Штраф да 50 базавых велічынь

Штодня ў штаб аператыўнай інфармацыі МНС прыходзяць паведамленні аб пажарах у прыродных экасістэмах.

Як правіла, 99 працэнтаў лясных і тарфяных пажараў адбываецца па чалавечай неасцярожнасці з агнём. Варта памятаць, што для ўзнікнення пажара дастаткова нават адной непатушанай запалкі або цыгарэты.

Часта ў месцах адпачынку людзей застаюцца пакінутыя без нагляду вогнішчы. Нярэдка пажары ў лясах і на тарфяніках адбываюцца з прычыны выпадзення іскраў з выхлапных труб аўтамабіляў, якія не абсталяваны іскрагасільнікамі.

Тушыць лясныя і тарфяныя пажары вельмі складана. Часта праца ўскладняецца адсутнасцю водных крыніц і цяжкай праходнасцю тэхнікі. Таму, калі вы выявілі невялікі агонь у лесе, паспрабуйце патушыць яго самастойна.

Для гэтага трэба пучком галін дрэва ці кавалкам мешкавіны, брызента збіць полымя па краях. Калі маецца рыдлёўка, неабходна засыпаць край пажару зямлёй, затым насыпаць грунт суцэльнай паласой у некалькі сантыметраў, каб шырыня яго была не меней за паўметра.

Пры любым загаранні неабходна неадкладна паведаміць у службу МНС па тэлефонах 101 і 112.

За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках прадугледжаны меры адміністрацыйнага і дысцыплінарнага ўздзеяння, а ў некаторых выпадках – крымінальная адказнасць. Штрафам падвяргаюцца як прамыя віноўныя пажару, службовыя асобы, якія арганізуюць працу ці масавыя мерапрыемствы ў лесе, так і адказныя за выкананне мер пажарнай бяспекі. За дзеянні падлеткаў адказнасць нясуць іх бацькі, кіраўнікі школ і дзіцячых аздараўленчых устаноў.

Згодна з арт. 15. 29 КаАП РБ, за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках або забароны на іх наведванне, якое не пацягнула прычыненне ўрону, прадугледжаны штраф у памеры да 25 бв, а калі парушэнне пацягнула знішчэнне або пашкоджанне лесу альбо тарфянікаў – ад 25 да 50 бв.

       Кацярына ЛЮБІВАЯ,

       інспектар ГПіУГ РАНС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *