Эстафета перададзена Слоніму

Юбілейны, XXV Дзень беларускага пісьменства 2 верасня ўрачыста прайшоў у Іванаве, перадае карэспандэнт БелТА.

Безимени-1

Афіцыйная цырымонія адбылася на галоўнай сцэне ў гарадскім парку райцэнтра. Старт мерапрыемству даў сімвалічны перазвон і паляцеўшыя ў неба белыя галубы.

Віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям урачыстасцей Дня беларускага пісьменства зачытаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. “Святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнічаў асвеце і ўзняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова. Продкі пакінулі нам неацэнны скарб – родную мову, выдатнымі ўзорамі якой з’яўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа”,–гаворыцца ў віншаванні кіраўніка дзяржавы.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс сказаў, што Брэсцкая вобласць ужо другі раз прымае Дзень беларускага пісьменства. “Я ўдзячны жыхарам Іванава, якія адгукнуліся і актыўна рыхтаваліся да свята. Прыкладам таго з’яўляецца і гэты парк, які змяніўся літаральна за некалькі месяцаў і стаў цудоўным месцам адпачынку для жыхароў і гасцей горада. Тут, на Палессі, жывуць вельмі таленавітыя, працавітыя людзі. На гэтай зямлі нарадзіліся і тварылі многія вядомыя дзеячы культуры, мастацтва – у нас вельмі добрая гістарычная спадчына”, – адзначыў губернатар.

Шмат гадоў нязменнай часткай Дня беларускага пісьменства з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя “Дарога да святыняў”, якая праводзіцца па благаславенні Беларускай праваслаўнай царквы. 1 верасня яе ўдзельнікі прыбылі ў Іванава з Жыватворным агнём ад Труны Гасподняй. Па традыцыі яны высадзілі Сад Малітвы на тэрыторыі беларускамоўнай СШ № 4 райцэнтра. Прывітальны адрас ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі агучыў епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін. “Дзень беларускага пісьменства – важнае свята ў жыцці нашага грамадства, – падкрэсліў у сваім пасланні прадстаяцель БПЦ. – Гэта свята звяртае нашу ўвагу на гістарычныя карані беларускага народа і на тую бясцэнную духоўную спадчыну, якую кожны патрыёт Беларусі павінен старанна захоўваць і па мажлівасці прымнажаць”.

Афіцыйную цырымонію прадоўжыла мастацка-тэатралізаваная пастаноўка “Малой радзіме пакланюся”, галоўнымі дзеючымі асобамі якой сталі Яго Вялікасць Час і тры сястры – Мінуўшчына, Сучаснасць і Будучыня.

Святкаванне Дня беларускага пісьменства праходзіла ў Іванаве на многіх пляцоўках. Увечары 2 верасня ў 20.00 адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты гораду Слоніму. Завяршыў свята канцэрт майстроў мастацтваў і зорак беларускай эстрады “Льецца песня над Палессем”.

Фота з сайта: www.janow.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *