Бой каля вёскі Макаўе

Пасля святой Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прамінулі вось ужо 73 гады, але… Дзякуючы неабыякавым да гісторыі людзям, мы, нашчадкі воінаў-пераможцаў, атрымліваем невядомыя раней звесткі аб гераізме савецкага чалавека-патрыёта.

Безимени-1

Магіла байцоў спецгрупы «Знішчальнік».

Атрад “Знішчальнік”

Больш за сем дзясяткаў гадоў гераічная дзейнасць у тыле ворага груп асобага прызначэння НКДБ СССР была ахутана грыфамЗусім сакрэтна”.

У час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Магілёўскай вобласці дзейнічала спецгрупа НКДБ СССР “Знішчальнік”. Многія ўпершыню пра яе даведаліся, калі пазнаёміліся з Дзённікам Міхаіла АБАРОТАВА, начальніка штаба спецатрада “Слаўны”.

Вось яго запіс ад 6 жніўня 1943 года: “…на выбранай пляцоўцы хімпалігона сустракаў самалёт, які скінуў боепрыпасы, тол, соль, цукар, абмундзіраванне, абутак і тытуньАпроч груза, прыняў дэсантную групу ў 18 чал. пад камандаваннем лейтэнанта КАРНІЛАВА. Байцы гэтай групы – усе цудоўныя…”.

На тэрыторыі Клічаўскага раёна спецгрупа “Знішчальнік” дзейнічала крыху больш за два месяцы, бо вядома, што 11 кастрычніка яна разам з першым узводам МАДЭЯ (спецатрад “Слаўны”) накіравалася на выкананне баявых заданняў у Чэрвеньскі раён.

Вячаслаў БАРШЧЭЎСКІ,

член савета рэспубліканскай

ветэранскай арганізацыі ўпраўлення ваеннай

контрразведкі КДБ Беларусі:

– Падчас нашай чарговай экспедыцыі па месцах баявой славы атрада “Слаўны” ў вёсцы Ляды, што ў Чэрвеньскім раёне, мясцовы краязнаўца і настаўнік гісторыі Юрый БАБІЧ паведаміў: каля вёскі Макаўе Асіповіцкага раёна, у забалочанай мясцовасці, знаходзіцца пахаванне Карнілаўцаў.

Мікалай АЛЕКСАНДРОВІЧ,

старшыня рэспубліканскай

ветэранскай арганізацыі ўпраўлення ваеннай

контрразведкі КДБ Беларусі:

– З архіўных крыніц вядома, што група “Знішчальнік” была сфарміравана ў маі 1943 года з байцоў і афіцэраў 1-й асобнай гвардзейскай брыгады мінёраў у складзе 23 чалавек. Камандзірам яе прызначаны гвардыі лейтэнант Мікалай Васільевіч Карнілаў, 1919 года нараджэння, рускі.

Мікалай Александровіч распавёў, што перад выхадам групы ў тыл ворага ёй паставілі канкрэтныя баявыя задачы: мініраваць чыгуначную магістраль і шасейныя дарогі ў зоне адказнасці спецатрада НКДБ “Слаўны” – Магілёў-Мінск-Орша, Орша-Мінск; праводзіць дыверсіі на нямецкіх камунікацыях; весці разведку і ўстанаўліваць месцы дыслакацыі фашысцкіх войск; збіраць звесткі аб колькасці ваеннаслужачых, нумарацыі і ўзбраенні германскіх штабаў; вербаваць агентуру з ліку мясцовага насельніцтва для пацвярджэння  і ўдакладнення вынікаў праведзеных дыверсій.  

За час знаходжання ў тыле ворага спецгрупа “Знішчальнік” ажыццявіла 47 дыверсій, пусціўшы пад адхон 45 эшалонаў у тым ліку і бронецягнік, два броневагоны, падбіла 42 паравозы, дзве спецыяльныя машыны-мінашукальнікі. На шасейных дарогах падарвала 4 машыны і іншую рухомую тэхніку.

Вячаслаў Баршчэўскі зазначае, што ў выніку дыверсій на чыгунцы і ў праведзеных засадах байцоў спецатрада “Знішчальнік” фашысты панеслі сур’ёзныя страты і ў жывой сіле: каля 1280 чалавек былі забітыя і 1350 параненыя.

Падрыўнікі

Дзейнасць падрыўнікоў у варожым тыле была вельмі цяжкай і складанай справай.

Ваенныя гісторыкі сцвярджаюць, што ў 1943-44 гадах падрыўных груп на тэрыторыі, акупаванай фашыстамі Беларусі, стала больш, а мінёры дзейнічалі пад баявым прыкрыццём.

Устаноўка кожнай міны патрабавала майстэрства, напружанасці і ўвагі. Асаблівую небяспеку ўяўляла ўстаноўка мін, здольных спрацаваць пры дакрананні да іх ці ад нязначнага хістання глебы. Сотні такіх мін былі ўстаноўлены нашымі падрыўнікамі на розных магістралях.

У залежнасці ад сітуацыі і характара баявога задання прымяняліся розныя спосабы мініравання дарог і выкарыстоўваліся розныя сістэмы мін. У большасці выпадкаў устанаўліваліся міны запаволенага дзеяння. Іншы раз мінёры карысталіся самым адважным прыёмам – устанаўлівалі міну “пад цягнік”. Мінёр пад прыкрыццём таварышаў пры набліжэнні варожага эшалона з мінай і бікфордавым шнурам не больш за 40 сантыметраў бег да чыгуначнага палатна. Міна закладвалася за 300-500 метраў ад цягніка, які набліжаўся. Усяго 40 секунд, пакуль гарэў бікфордаў шнур, заставалася ў распараджэненні падрыўніка на адыход.  

…І яны загінулі…

11 лістапада 1943 года Мікалай Карнілаў з некалькімі групамі падрыўнікоў выйшаў на чарговае баявое заданне. Каля вёскі Макаўе, што на Асіповіччыне, яны патрапілі на добра падрыхтаваную і загадзя арганізаваную засаду. Завязаўся няроўны бой.

Расказвае

Вячаслаў Баршчэўскі:

– Прыкладна ў двух кіламетрах ад вёскі Макаўе (урочышча Рассохі) знаходзяцца партызанскія могілкі. Там знайшлі свой вечны спачын воіны-падрыўнікі спецгрупы НКДБ “Знішчальнік” гвардыі лейтэнант Мікалай Карнілаў; гвардыі чырвонаармеец Віктар ГУЛЬКО (мінёр, 1914 г.н.); гвардыі малодшы сяржант, камандзір 20-га аддзялення Яфім БЯССОНАЎ (пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені); радавы, падрыўнік Пракоп ЛУТАЎ (беларус, 1913 г.н.); радавы, падрыўнік Іван ЯРКОВІЧ (беларус, 1908 г.н.);  радавы, падрыўнік Валянцін ДЗЕРАВЯШКІН (ДЗЕРАВЯЖКІН, беларус, 1927 г.н.); Дзмітрый ПЯТРОЎСКІ (беларус, 1926 г.н.); Іван ЗІНЕВІЧ (беларус, 1915 г.н.); Іван ВЫСОЦКІ (1903 г.н.).

Аднак на мемарыяльнай пліце сціплага абеліска напісаны прозвішчы толькі пецярых загінулых у тым баі. Прозвішча падрыўніка Валянціна Іванавіча Дзеравяшкіна на ёй не пазначана.

Рэмарка адносна прозвішча

Вывучаныя ветэранамі КДБ Беларусі архіўныя дакументы пра дзейнасць у час Вялікай Айчыннай вайны спецгруп і спецатрадаў НКУС і НКДБ СССР напісаныя ад рукі і што называецца на калеях. У некалькіх справаздачах аб дзейнасці спецгрупы НКДБ “Знішчальнік” прозвішча падрыўніка, радавога Дзеравяшкіна напісана як Дзеравяжкін (тры вертыкальныя лініі перакрэсленыя пасяродку), які нарадзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы (так пазначана) Бялынічы Магілёўскай вобласці.

Публікуючы гэты матэрыял, рэдакцыя раённай газеты “Зара над Друццю” звяртаецца да ўсіх чытачоў з наступнай просьбай:

калі вам вядомыя нейкія факты пра Дзеравяшкіна (Дзеравяжкіна) Валянціна Іванавіча, звяжыцеся, калі ласка, з рэдакцыяй раёнкі (тэл.: 51-168, 51-392).

Міхась КАРПЕЧАНКА

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *