Малады вадзіцель ААТ “Бялынічы” Ілья ПРАТАСЕВІЧ перавёз на зернесушыльны комплекс больш за 1400 тон збожжа

Самааддача хлебаробаў, якія не шкадуюць свайго часу і сіл на ўборцы вырашчанага ўраджаю хлеба, захапляе і выклікае глыбокую павагу. Малады вадзіцель ААТ “Бялынічы” Ілья ПРАТАСЕВІЧ перавёз на зернесушыльны комплекс ужо больш за 1400 тон збожжа і атрымаў прафсаюзныя ўзнагароды як першы малады вадзіцель-“тысячнік”.

Безимени-1

– З пачатку ўборачнай не меў мэты стаць “тысячнікам”, – адразу прызнаецца Ілья. – Галоўнае для мяне – ведаць, што якасна выконваю свае працоўныя абавязкі.

З маладым чалавекам карэспандэнт райгазеты сустрэлася ў полі каля вёскі Малы Трылесін. Кузаў яго МАЗа – пад завязку поўны намалочаным аўсом. Наперадзе – шлях да зернесушыльнага комплексу гаспадаркі, што знаходзіцца ў аг. Галоўчын.

Напэўна, адна з галоўных якасцей характару, якая дапамагла Ілью Аляксандравічу дасягнуць значнага поспеху ва ўборачнай кампаніі, – стрыманасць. Па яго словах, калі знаходзішся ў полі большую частку сутак, нельга растрачваць энергію дарма. У стрэсавай сітуацыі, калі такая здараецца, трэба захоўваць спакой і хутка шукаць правільнае выйсце, бо хлебныя нівы доўга не чакаюць. А прыкладам самаадданасці і захаплення сваёй справай для вадзіцеля заўсёды былі яго блізкія.

– Я родам з Магілёва, але маленькім хлопчыкам мяне ўсынавіла сям’я з вёскі Вугольшчына, – распавядае Ілья Пратасевіч. – Гэта самыя родныя і блізкія людзі, якія навучылі мяне ніколі не здавацца. Зараз жыву ў Малым Кудзіне разам з жонкай і двума маленькімі дзеткамі. Але радзімай лічу менавіта Вугольшчыну – да яе моцна прывязана сэрца. На маю думку, не так важна, дзе чалавек нарадзіўся. Больш значна, дзе ён адчувае сябе як дома, знаходзіць душэўную цеплыню, пяшчоту і падтрымку.

Нават інтарэс да тэхнікі малады чалавек пераняў ад старэйшага брата Сяргея МУЗЫКАРЭНКІ, які браў Ілью з сабой, калі працаваў камбайнерам у ААТ “Новая Друць”. Сяргей дзяліўся сваім вопытам і сакрэтамі працы на буйнагабарытнай тэхніцы. Так сёлетні “тысячнік” яшчэ ў юнацкія гады вызначыўся з будучай прафесіяй вадзіцеля і скончыў Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К. П. Арлоўскага.

– Хачу, каб дзеці, калі падрастуць, ганарыліся маімі дасягненнямі і вучыліся адказнасці і шчырасці так, як сам я вучыўся гэтаму ў сваіх бацькоў, – адзначае Ілья Аляксандравіч.

Быць прыкладам для сваёй сям’і – гэта, без сумненняў, самая моцная матывацыя, якая надае сіл дасягаць высокіх вынікаў кожны дзень.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *