Малой радзiме

Малой радзiме

Там сны мае жывуць

сваiм жыццём,

Ды суцяшаюць сэрца

ўспамiны,

Яднаюць рэчаiснасць

з небыццём

I навяшчаюць продкаў

дамавiны.

 

Там засталіся дні

маёй вясны,

Маленства басаногае

на волі,

І незабыўны водар

верасны,

І песня маці аб сірочай долі.

 

Імхі балот ды зграі груганоў

Мілей асфальту й спеваў

салаўіных,

У сне душа ляціць сабе

дамоў

Шчаслівай птушкай

у лясных вяршынях.

 

Ды не знаходзіць там яна

гнязда –

Няма ўжо вёскі… У сонным

запусценні,

Дзе былі хаты, смецце ды

журба,

Гнілою цвіллю парасло

бярвенне.

 

Ляжаць будынкі, нібы той

мярцвяк,

Пустыя ў неба шчэраць

аканіцы.

Амаль на кожным

праваліўся дах,

А на падворках –

горкія суніцы.

 

Дзе рукі добрых,  дбайных

гаспадынь

Гадамі песцілі ўдзячную

зямельку –

Хмызняк парос,

чартапалох-палын,

Вужак хавае брыдкую

сямейку.

 

Там сіратліва хворы

дамавік

Пад спарахнелым ганкам

енчыць,

Самотным ранкам

жураўліны крык

Душой знявечанай

прад Богам кленчыць.

 

Не ажывіць абшар

дзіцячы смех

І не пакліча ў хату

родны голас,

Не зазвіняць увесну

кроплі стрэх

І не аздобіць больш

палеткаў колас.

 

Выходзяць здані

з сівых курганоў

З вячэрнім змрокам,

ды ў дзень асіны

Ляпечаць мне

з сакральных моў

Вякамі пазабытыя быліны.

 

То годзе час дарэмна

марнаваць,

Памянем справай

родныя мясціны,

Бо хутка давядзецца й

нам сканаць–

Зямля праглыне й нашы

дамавіны.

Генадзь ЛАПО

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *