Сумесны прыём

У мінулую сераду ў райвыканкаме сумесны прыём грамадзян па іх асабістых пытаннях правялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Дзмітрый ГОБАРАЎ і старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ.

Безимени-1

Аналізуючы пытанні, з якімі звярнуліся на сумесны прыём да дэпутата і кіраўніка раёна некаторыя жыхары Бялыніччыны, тэматычна іх можна аб’яднаць у наступныя чатыры групы: канфліктныя адносіны ў сям’і, паміж суседзямі, членамі кааператыва – вельмі тонкая матэрыя; цяжкая жыццёвая сітуацыя; аплата за спажытую ваду; ахова прыроды.

Канфліктныя сітуацыі нашай першай групы ў ідэале паспяхова вырашаюцца праз узаемнае паразуменне бакоў, магчыма, нейкія ўступкі, крокі насустрач. Дзмітрый Гобараў і Анатоль Шчуплянкоў, дэтальна ўнікаючы ва ўсе крыўды, агучаныя падчас прыёму, справядліва адзначылі, што ў кожнай з гэтых праблем ёсць па два віноўныя бакі, якія, калі жадаюць аднавіць ранейшыя нармальныя зносіны, павінны імкнуцца да пашуку кампрамісу. Калі ж абодва лічаць толькі сябе правымі і не гатовыя саступаць адзін аднаму ні на ёту, то гэта сітуацыя падобная да вогнішча, якое з цягам часу разгараецца, палымнее ўсё больш і больш. Адзін з наведвальнікаў прыёма шчыра прызнаўся, што ходзіць па інстанцыях са сваёй сямейнай і іншымі праблемамі, вывучыўшы папярэдне гараскоп: каб планеты з зоркамі падарылі яму спрыяльны дзень. У другой наведвальніцы – неаднагадовы межавы канфлікт з суседам, які павінен вырашацца ў судовым парадку. Але ў суд яна звяртацца не хоча.

-Вам абодвум трэба думаць, як памірыцца, – параіў жанчыне-пенсіянерцы Дзмітрый Гобараў. – Гэта самы лепшы выхад з той сітуацыі, у якой вы апынуліся з суседам.

Нягледзячы на стосы адказаў з інстанцый, што прынеслі з сабой наведвальнікі прыёма, Анатоль Шчуплянкоў даў канкрэтныя даручэнні кіраўнікам адпаведных служб райвыканкама, каб яны яшчэ раз з прыцягненнем спецыялістаў і выездам на месцы канфліктаў грунтоўна разабраліся па ўсіх праблемах гэтай вельмі тонкай матэрыі і дакладна патлумачылі бакам з пункту гледжання заканадаўства іх далейшыя пакрокавыя дзеянні.
У цяжкай жыццёвай сітуацыі апынуліся Таццяна Шч., беспрацоўная вясковая жанчына перадпенсійнага ўзросту. Шаснаццаць гадоў таму яна набыла дом у адной з вёсак нашага раёна. Грошы за яго пакупку перадала, неаформіўшы пры гэтым неабходныя ў такім выпадку праваўстанаўліваючыя дакументы. Муж памёр, яна жыве з дачкой школьніцай. А праблема ўзнікла з газавай службай, якая не можа заключыць з ёй дагавор на пастаўку газавых балонаў, паколькі Таццяна не з’яўляецца ўласніцай дома. Гатаваць ежу для сябе і дачкі няма як. Сувязь з прадаўцом сядзібы страчана.

…Аддала грошы ў нікуды і праблемы нажыла.
Дзмітрый Гобараў даў жанчыне канкрэтныя парады, як можна ёй вырашыць сітуацыю з прыгатаваннем ежы. Анатоль Шчуплянкоў распарадзіўся, каб адпаведныя службы разабраліся ў сітуацыі і дапамаглі Таццяне са зборам патрэбных дакументаў па ўзаконьванні набыцця ёю дома. Таксама ёй парэкамендавана звярнуцца з заявай аб аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
У вясковай сям’і мнагадзетнай маці Валянціны Г., дзе выхоўваюцца шэсць непаўналетніх дзетак, свая няпростая жыццёвая сітуацыя. Тры гады таму, па словах Валянціны, не па іхняй віне, згарэў дом, набыты па льготным крэдыце, у якім яна жыла з мужам і дзецьмі. Сям’і выдзелілі кватэру з манеўранага фонду, рэгістрацыя ў якім не прадугледжана, але плата меншая як за пражыванне ў камерцыйным жыллі. Цяпер яны хочуць стаць у чаргу на паляпшэнне сваіх жыллёвых умоў, але ўзнікла сур’ёзная праблема з рэгістрацыяй: паколькі згарэлы дом не ліквідаваны, сям’я ў ім і лічыцца зарэгістраванай.

-Трэба дэтальна і аператыўна вывучыць сітуацыю, у якой апынулася шматдзетная сям’я,– адзначае старшыня райвыканкама, – вызначыцца, што неабходна зрабіць. Гэты зварот узяць на асаблівы кантроль.
Такую прапанову падтрымаў і Дзмітрый Гобараў.

Для вырашэння праблемы дадзены неабходныя распараджэнні і даручэнні.

Зінаіда К. не згодная з тым, што за месяц з водаразборнай калонкі, што каля яе дома, яна спажыла 6 кубаметраў вады.

-Адна жыву, гаспадаркі не трымаю, агарод – тры соткі. На што патраціла ажно 6 кубоў? Дый дажды якія ішлі! – кажа жанчына. – У маім двары ёсць калодзеж, таму калонкай карыстаюся рэдка.

Дырэктар жылкамгаса Віктар Івулёў патлумачыў, што падыход па аплаце за спажытую ваду адзіны, у аснову якога пакладзены нарматывы, нормы расходу вады, у тым ліку і на паліў прысядзібных участкаў, садовых пасадак, травянога покрыву і гэтак далей.

Пры гэтым, для дакладнасці карыстаемся даведкамі гідраметэаслужбы,– тлумачыць Віктар Міхайлавіч, – якія пацвярджаюць: былі дажджы ці свяціла сонца. Гідрамет засведчыў, што ў той месяц былі два тыдні паліву. А ў паважанай наведвальніцы паліў складае 2 соткі агарода і 6 метраў квадратных цяпліцы. Уводзіцца і паніжэнне расцэнкі з-за якасці вады. З улікам усяго гэтага за 6 кубаметраў вады вам неабходна заплаціць 4,95 руб.
Віктар Івулёў дадаў, што на артэзіянскіх свідравінах устаноўлены лічыльнікі, якія паказваюць, колькі вады зрасходавана за месяц, і парэкамендаваў жанчыне ўстанавіць лічыльнік вады ў сваім доме.
-Для нас важна знайсці ваду, – сказаў ён. – А для вас – плаціць за канкрэтна спажыты яе аб’ём.
Прагучала думка, што вадой з калонкі нібыта карыстаюцца і тыя, хто паставіў у сваіх дамах водалічыльнікі, і дачнікі, якія не заключылі адпаведныя дагаворы з жылкамгасам: паліваюць агароды, лазні топяць… На гэта паследавала распараджэнне старшыні райвыканкама правесці маніторынг карыстання водаразборнай калонкай, заключэння дагавораў водаспажывання.

Анатоль Шчуплянкоў папрасіў дырэктара жылкамгаса назваць канкрэтныя шляхі вырашэння дадзенай праблемы. Віктар Івулёў сказаў, што самы надзейны і верны шлях – устаноўка лічыльніка ў доме:
-Нашы спецыялісты выедуць на месца, зробяць неабходныя разлікі. Таксама паглядзяць, што можна зрабіць і па абмежаванні доступа да гэтай водаразборнай калонкі.

Растэрміноўку па аплаце работ за ўвод і ўстаноўку лічыльніка прадастаўляем да 24 месяцаў. Выбар за вамі.
-Нават дзеля пазбягання розных непаразуменняў па аплаце водаспажывання ўстаноўка лічыльніка з’яўляецца адзіна правільным шляхам, – дадаў Дзмітрый Гобараў.

Па праблеме экалагічнай сітуацыі на рацэ Друць, якую дзесяць гадоў ускладняе дзейнасць Цяцерынскай ГЭС, звярнуўся на прыём бялынічанін Генадзь Юхневіч. Спачатку ён прапанаваў гідраэлектрастанцыю закансерваваць, але ў ходзе дыялогу са старшынёй райвыканкама і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў пагадзіўся, што трэба шукаць іншае рашэнне.

аГОБ 006

Дзмітрый Гобараў нагадаў, што ў Віцебскай вобласці будуюцца дзве гідраэлектрастанцыі, бо гэта крыніцы ўзнаўляльнай электраэнергіі. А зараз рэкі мялеюць і ў натуральных умовах. Таму пытанне палягае ў рэгуляванні рэжыму працы ГЭС, у тым ліку і ў нераставы перыяд.

-Праблема ёсць, і яна хвалюе людзей, – адзначыў Анатоль Шчуплянкоў. – Пытанне няпростае, але яго трэба вырашаць. Будзем звяртацца ва ўсе адпаведныя інстанцыі, каб канкрэтна разабрацца і вызначыць шляхі вырашэння дадзенай праблемы.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *