Сужыцельку вырашыў… спаліць
У стане алкагольнага ап’янення чалавек можа нарабіць столькі “спраў”, што наступствы ад іх могуць адгуквацца не адзін год, а то і ўсё жыццё.
Ці думаў аб гэтым жыхар вёскі Рудня Валерый Г., калі рабіў злачынныя дзеянні над сваёй сужыцелькай Наталляй С.? Пэўна, не.
А пачалося ўсё з сумеснага распіцця спіртнога, калі ў госці да сямейнай пары завітаў аднавясковец з бутэлькай. Застолле зацягнулася да позняга вечара, у чаркі ракой палілося віно.
Дзесьці а 10-й гадзіне вечара мірныя пасядзелкі паступова пачалі перарастаць у сварку.
– Я цябе зараз спалю! – пачаў пагражаць Валерый сваёй “палавіне”. У п’яным запале ён выцягнуў з-пад ложка бензапілу і стаў абліваць жанчыну бензінам. А затым пачаў падпальваць запалкі і кідаць імі ў яе. Адзенне на Наталлі імгненна ўспыхнула. Кат перапалохаўся і кінуўся дапамагаць яго тушыць.
Як потым тлумачыў праваахоўнікам, намеру прычыніць сужыцельцы шкоду ў яго не было, проста хацеў прыстрашыць.
Жанчына пераадзелася, але раптам адчула сябе дрэнна. Таму вырашыла звярнуцца да суседа, каб той выклікаў “хуткую”.
Калі Наталля выйшла з дому, Валерый хуценька спаліў яе адзенне.
Медыкі ЦРБ выявілі ў жанчыны 30% апёкаў цела, траўмы дыхальнай сістэмы, выкліканыя ўздзеяннем агню. Калі пацярпелай аказвалі медыцынскую дапамогу, у дзверы да яе гора-сужыцеля ўжо грукаліся праваахоўнікі.
Валерый адразу прызнаў сваю віну. Раённы суд улічыў усе абставіны справы і тое, што злачынныя дзеянні былі зроблены ў стане алкагольнага ап’янення, і прызначыў сямейнаму тырану пакаранне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўлення волі.
Таццяна КОЗЫРАВА,
старшы следчы РАСК.