Вяртанне да каранёў

Як бы далёка лёс ні заносіў сапраўдных герояў, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля іншых, памяць аб іх пераадолее любыя адлегласці і час. Здымкі дакументальнай кінастужкі аб жыцці і подзвігу Героя Савецкага Саюза Асмана Касаева прайшлі днямі ў Цяхціне. Туды завітала здымачная група з Масквы.

съем1

– Фільм аб нашых земляках – карачаеўцах, каўказцах, – якія ўнеслі значны ўклад у барацьбу за свабоду радзімы, павінен захаваць памяць аб подзвігу народа для маладых пакаленняў, – сказаў саветнік генеральнага дырэктара інфармацыйнага агенцтва ТАСС, спецыяльны прадстаўнік ТАСС па Каўказе Барыс КІПКЕЕЎ. – Наша здымачная група ўпершыню завітала ў Магілёўскую вобласць, але трэба адзначыць, што значнасць подзвігу аднаго з самых яркіх, знакамітых партызан Карачаева-Чаркесіі, Асмана Касаева, беларусы вызначылі самі. Ёсць тут і вёска Асман-Касаева, і вуліца Асмана Касаева ў Магілёве, а таксама шматлікія помнікі, што для нас вельмі важна і прыемна.

Госці са сталіцы Расіі завіталі ў музей Цяхцінскага ВПК ДС СШ, дзе яго загадчык Ірына ТРАЦЦЯКОВА распавяла пра жыццё, партызанскія будні Героя.

У 1940 Асмана Касаева прызначылі начальнікам артылерыі 383-га стралковага палка 121-й стралковай дывізіі Заходняга фронту, якая дыслакавалася непадалёку ад заходняй мяжы. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны дывізія была акружаная гітлераўскімі войскамі. Некаторым удалося вырвацца з акружэння. У іх ліку быў і Асман Касаеў. У канцы жніўня 1941 года, дасягнуўшы Бялыніцкага раёна, Касаеў і яго невялікі атрад вырашылі застацца ў тыле ворага і пачаць актыўныя партызанскія дзеянні. Касаеў быў абраны камісарам партызанскага атрада, які за час свайго існавання разграміў 27 гітлераўскіх гарнізонаў, падарваў 66 мастоў, вызваліў ад фашыстаў 44 населеныя пункты Бялыніцкага і Магілёўскага раёнаў. Загінуў Касаеў у лютым 1944 года пасля ранення, атрыманага пры пераходзе атрада паміж вёскамі ў Бярэзінскім раёне, дзе на калону партызан наляцелі фашысцкія самалёты.

– У першую чаргу хочацца адзначыць тое, што гэта быў агульны подзвіг савецкага народа, хоць сам Асман Касаеў родам з Карачаева-Чаркесіі, – распавяла Ірына Максімаўна. – Менавіта другая маці Героя, Фёкла Наумовіч з вёскі Вугольшчына, падказала стварыць партызанскі атрад, прыносіла народным мсціўцам прадукты харчавання, адзенне, дапамагала разам з аднавяскоўцамі будаваць зямлянкі. Дзяцей яе роднай сястры фашысты замучылі, таму сёння мы і кажам аб агульных ахвяраваннях усіх людзей, якія ўдзельнічалі ў абароне Радзімы.

Здымачная група праехалася па месцах славы Героя: наведала помнік Асману Касаеву, дзе піянеры ва ўрачыстай абстаноўцы ўсклалі кветкі ў памяць аб ім, вёску Асман-Касаева, пасля чаго накіраваліся ў мемарыяльны міні-комплекс “Зямлянка”, які зроблены сіламі Цяхцінскага сельвыканкама і мясцовай школы. Размешчаны ён у лесе непадалёку ад вёскі Асмолаўка.

– Здымачную групу на чале з Барысам Кіпкеевым зацікавіла пытанне аб перайменаванні вёсцы Сярмяжанка ў Асман-Касаева, – расказаў старшыня Цяхцінскага сельсавета Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ. – Звярнуць увагу трэба на тое, што адбылося гэта ў пасляваенныя гады на адным з агульных вясковых сходаў, падчас якога рашэнне гэта было прынята жыхарамі аднагалосна. А гэта сведчыць аб вялікай павазе і ўшанаванні памяці Героя Савецкага Саюза не толькі афіцыйна, але і шчыра, сардэчна самімі мясцовымі жыхарамі.

Такія незабыўныя моманты гераізму і адвагі, безумоўна, неабходна захаваць для будучых пакаленняў.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *