Сёлета спаўняецца 100 год падраздзяленням крымінальнага вышуку МУС Беларусі

Сёлета спаўняецца 100 год падраздзяленням крымінальнага вышуку МУС Беларусі.

Болдыш

Што датычыцца Прыдруцкага краю, то першыя сціплыя звесткі пра оперупаўнаважаных крымінальнага вышуку адносяцца да 1941 года.

Паводле даных 1956 года, у штаце КВ працавалі два чалавекі: старшы оперупаўнаважаны і оперупаўнаважаны.

З 1983 года групай крымінальнага вышуку РАУС кіраваў Макс КРОЛ. У 1989 годзе пры райаддзеле міліцыі створана АКВ крымінальнай міліцыі. Яго ўзначаліў Анатоль БАЛДЫШЭЎСКІ. У свой час АКВ РАУС узначальвалі Віктар ЛАПО, Арамаіс САРКІСЯН, Мікалай КАВАЛЁЎ, Павел БАРАНОЎСКІ…

З 2015 года аддзяленнем крымінальнага вышуку кіруе Аляксандр БАЛДЫШЭЎСКІ, які прадоўжыў сямейную дынастыю і пайшоў па бацькавых слядах: спачатку працаваў оперупаўнаважаным АКВ, а затым і ўзначаліў яго.

– Усё проста: перад вачамі быў бацькаў прыклад, – усміхаецца Аляксандр Анатольевіч. – Канечне, не назаву сваю службу лёгкай. У пошуках злачынцаў па гарачых слядах даводзіцца быць вельмі мабільным, часта затрымлівацца на службе. На сям’ю застаецца не столькі часу, колькі хацелася б, але жонка і маленькі сын усё разумеюць, і менавіта яны падтрымліваюць, забяспечваюць моцны тыл.

Па словах Аляксандра Балдышэўскага, ад бацькі ён атрымаў “уводзіны” ў будучую прафесію і зараз у любы час звяртаецца за парадай, хоць Анатоль Іванавіч даўно знаходзіцца ў адстаўцы.

– Ганаруся тым, што сын працягвае маю справу, – адзначае Анатоль Балдышэўскі. – Тым больш, ён цікавіўся прафесіяй праваахоўніка з юнацтва, выязджалі разам на заданні, многаму навучыўся дапамагаючы мне. Гэта, спадзяюся, дапамагае сыну ў прафесіі. Калі я прыйшоў на службу ў РАУС, у мяне было шмат настаўнікаў сярод старэйшых калег. Але асабліва адзначу Макса Крола. Ён многаму навучыў і як кіраўнік, і як сябар. За доўгі час службы давялося раскрыць нямала злачынстваў, асабліва крадзяжоў. Запомніўся выпадак, калі расследавалі справу аб крадзяжы радыёапаратуры ва ўнівермагу. На месцы злачынства наўмыснік пакінуў электрадрыль, якая ў выніку аказалася крадзенай. Менавіта яна “падказала”, дзе шукаць злодзея. Так, літаральна за некалькі дзён былі раскрыты ажно тры злачынствы.

Зараз займаюся куды больш мірнай справай, працую галоўным інжынерам ДЛГУ “Цяцерынскае”, але не забываю райаддзел міліцыі, тым больш як ветэрана службы запрашаюць на розныя святы.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *