Яркія падворкі Лямніцы

У кожным населеным пункце раёна сустракаюцца падворкі, якія адрозніваюцца ад іншых. Дзякуючы працавітым гаспадарам, іх творчаму падыходу да ўласнай сядзібы часам бачыш казачныя домікі з рознакаляровымі кветкамі, малымі архітэктурнымі формамі, зробленымі са звычайных, простых матэрыялаў. У такія моманты разумееш, што прыгажосць і ўтульнасць прысядзібнага ўчастка ў руках яго гаспадароў. А іх у вёсцы Лямніца багата.

Нягледзячы на тое, што сама вёска невялікая, паглядзець ёсць што. Упэўнена, што ў выпадку правядзення там конкурсу на лепшы падворак, выбар быў бы складаны, бо добраўпарадкаваную сядзібу з разынкай можна знайсці на кожнай вуліцы.

Здалёку прыкметны дом сям’і КЛУБАЕВЫХ. Перад уваходам размешчаны цікавыя архітэктурныя формы, на сценах хаты – рознакаляровы мастацкі роспіс. А вось саміх гаспадароў дома не было, суседзі падказалі, што яны знаходзяцца ў садзе. Аказалася, што ганак – гэта толькі невялікая частка таго, што зрабілі сваімі рукамі Ягор Міхайлавіч і Зінаіда Сяргееўна.

Безимени-1

Непадалёку ад дома ў іх ёсць свой казачны двор, у якім яны і бавяць час у цёплыя летнія дзянькі.

– Тут спачатку раслі пладовыя дрэвы і кусты, – распавядае гасападар сядзібы. – Пачалі з таго, што ўзвялі альтанку, пазней з’явіліся клумбы, на якіх жонка высадзіла кветкі.

клубаевыбес

Каля альтанкі красуецца летні домік, у якім можна адпачыць у спякоту. Зрабіў дзядуля для ўнукаў і арэлі. Так, паволі, муж і жонка сталі ландшафтнымі дызайнерамі, акультурылі падворак.

клубаевывх

– Збіраемся тут усёй сям’ёй, – адзначае Зінаіда Сяргееўна. – А праца знойдзецца для кожнага.

Насамрэч, яно так і ёсць. Падчас візіту журналіста райгазеты гаспадыня разам з дачкой і ўнукам здымалі ўраджай з дрэў, знайшоў сабе занятак каля іх і Ягор Міхайлавіч.

– Разам працаваць весялей! – сказаў ён.  – А потым можна і адпачыць.

Не адстае ад аднавяскоўцаў і Галіна АЎТУШЭНКА. Нягледзячы на тое, што яна працуе ў сельскім магазіне райста, у яе знаходзіцца час на догляд за кветнікам, у якім, сапраўды, ёсць на што паглядзець.

автушенко

Яркія ружы, шыкоўныя кусты лілей, петуніі і шмат іншых разнавіднасцей кветак красуецца на клумбах Галіны Іванаўны.

– Часу патрэбна, вядома ж, шмат, але вынік радуе настолькі, што хочацца суткі праводзіць у кветніку, – распавядае Галіна Аўтушэнка. – Зялёным сябрам галоўнае – увага. Яны ж таксама жывыя і ўсё адчуваюць.

На прысядзібным участку Галіны Аўтушэнка кожны куток упрыгожаны кветкамі. Не знойдзеш ніводнага кавалачка зямлі, на якім нічога не было б пасаджана.

автушенко1

– Люблю кветкі, – падкрэсліла Галіна Іванаўна. – Часам у пахмурны дзень выйдзеш на вуліцу, і яркія рознакаляровыя “сябры” адразу ж падымаюць настрой.

Парадкам і акуратным падворкам вызначаецца і дом 84-гадовай Фені НІКІЦІНАЙ. Усё сваё жыццё яна пражыла ў Лямніцы.  Трымала вялікую дамашнюю гаспадарку і агарод, і не можа ні хвіліны сядзець без справы. Праўда, цяпер ужо з-за ўзросту хатняй гаспадаркі ў Фені Нікіфараўны няма. Дарэчы, жанчына выхавала пяць сыноў. Усе яны жывуць у Расійскай Федэрацыі, але на малую радзіму ні адзін з іх не забывае. Разам з жонкамі, дзецьмі і ўнукамі яны прыязджаюць  да маці.

феня

А калі ёсць такая падтрымка з боку дзяцей, то ёсць і імкненне ствараць прыгажосць. Плошчу агарода Феня Нікіфараўна не скарачае, бо ведае, што сям’я вялікая. Стараецца насадзіць столькі, каб ураджаю хапіла і дзецям, і ўнукам.

– Прывыкла да працы, – распавядае пенсіянерка. – Зразумела, што столькі спраў, колькі магла перарабіць у маладосці, цяпер ужо не здужаю, але заўсёды імкнуся падтрымліваць чысціню і парадак. Не магу не высадзіць кветкі, калі з году ў год любавалася імі ў сваім двары.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *