сябе студэнткай ВНУ Санкт-Пецярбурга. Ніякія ўгаворы бацькоў не змаглі парушыць мару дачкі.

– Маці з бацькам вельмі хацелі, каб я вучылася бліжэй да дома, – распавядае Юля. – А мне захацелася самастойнасці. Паставіла перад сабой мэту і нядаўна дасягнула яе.

Пасля заканчэння навучання ў расійскай ВНУ дзяўчына паабяцала бацькам вярнуцца працаваць на малую радзіму.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *