Любіць матэматыку і марыць стаць фатографам

У Валерыі ЦВЫР, як і ў большасці яе аднагодкаў, многа любімых заняткаў і захапленняў. Менавіта ў такім узросце дзецям хочацца паспрабаваць свае сілы, праявіць здольнасці, каб выразна зразумець, дзе яны будуць мець поспех і які з заняткаў ім падабаецца больш за ўсё.

цвыр

За свае шэсць гадоў Лера паспрабавала сябе ў розных відах творчай дзейнасці. Дзяўчынка малявала, ляпіла, складвала пазлы, наведвала музычны гурток, але яе выбар спыніўся на танцах. З пяці гадоў яна наведвае харэаграфічны калектыў РЦК “Звёздочка”.

лера4

– Мне падабаецца танцаваць, выступаць на вялікай сцэне, калі ў зале шмат гледачоў, – адзначае Лера. – Яны апладзіруюць, таму што ім падабаецца, як мы выступаем. З кіраўніком Ірынай Іванаўнай КАЗІМІРСКАЙ вывучылі многа новых нумароў. Некалькі разоў удзельнічалі ў конкурсах. Адзін з іх аказаўся для нас пераможным. На конкурсе ў Мінску мы занялі другое месца.

Але гэта не адзінае захапленне, якое выдзеліла для сябе Валерыя. Дзяўчынцы падабаецца фатаграфаваць.

роща

– Калі вырасту, хачу стаць фатографам або журналістам, – падзялілася яна марай. – Мяне вельмі прыцягваюць гэтыя прафесіі, і я часта гляджу навіны па тэлевізары, разглядаю фотаздымкі ў газеце.

Валерыя навучылася фатаграфаваць прыроду, бацькоў і сяброў. Праўда, пакуль толькі на тэлефон, але, калі падрасце, маці з бацькам абавязкова здзейсняць мару дачкі і падораць ёй прафесійны фотаапарат.

З гэтым падарункам Лера хоча з’ездзіць да сваякоў у Санкт-Пецярбург, каб сфатаграфаваць усе славутасці горада. А там, як вядома, іх дастаткова.

У верасні дзяўчынка пойдзе ў першы клас. Да гэтага часу яна навучылася нескладаным матэматычным дзеянням, пісьму і чытанню. Ахвотна вывучае англійскую мову. Цікавасць да вывучэння ўсяго новага прывівае Леры Юлія Мікалаеўна – маці і выхавальніца ў адной асобе.

– Атрымалася, што я набірала групу, калі прывяла дачку першы раз у дзіцячы садзік, – расказвае Юлія Цвыр. – Так Лера стала яшчэ і маёй выхаванкай. Хачу сказаць, што прывілей у яе ніякіх не было. Выразна паставілі грань паміж домам і садзікам. У першым выпадку я – маці, у другім – Юлія Мікалаеўна.

Варта адзначыць, што і Лера гэта разумее: у садку слухае Юлію Мікалаеўну як выхавальніцу, з задавальненнем пазнае новы матэрыял на занятках, нягледзячы на тое, што дома ў выхадныя дні і вольны час з мамай зноў займаецца.

лера

– Дома часцей за ўсё замацоўваем атрыманыя на занятках веды, – гаворыць Юлія Цвыр. – У садку дзетак многа, трэба паспець надаць час кожнаму, а ўжо дома з Лерай займаемся індывідуальна, паўтараем новы матэрыял. Па тым, як яна яго засвоіла, аналізую даступнасць майго выкладання.

Больш за ўсё дачцэ падабаецца матэматыка.

– На астатніх занятках мне цікава, але вось рашаць прыклады і задачы ў адно дзеянне – гэта маё, – прызнаецца дзяўчынка.

Лера цэлы год наведвала суботнюю школу на базе СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага.

– Гэта дало магчымасць не толькі пабываць на ўроках у школьных кабінетах, адчуць сябе вучаніцай, але і пагутарыць, магчыма, з будучымі аднакласнікамі. Карысны вопыт, – адзначыла Юлія Цвыр.

Пагутарыўшы з Лерай, разумееш, што яна добры, камунікабельны і прыязны чалавечык. У яе шмат сяброў, з якімі яна праводзіць вольны час.

– Часцей за ўсё складаем разам з сябрамі пазлы, гуляем у шахматы, – распавядае дзяўчынка.

Дый, па словах маці, у аднагрупнікаў Валерыя ў аўтарытэце. Умее з лёгкасцю сабраць вакол сябе рабят, каб заняць іх якой-небудзь справай. Таму і ў школе яна абавязкова будзе ў цэнтры ўвагі.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара

і з асабістага архіва сям’і Цвыр.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *