Карэспандэнт “Зары над Друццю” выехала ў поле непадалёку ад вёскі Забавы, дзе размешчана бульбяная плантацыя ААТ “Новая Друць”
Жніво ў раёне завяршылася 23 жніўня, але гэта не значыць, што работа аграрыяў скончылася. На чарзе – уборка бульбы. Карэспандэнт “Зары над Друццю” выехала ў поле непадалёку ад вёскі Забавы, дзе размешчана бульбяная плантацыя ААТ “Новая Друць”.
З раніцы камбайн, на якім працуюць Мікалай ШУТОЎ і яго памочнік Сяргей ІВАНЧЫКАЎ, адгрузіў у МАЗ тры бункеры бульбы.
– У гаспадарцы працую даўно, другі дзень заняты на ўборцы бульбы, – распавядае Сяргей Міхайлавіч. – Але ацаніць сёлетні ўраджай паспеў ужо: ён даволі нядрэнны, адназначна, не горшы за мінулагодні.
Бульбаўборачны камбайн Dewulf збірае ў сваім бункеры некалькі тон “другога хлеба”, пасля чаго за партыяй ураджаю прыязджае грузавік. Праца не спыняецца ні на хвіліну, бо для аграрыяў кожная з іх важная: трэба паспець у тэрмін сабраць каштоўныя карняплоды, што, у сваю чаргу, забяспечыць добрую іх захаванасць напрацягу зімы.
– У ААТ “Новая Друць” пасаджана 508 га бульбы, – распавёў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Андрэй МАКАРЭВІЧ. – Па стане на 14 верасня з іх ужо ўбрана 97 га, з якіх атрымалі 1591 тону. Дарэчы, сярэдняя ўраджайнасць пакуль што складае 164 ц/га, але ў залежнасці ад далейшых вынікаў уборкі лічба гэта яшчэ можа змяніцца.
Алена БЫКАВА.
Фота аўтара.