Вуліца майго дзяцінства

Бадай, у кожнага чалавека дзяцінства з’яўляецца залатым перыядам яго жыцця. Жывыя бацькі, сваякі, неба над галавой блакітнае-блакітнае, трава – такая зялёная, а дрэвы – вялікія. Тады і само жыццё здавалася вечным і бязвоблачным.

Маё дзяцінства прайшло ў 1960-я гады ў Бялынічах. Наша сям’я жыла на вуліцы Нова-Калгасная. Цяпер гэта вуліца носіць прозвішча юнага героя-партызана Леаніда Лорчанкі.

Мае бацькі трымалі падсобную гаспадарку – карову, свіней, курэй, качак…  Так што з малых гадоў мне давялося дапамагаць ім карміць і даглядаць усю гэту жыўнасць. Але было і дастаткова вольнага часу, які аддаваўся гульням з сябрамі, розным дзіцячым забавам.

Помню нашу вуліцу тых гадоў без асфальту, перапоўненай лужамі і калдобінамі. Каля суседскай сядзібы КАЛАСОЎСКІХ стаяла такая лужына, што бацькам даводзілася абуваць гумавыя боты, каб перанесці праз яе мяне і сястру, калі мы выпраўляліся ў школу і вярталіся з заняткаў дамоў. На вуліцы расло многа старых дрэў – бяроз, клёнаў, ліп… Ад дома СІНКЕВІЧАЎ да вуліцы Калініна і далей (амаль да трасы Магілёў- Мінск) цягнулася двухмятровая драўляная агароджа, якая апаясвала вытворчы двор тадышняга саўгаса “Бялынічы”. Там размяшчаліся кантора, мехдвор, майстэрні, вадакачка, канюшні і кароўнікі. На гары каля Паповага рову была заправачная станцыя.

Па вечарах праз вакно канюшні я з сябрамі залазілі ўнутр памяшкання і садзіліся на коней. Нам так хацелася праехаць верхам!

Прысядзібныя ўчасткі жыхароў вуліцы выходзілі на поле, якое называлася Шахалеўкамі. Гэта былі два вялікія ўзгоркі, унізе паміж якімі звівалася дарога да шашы. Пазней нашы ўчасткі абрэзалі і пабудавалі вуліцу Хігрына.

На месцы цяперашняга жылога мікрараёна Будаўнікоў былі пясчаныя кар’еры, у якіх мы любілі гуляць кампаніяй, скакалі з вышыні, уяўляючы сябе дэсантнікамі. Там жа плавілі старыя акумулятары, выплаўляючы з атрыманага свінцу розныя фігуркі.

На гары стаялі пяць велізарнейшых валуноў – гэта былі нашы коні.

Узімку з сябрамі вельмі любіў хадзіць на вадаём, які называўся Глінішча. Цяпер там дзіцячая пляцоўка, каля магазіна “Востраў чысціні”. У гады майго дзяцінства тут збіралася вельмі многа моладзі, дзетвары. Гулялі ў хакей, каталіся на каньках.

На вуліцы Нова-Калгасная побач з намі жыла сям’я сапожніка Мікалая Каласоўскага – інваліда Вялікай Айчыннай вайны, абаронцы Ленінграда. Ён часта расказваў мне аб жахах блакады. Насупраць нашага двара стаяў дом сям’і Уладзіміра і Веры Сінкевічаў, з якімі жыла Верына маці бабуля Арынка. Гэта былі сапраўдныя працаўнікі. Побач з імі, каля старых клёнаў, размяшчаўся двор інваліда Вялікай Айчыннай вайны, бязногага дзеда Нічыпара МАРАЗЕВІЧА. Дагэтуль помню, як ён курыў атрутна-едкі самасад і расказваў аб цяжкасцях ваеннага жыцця.

З другога боку двара маіх бацькоў стаяў дом, дзе жылі мой дзядзька Міхаіл і яго цётка Дар’я ВЕРХАЎЦОВЫ. Міхаіл Якубавіч быў вельмі добрым чалавекам і таленавітым садаводам-аматарам. У нашым садзе расло многа падораных ім яблынь і груш.

Таксама на нашай вуліцы жыла сям’я АДАМОВІЧАЎ, Антона і Ніны. Яны першымі набылі тэлевізар, і ўсе жыхары Нова-Калгаснай хадзілі да іх глядзець тэлеперадачы, ператварыўшы дом у сапраўдны клуб. А колькі вулічнай гразюкі прыносілі на сваіх нагах! Але Адамовічы ніколі не папракнулі нас за гэта, нават голасу не павысілі. І гэта сведчыць пра многае.

Бацька часта браў мяне з сабой на паляванне. Да сённяшняга дня помню, як з гордасцю нёс даверанае мне паляўнічае ружжо. Праўда, мы таксама часта вярталіся дамоў без здабычы. Затое я быў задаволены, што пастраляў па пустых бляшанках, наслухаўся татавых аповядаў пра жыццё, сіроцкую долю, бо ў чатырохгадовым узросце ён застаўся без бацькі. Той памёр ад сардэчнага прыступу, калі ў нядаўна арганізаваны калгас забралі яго каня.

Помніцца бацькаў аповяд і пра тое, як у час Вялікай                Айчыннай вайны ён з маці патрапіў на нямецкую засаду. Яны пайшлі ў лес па ягады. І раптам да іх кінуліся двое фашыстаў. Малодшы, руды, біў іх нагамі і крычаў: “Партызан!” Другі, старэйшы, супакойваў малодшага і штосьці даводзіў яму па-нямецку. Маці апусцілася на калені і са слязамі на вачах стала прасіць фашыстаў, каб не забівалі іх, адпусцілі дамоў. І яны, на шчасце, не кранулі іх. Паказаўшы аўтаматам, куды ісці, адпусцілі.

Так праходзіла маё дзяцінства. І цяпер, прыгадваючы яго, хочацца калі-нікалі басанож прайсціся па вуліцы Нова-Калгасная з яе старымі клёнамі, бярозамі і ліпамі, пачуць галасы сяброў… На жаль, усё гэта засталося толькі ў маёй памяці.

         Аляксандр БЕЛЬСКІ,

            жыхар г. Бялынічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *