Час рыхтаваць печы да зімы

 

Шмат насельніцтва раёна пражывае ў прыватных дамах і карыстаецца печамі. Няправільная іх эксплуатацыя – адна з самых распаўсюджаных прычын пажараў не толькі ўзімку, але і летам. Ад няспраўных печаў загараецца жыллё, падсобныя памяшканні і гаспадарчыя пабудовы, лазні, хлявы, цяпліцы…

Каб не дапусціць пажару і не страціць маёмасць, спецыялісты рэкамендуюць рыхтаваць печы да ацяпляльнага сезону загадзя. За летні перыяд і ў пачатку восені можна паспець прывесці іх у поўны парадак.

Уважліва аглядзьце комін і саму печ. Калі маюцца дробныя расколіны, іх трэба замазаць глінай, калі шчыліны вялікія – неабходна рабіць рамонт. Для яго правядзення лепш запрасіць прафесійнага пячніка.

Комін варта пабяліць. Тады лягчэй будзе заўважыць расколіны. Для ўцяплення гарышча, асабліва каля коміна, неабходна выкарыстоўваць толькі негаручыя матэрыялы. Часта жылыя дамы ўцеплены пілавіннем. Яго трэба прыбраць ад коміна на адлегласць 1 метра і засыпаць пяском, керамзітам ці іншымі негаручымі матэрыяламі.

Коміны трэба своечасова ачышчаць ад сажы. Сажа – гэта не попел, а недагарэлае паліва, якое здольна нечакана загарэцца і нават разваліць старую печ. Праводзіцца ачыстка коміна не радзей за адзін раз у 2 месяцы ў ацяпляльны перыяд.

Не забывайце, што не трэба тапіць печ палівам, не прызначаным для яе: дымавыя хады могуць не вытрымаць тэмпературы і разваліцца.

Ні ў якім разе нельга эксплуатаваць печы, якія маюць расколіны, няспраўныя запорныя прылады ў дзверцах і г. д. Лепш выканаць рамонт, чым потым застацца без даху над галавой. Загадзя нагадваем: пакуль яшчэ ёсць час, прывядзіце печы ў бяспечны стан.

Звяртаем увагу грамадзян, у каго дома ўстаноўлены АПІ. Прылада падае магутны гукавы сігнал у тым выпадку, калі яна спраўная. Калі ў АПІ даўно не мяняліся элементы сілкавання, іх трэба набыць і ўстанавіць. Памятайце: спраўны АПІ здольны разбудзіць заснулага і нават нецвярозага чалавека. Толькі гэты прыбор можа выявіць пажар пры з’яўленні дыму і тым самым захаваць ваша жыццё і маёмасць.

   Кацярына ЛЮБІВАЯ,

   інспектар ГПіУГ РАНС.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *