Аддзел ЗАГСу райвыканкама падвёў вынікі конкурсу “Стоп-кадр нашага вяселля”

Аддзел ЗАГСу райвыканкама падвёў вынікі конкурсу “Стоп-кадр нашага вяселля”. З усіх удзельнікаў толькі адну пару пераможцаў выбраць не ўдалося: вельмі складана было вылучыць лепшыя фотаздымкі, калі літаральна ў кожным з іх бачна духоўная сувязь сплеценых у адзінае лёсаў. У выніку, пераможцамі сталі Мацвей і Вольга ЗАЛЯСОЎСКІЯ, Антон і Марыя БЕЛЬСКІЯ, Дзмітрый і Вольга ЛАПО.

кадр4-1

Гісторыі стварэння ўсіх сем’яў розныя, але аб’ядноўвае іх адно – вялікія пачуцці, што звязалі іх сэрцы. Вольга і Мацвей Залясоўскія, напрыклад, жылі на адной вуліцы. Можна сказаць, былі завочна знаёмыя. Але аднойчы Мацвей паклікаў сваю будучую жонку на прагулку – і з гэтага пачалася іх агульная гісторыя. 3 красавіка бягучага года маладыя падалі заяву ў ЗАГС, і 2 чэрвеня ўступілі ў шлюб.

кадр2

– На маю думку, сямейнае шчасце мае некалькі асноўных складнікаў, – кажа Вольга. – Гэта ўзаемныя павага і разуменне, адчуванне перажыванняў блізкага чалавека. У сям’і немагчыма прыкідвацца лепшым, чым ты ёсць. Падман усё роўна стане вядомы, таму важна быць шчырым з самага пачатку зараджэння пачуццяў. А пераадольваць складанасці нам з Мацвеем заўсёды дапамагае гумар.

Дзмітрый і Вольга Лапо сталі мужам і жонкай 4 жніўня 2018 года. Маладыя не толькі ўрачыста зарэгістравалі нараджэнне сваёй сям’і ў ЗАГСе, але і абвянчаліся ў царкве. І гэты кранальны момант нельга было не захаваць на фота.

кадр1

– Ініцыятарам вянчання выступіла я, а муж пагадзіўся з маёй прапановай, – распавядае Вольга. – Пастаянна наведваю царкву і спяваю ў хоры. Правядзенне абраду для нас – сімвал таго, что наша каханне будзе існаваць вечна, а шлюбы, як вядома, заключаюцца на нябёсах. Але берагчы іх, кахаць і паважаць адзін аднаго мы павінны тут, на зямлі.

Удзел маладых сем’яў у конкурсе “Стоп-кадр нашага вяселля” – толькі адзін з этапаў на шляху агульнага жыццёвага станаўлення кожнай з пар. Маладыя знайшлі падтрымку і душэўную цеплыню, каханне і хатнюю ўтульнасць, якія ўвасобіліся ў блізкім чалавеку. І з гэтай нагоды падзяліліся з намі фотаздымкамі, якія служаць для іх саміх напамінам аб гэтых светлых падзеях.

Антон і Марыя Бельскія, як і папярэднія маладыя, былі прыемна ўзрадаваны, калі даведаліся аб сваёй перамозе ў конкурсе. Падчас урачыстасці ўзнагароджання, якая прайшла ў аддзеле ЗАГСу райвыканкама, яны ад усёй душы выказалі падзяку начальніку яго Наталлі ЛАЗОЎСКАЙ.

кадр3

– Аб’явіць гэты конкурс для нас было амаль прынцыповай справай, – адзначыла Наталля Віктараўна. – Сям’я – найвялікшая каштоўнасць, якую трэба старацца захаваць, нягледзячы на любыя перашкоды і непаразуменні. Ад усяго сэрца віншуем пераможцаў і жадаем ім, каб іх каханне прайшло выпрабаванне часам. Трэба адзначыць, што сёлета ў нас ёсць спонсары аднаго з падарункаў. Магніты-абярэгі былі выраблены ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і асоб пажылога ўзросту РЦСАН і прадастаўлены ў якасці падарункаў для пераможцаў. Дзякуем таксама ўсім, хто даслаў нам свае фота, але не стаў пераможцам конкурсу.

 

 

Алена БЫКАВА.

Фота з уласнага архіва

сямейных пар і прадастаўлена аддзелам ЗАГСу райвыканкама.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *