Перад вачамі прыклад бацькі

экипажАсаблівую ўвагу карэспандэнтаў падчас жніва выклікаюць сямейныя экіпажы камбайнаў: заўсёды цікава сустрэцца з людзьмі, якія не проста шчыруюць на ўборцы, але і прыцягваюць да гэтага занятку сваіх родных. У ААТ “Новая Друць” у адной звязцы працуюць бацька і сын Анатоль і Андрэй ІГНАТОВІЧЫ.

Сям’ю камбайнераў карэспандэнт “Зары над Друццю” заспела ў полі непадалёку ад вёскі Мокравічы.

Андрэй толькі скончыў 10 клас Цяхцінскага ВПК ДС СШ. Пакуль канікулы, вырашыў не марнаваць час і падзарабіць грошай. У пачатку лета працаваў у лесагадавальніку, дзе займаўся праполкай саджанцаў. А калі працоўная змена скончылася, вырашыў дапамагаць бацьку на ўборцы хлеба.

– З раніцы рыхтую зернеўборачны камбайн да выезду, – распавядае Андрэй. – Памочнікам камбайнера працую сёлета ўпершыню, але з вялікім інтарэсам. Вельмі добра, што побач тата, які вучыць усяму, што ведае сам. У яго каласальны вопыт працы ў сельскай гаспадарцы. Адзінае, што пакуль цяжка даецца, – прыходзіцца прачынацца з ім разам у пяць гадзін раніцы.

Сапраўды, вопыт Анатоля Мікалаевіча ўражвае: у ААТ “Новая Друць” ён працуе ўжо тры дзясяткі гадоў. Усе ўгоддзі гаспадаркі ведае. Таму для яго вельмі важна перадаць свае веды сыну.

– Спрабавала быць памочнікам камбайнера сёлета і мая дачка Аліна, – кажа Анатоль Мікалаевіч. – Але справа хлебароба даецца ёй даволі цяжкавата. А яна ў мяне старанная, і калі ўсё ж такі захоча асвойваць хлебаробскую прафесію, абавязкова падстаўлю бацькоўскае плячо. Яна не толькі падтрымлівае маральна падчас кожнага жніва, але і дапамагае збірацца раніцай на працу, даглядае хатнюю гаспадарку – без занятку ў нашай сям’і ніхто не застаецца.

Канечне, вучыцца прафесіі моладзі не заўсёды даецца лёгка, як гэта бывае і ў любой іншай сферы дзейнасці. Але малодшыя Ігнатовічы добра разумеюць, што хлеб ніколі не здабываўся проста. Заўсёды ён патрабаваў ад аграрыяў максімальнай аддачы. І прыклад у асобе бацькі ў іх перад вачамі. Таму цяпер Андрэй, хоць толькі і пачынае свой працоўны шлях, з упэўненасцю кажа, што на наступны год зноў будзе дапамагаць бацьку. І, мабыць, нават звяжа з гэтай прафесіяй сваё жыццё.

Анатоль Мікалаевіч, у сваю чаргу, вучыць сына галоўнаму: не трэба гнацца за паказчыкамі. Лепш рабіць якасна і прыкладаць усе магчымыя намаганні. Тады абавязкова будзе і вынік.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *