Рыгор КУЗНЯЦОЎ працягнуў дынастыю працаўнікоў лясной галіны

КузнецовЗ даўніх пор лес быў для людзей сябрам, памочнікам і кармільцам. Працягнуў дынастыю працаўнікоў лясной галіны і Рыгор КУЗНЯЦОЎ.

Нарадзіўся ён у вёсцы Асавец у 1948 годзе. Пасля заканчэння Бялыніцкай СШ №2 паступіў у Беларускі тэхналагічны інстытут на факультэт лясной гаспадаркі. Дзед, бацька, дзядзькі і трое родных братоў Рыгора Іванавіча, – усе яны звязалі свае жыцці з лесам і не расчараваліся. Зараз і ён, маючы за плячыма 43 гады бесперапыннай працы ў лясной сферы, упэўнены, што таксама не памыліўся з выбарам прафесіі.

Падчас працы ў Асавецкім лясніцтве Рыгор Кузняцоў атрымаў званне ляснічага І класа. Гэты час успамінае з асаблівай цеплынёй. Усе навакольныя лясы ён вывучыў, як свае пяць пальцаў, беспамылкова вызначаў, дзе праводзіць лесаўзнаўленчыя пасадкі, а дзе аптымальна высякаць лес без шкоды прыродзе.

Рабочыя дні ў спецыялістаў лясной гаспадаркі часта бываюць ненарміраваныя, асабліва, калі ўзнікаюць якія-небудзь надзвычайныя сітуацыі. За працяглы перыяд працоўнай дзейнасці, як адзначае Рыгор Іванавіч, здаралася рознае: і бураломы, і пажары, і з браканьерамі даводзілася змагацца. Адзін з выпадкаў асабліва запомніўся яму. Адбылося гэта ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Вясна наступіла рана. Але пасля цёплага сакавіка нечакана пахаладала, і літаральна за першыя суткі красавіка выпала ледзь не па калена снегу. Найбольш пацярпелі ад стыхіі бярозы, у якіх ужо пачалася актыўная фаза руху соку. Той выгляд велізарнай колькасці знявечаных  дрэў надоўга запомніўся ўсім, хто дапамагаў прыбіраць наступствы снегападу.

У 1997 годзе Рыгор Іванавіч узначаліў калектыў ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” і кіраваў ім па канец 2009 года. За гэты час многае змянілася ў лясной сферы. Напрыклад, Бялыніцкі лясгас першы ў Магілёўскай вобласці пабудаваў домік паляўнічага ў Восліўцы, які потым вырас у базу адпачынку “Глушцова такавішча”.

У 2002 годзе Рыгор Кузняцоў стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі райвыканкама “Чалавек года”, а ў 2009 узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі “Ганаровы лесавод”. Пасля выхаду на пенсію яшчэ 5 гадоў працаваў егерам паляўнічай гаспадаркі.

І зараз Рыгор Іванавіч падтрымівае сувязь з роднай арганізацыяй. За званне “Ганаровы лесавод” лясгас даплачвае да пенсіі штомесячную матэрыяльную дапамогу. Запрашаюць і на розныя святы.

Дый дома сумаваць некалі. З жонкай Ларысай Андрэеўнай даглядаюць дамашнюю гаспадарку, сад, агарод. Ёсць час і на хобі – паляванне і рыбалку.

Дарэчы, двое сыноў Рыгора Іванавіча прадоўжылі дынастычную лінію і таксама звязалі сваё жыццё з працай у лясной галіне. На чарзе – унукі. Бо “зялёны сябар” ніколі не здраджвае таму, хто беражліва да яго адносіцца. А гэта якасць характару генетычна закладзена ў сям’і Кузняцовых.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *