Адукацыя на павышаным узроўні

лаптеваСённяшні імклівы час прадугледжвае хуткую рэакцыю на ўсе змены, якія адбываюцца ў грамадстве. Асабліва гэта датычыцца сферы адукацыі. Дзе, як не ў школе, вучні могуць атрымаць неабходныя веды для паспяховага старту ў самастойнае жыццё. Прычым такія, якія будуць адпавядаць самым сучасным патрабаванням.

Аб навацыях у адукацыйным працэсе ў школах нашага раёна распавяла ў прэс-цэнтры рэдакцыі газеты “Зара над Друццю” загадчык метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга ЛАПЦЕВА:

– Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ў 2018/2019 навучальным годзе абумоўлены двума фактарамі: працягам паэтапнага пераходу на абноўленыя вучэбныя праграмы па ўсіх прадметах у 4 і 8 класах і забеспячэннем роўных умоў для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ва ўсіх сярэдніх школах.

– Якія школьныя прадметы будуць вывучацца паглыблена і ў якіх класах?

– У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі № 30 ад 25 студзеня 2018 г. “Аб прыёме ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і навучанні ў іх” і пастановы Міністэрства адукацыі Беларусі №10, у школах могуць быць створаны класы (групы) з вывучэннем асобных прадметаў на паглыбленым узроўні на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. З верасня бягучага года ў СШ № 2 райцэнтра будзе вывучацца на паглыбленым узроўні англійская мова ў 5 класе, матэматыка і руская мова – у 8 класе. У Вішоўскай СШ васьмікласнікі будуць больш часу аддаваць вывучэнню беларускай і рускай моў і матэматыкі.

– Як будзе арганізавана функцыянаванне профільных класаў?

– З мэтай арыентацыі на атрыманне педагагічных спецыяльнасцей у СШ    № 1 імя М. І. Пашкоўскага функцыянуюць два класы педагагічнай накіраванасці. Сёлета, дарэчы, двое вучняў з іх паступілі ў педагагічную ВНУ. Для прыцягнення школьнікаў да навучання па спецыяльнасцях сельскагаспадарчай накіраванасці сёлета на базе Вішоўскай СШ створаны аграклас. У ім будуць вывучацца профільныя прадметы на паглыбленым узроўні і дадаткова праходзіць факультатыўныя заняткі згодна вучэбнай праграмы “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.

– Якія яшчэ навацыі ўводзяцца для школьнікаў?

– Для вучняў 10-х класаў, якія вывучаюць школьныя прадметы на базавым узроўні, дададзены прадмет “Працоўнае навучанне” (раней яго вывучалі да 9-га класа ўключна). У рамках гэтага прадмета будзе рэалізоўвацца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі па рабочых спецыяльнасцях. Школьнікі нашага раёна будуць вывучаць азы прафесій швачкі і цесляра. Таксама з мэтай падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання для вучняў 10-х – 11-х класаў плануецца адкрыццё на базе СШ № 1 міжшкольнага факультатыва па рускай мове і матэматыцы.

                     Гутарыла

                        Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *