Свята Дзень ведаў, якое адзначаецца 1 верасня, адкрывае новы навучальны год

Свята Дзень ведаў, якое адзначаецца 1 верасня, адкрывае новы навучальны год.

1вер 074

У суботу ў Бялынічах і сельскіх населеных пунктах, дзе маюцца ўстановы адукацыі, панавала асабліва ўрачыстая атмасфера. Прыгожа апранутыя, з вялікімі букетамі яркіх кветак у руках ішлі ў школы шчаслівыя вучні, радасныя іх бацькі, сваякі і знаёмыя. Адкрылі Дзень ведаў і далі старт чарговаму навучальнаму году ўрачыстыя лінейкі, удзел у якіх па добрай традыцыі прынялі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, шэфскіх арганізацый, дэпутаты, знакамітыя выпускнікі. А першы ўрок новага навучальнага года ў школах усёй Беларусі быў прысвечаны Году малой радзімы і прайшоў на тэму “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…”.

1вер 009

На ўрачыстую лінейку, што прайшла ў СШ № 2 г. Бялынічы, завітаў старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ. Ганаровымі гасцямі настаўнікаў і вучняў школы на першавераснёўскай урачыстасці былі таксама начальнікі фінансавага аддзела райвыканкама Сяргей ІЛЬЧУК, аддзела па адукацыі – Жанна ЗВЯГІНА, настаяцель царквы ў гонар іконы Маці Божай Бялыніцкай – протаіерэй а. СЕРГІЙ.

Пасля ўрачыстага выхаду першакласнікаў і адзінаццацікласнікаў дырэктар СШ № 2 Уладзімір КОТАЎ звярнуўся да прысутных з прывітальным словам. Ён адзначыў, што ў сённяшні імклівы час, у эпоху бурнага развіцця ІТ-тэхналогій, веды становяцца найважнейшым багаццем. І гэта той падмурак, абапіраючыся на які, чалавек не толькі знаходзіць сваё месца ў сучасным свеце, але і прыносіць карысць сабе, сваёй сям’і, Бацькаўшчыне. Кіраўнік навучальнай установы адзначыў, што ў мінулым навучальным годзе трое вучняў СШ № 2 сталі пераможцамі абласнога этапу алімпіяды па беларускай мове, а Дар’я МІЦЬКОВА – па рускай мове на рэспубліканскім этапе.

Уладзімір Котаў пад гучныя апладысменты прысутных на лінейцы ўручыў падзякі прадстаўнікам класных бацькоўскіх камітэтаў 2 “в” і 4 “б” класаў, індывідуальнаму прадпрымальніку Генадзю ПЕТРУСЕНКУ за аказаную імі значную дапамогу па падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года.

Старшыня райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў сардэчна павіншаваў вучняў і настаўнікаў школы, усіх прысутных на лінейцы з Днём ведаў, Днём беларускага пісьменства. У сваёй прамове ён адвёў значную ўвагу ролі ўстановы адукацыі, настаўніка ў справе выхавання падрастаючага пакалення. Руплівыя сейбіты разумнага, добрага, вечнага, педагогі з’яўляюцца не толькі праваднікамі ведаў, але і выхавальнікамі будучыні, яркімі прадстаўнікамі інтэлігенцыі Бялыніччыны.

Анатоль Леанідавіч адзначыў паказальны ўзровень падрыхтаванасці СШ № 2 да новага навучальнага года, хоць тут яшчэ ёсць над чым працаваць.

– Сфера адукацыі раёна, – сказаў старшыня райвыканкама, – мае багатыя набыткі. Напрыклад, па выніках мінулага тэсціравання выпускнікі школ нашага раёна ўвайшлі ў тройку мацнейшых па Магілёўскай вобласці. Нашы вучні на самых перадавых пазіцыях і ў алімпіядным руху. Але дасягнутыя поспехі не павінны самазаспакойваць педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, бо ганаровае званне “настаўнік” патрабуе штодзённага пацвярджэння і апраўдання.

Анатоль Шчуплянкоў, уручаючы школе сертыфікат на інтэрактыўную дошку, заўважыў, што яна дапаможа зрабіць урокі не толькі сучаснымі, але і больш цікавымі, пазнавальнымі.

З цёплымі словамі наказаў вучням і педагогам школы на выдатныя вынікі ў чарговым навучальным годзе звяруліся начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Жанна Звягіна, класны кіраўнік 1”а” класа Інэса ВІЛІГУРАВА, а святар Сергій словам Божым блаславіў іх.

На ўрачыстай лінейцы тром вучням школы старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі райаддзела міліцыі Вольга ШАЎЧОНАК уручыла пашпарты – самы галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Свае падарункі з нагоды Дня ведаў і пачатку новага навучальнага года вучням СШ № 2 уручылі прадстаўнікі “Белдзяржстраху”, РАНС…

Старшыня райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў разам з бацькамі вучняў папрысутнічаў і на першым уроку новага навучальнага года ў 4 “б” класе. Нагадаем, што ён прайшоў на тэму “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…”.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *