Як абараніцца ад маланкі

Днямі ў вёсцы Малькі Браслаўскага раёна маланка трапіла ў адзін з прыватных дамоў.

У выніку, у доме разбурыўся франтон, абвалілася цэгла, пабітыя вокны, пашкоджаны печ і маёмасць.

На момант няшчаснага выпадку ўнутры будынка знаходзіліся гаспадар, яго жонка і сын. На шчасце, ніхто не пацярпеў, таму што яны аператыўна адрэагавалі і самастойна пакінулі жыллё. Але дом стаў непрыдатным для далейшага пражывання.

У мінулым годзе ў тым жа раёне разрад маланкі забіў мінчанку.

Як расказалі відавочцы трагедыі, частка маланкі ўдарыла ў верхавіну хвоі, а другая – у спіну 39-гадовай жанчыне. Яна ўпала, адзенне на ёй загарэлася. Маланка таксама закранула яшчэ адну жанчыну, якая ішла следам. Відавочцы пастараліся аказаць дапамогу, але ўдалося выратаваць толькі другую пацярпелую.

З пачатку года ў зводках МНС налічваецца больш за 90 пажараў, звязаных з прыроднымі катаклізмамі.

Таму нагадваем, як дзейнічаць пры ўдарах маланкі.

У доме:

– па магчымасці, не выходзьце з хаты, зачыніце вокны і коміны, не рэкамендуецца падчас навальніцы паліць печ;

– трымайцеся далей ад электраправодкі, антэн;

– адключыце радыё і тэлевізар, не карыстайцеся тэлефонам і электрапрыборамі.

На адкрытай мясцовасці:

– не хавайцеся пад высокія дрэвы (асабліва, адзінокія);

– пры адсутнасці месца схованкі трэба легчы на  зямлю або прысесці ў яме ці траншэі, сагнуць галаву;

– у лесе варта схавацца сярод нізкарослай расліннасці;

– калі вы не адны, то лепш прысесці, але не судакранаючыся з іншымі людзьмі;

– падчас навальніцы нельга купацца, бегаць, знаходзіцца побач з лініяй электраперадачы;

– калі вы едзеце на веласіпедзе або матацыкле, спыніце рух, пакіньце двухколавы транспарт і перачакайце навальніцу на адлегласці прыкладна 30 метраў ад яго;

– калі вы знаходзіцеся на ўзвышшы, апусціцеся ўніз;

– калі падчас навальніцы вы плывеце ў лодцы, як мага хутчэй вяртайцеся да берага;

– калі вы едзеце ў аўтамабілі, спыніцеся і зачыніце вокны, заставайцеся ў машыне.

Калі ўдарыла маланка:

– пацярпелага неабходна распрануць, абліць галаву халоднай вадой і па магчымасці абгарнуць цела мокрым халодным покрывам;

– калі чалавек яшчэ не прыйшоў у прытомнасць, неабходна зрабіць штучнае дыханне і як мага хутчэй выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу.

                                 Кацярына ЛЮБІВАЯ,

                                 інспектар ГПіУГ РАНС.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *