Каб агонь быў толькі ў печы…

Пачалася восень, а гэта значыць, што на змену цёплым летнім дням хутка прыйдуць дажджы, першыя замаразкі, і жыхары раёна пачнуць актыўна карыстацца ацяпляльным абсталяваннем. Бяспечнасць яго стану праверылі супрацоўнікі РАНС разам з карэспандэнтам “Зары над Друццю”.

рейд1

З году ў год ратавальнікі нагадваюць мясцовым жыхарам аб пажарнай бяспецы. Першае, на што звярнула асаблівую ўвагу падчас рэйду інспектар ГПіУГ РАНС Кацярына ЛЮБІВАЯ, – спраўнасць печаў. Тыя абавязкова павінны мець запорны механізм, у іх не павінна быць шчылін. Не ўсе ўладальнікі дамоў прывялі печы ў належны стан, таму іх будзе чакаць паўторная праверка праз некаторы час, за які яны абавязаны выправіць усе непаладкі.

Асаблівую ўвагу падчас рэйду надалі грамадзянам, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі, бо яны складаюць групу павышанай рызыкі.

У памяшканнях, дзе яны пражываюць, адсутнічаюць плафоны на лямпачках. Гэта таксама з’яўляецца парушэннем правіл пажарнай бяспекі.

Кацярына Любівая нагадвала бялынічанам і пра электрычную праводку, якая павінна знаходзіцца паверх шпалер, а не быць заклеенай імі.

Завіталі з аглядам і да адзінокапражываючых грамадзян, а таксама да жыхароў з маленькімі дзецьмі.

– Уважліва сочым за тым, каб не парушаць правілаў пажарнай бяспекі, бо ў хаце маленькая дачка, – адзначае жыхарка Бялынічаў Алеся ЧОРНАЯ. – У нас пячное ацяпленне. Зараз робім рамонт, электраправодку пракладваем таксама па ўсіх правілах.

Падчас рэйду былі правераны некалькі дзясяткаў домаўладанняў. Некаторым гаспадарам іх трэба прыкласці значныя намаганні, каб выправіць парушэнні да наступнага візіту супрацоўнікаў РАНС.

– Выявілі шэраг значных і не вельмі праблем з сістэмамі ацяплення, элекраправодкай, АПІ, – падкрэсліла Кацярына Любівая. – Шмат жыхароў забываецца замяніць элементы сілкавання ў апавяшчальніках, што можа прывесці да сумных наступстваў пры ўзнікненні пажару. Другое па распаўсюджанасці парушэнне – шчыліны ў печах і комінах. Іх неабходна замазаць да наступлення халадоў.

рейд2

Час яшчэ ёсць, і хочацца спадзявацца, што бялынічане прыслухаюцца да парад спецыялістаў, якія стараюцца не пакараць, а, наадварот, зберагчы іх жыццё, і правядуць усе неабходныя рамонтныя работы да наступлення ацяпляльнага сезону.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *