Філасофія жыцця ў стваральнай працы

Іншы раз падчас прагулак па родным аграгарадку Вішоў заўважаю прыгожыя, дагледжаныя дамы. Вядома, у іх жывуць людзі, якія клапоцяцца пра свой кавалачак зямлі, укладваюць сілы і старанні не толькі для вачэй такіх выпадковых мінакоў, як я, але і для сябе. Бо не могуць жыць у беспарадку і разладзе. Дзесьці на генетычным узроўні закладзены ў іх правільныя адносіны і любоў да зямлі, а яшчэ асаблівая гаспадарлівасць, беражлівасць да ўсяго, з чым нам адпушчана пражыць на гэтым свеце.

Безимени-1

З такім гаспадаром-рупліўцам нядаўна пазнаёміліся і разгаварыліся.

Валерый ЦАЛУЙКА родам з Брагінскага раёна. Лёс прывёў яго ў Магілёў, дзе шмат гадоў працаваў майстрам у ПТВ № 33, а пасля намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні ў ліцэі № 7 хімікаў.

У Вішове жыла цётка, Марыя НОВІКАВА, якая рабіла настаўніцай у Нежкаўскай школе. Яна часта запрашала пляменніка да сябе ў госці, і таму прыгожыя мясціны ва ўлонні рачулкі Вабіч прыйшліся Валерыю Іванавічу па сэрцы. А потым ён пабудаваў дом побач з цётчыным і перавёз туды састарэлых бацькоў. Ім таксама спадабалася гэта прыгожае месца.

Шмат сіл і старанняў Валерый Іванавіч з жонкай Галінай Пракопаўнай уклалі ў тое, каб добраўпарадкаваць сваю сядзібу, зрабіць яе не проста лецішчам ці месцам для часовага адпачынку, а родным домам. І сапраўды, паўсюль, куды не кінеш вокам, бачна рука гаспадара. Прыгожы дом, сад, кветнікі, акуратныя пчаліныя домікі сярод яблынь і груш…

– Выходзіць, я зрабіў усё, што патрабуецца ад мужчыны: пабудаваў дом, пасадзіў сад і выгадаваў дзяцей, – жартуе Валерый Іванавіч. – А пчолы – гэта хобі, якім займаюся больш за дваццаць пяць гадоў. З блізкай радні пчалярствам не цікавіўся ніхто. Ідэю завесці пчол падкінула жонка. Я вывучыў шмат літаратуры пра гэтых насякомых, сам пабудаваў для іх домікі, нешта пазнаваў на ўласным вопыце, але і дагэтуль раюся з вопытнымі пчалаводамі. Хоць клопатаў з гэтымі насякомымі і нямала, але яны прыносяць мне сапраўднае задавальненне.

Акрамя заняткаў пчалярствам, Валерый Цалуйка вырошчвае шмат гародніны, вінаград, розную садавіну і ягады. Дзеці і ўнукі яго пастаянна жывуць за межамі нашай краіны: сын – у Маскве, дачка – у Іспаніі. Але не забываюць, наведваюць бацьку і з задавальненнем частуюцца беларускімі прысмакамі.

– Ніводнай хвіліны не магу сядзець без справы, – усміхаецца Валерый Іванавіч. – Гэтую няўрымслівасць пераняў ад сваіх бацькоў, перадаў дзецям і сваім вучням. Лічу, што вяршыні жыцця лягчэй пакараць працавітым.

Вось такая простая жыццёвая філасофія.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *