На Бялыніччыне прадаўжаецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі

На Бялыніччыне прадаўжаецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Працаўнікі ўстаноў і арганізацый раёна, сельсаветаў, жыхары прыватных дамоў актыўна наводзяць чысціню і там, куды доўгі час не даходзілі рукі.  Толькі каб прыбраць некаторыя сляды людской нядбайнасці, спатрэбіцца не адзін месяц.

Прыкладна такая сітуацыя склалася на месцы былой фермы ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” ў вёсцы Сіпайлы. Здаецца, навесці парадак там нескладана, але ж…

Калі працаўнікі сельсавета пачалі абкошваць яе тэрыторыю, высветлілася, што для ўвядзення гэтых пустуючых земляў у сельскагаспадарчы абарот спатрэбіцца шмат часу і сродкаў.

…Разам са старшынёй Вішоўскага сельсавета Фёдарам РЫДЗЕЦКІМ наведваем тэрыторыю фермы. Да грамадскіх могілак вядзе гравійка, па абодва бакі якой і знаходзіцца праблемная тэрыторыя.

Сип2

– Вось тут некалі стаялі хлявы, – паказвае на невялікія купіны Фёдар Уладзіміравіч. – Зараз ад іх засталіся толькі рэшткі падмуркаў, асфальтавага пакрыцця, дый дзе-нідзе бетонныя латкі для кармоў. А што знаходзіцца ў зямлі – нікому невядома. Калі пусціць сюды тэхніку з плугамі або дыскатар – гарантавана, што ён выйдзе са строю пасля першых хвілін работы. Можна было б знішчыць пустазелле хімікатамі, але побач населены пункт.  Да таго ж, у гэтым месцы знаходзіцца гісторыка-археалагічная каштоўнасць – курган ранняга сярэднявечча, у ахоўнай зоне якога нельга праводзіць гаспадарчыя работы. Дададзім да гэтага і дарогу да могілак. Яна дзеліць поле на часткі, на якіх сучаснай сельскагаспадарчай тэхніцы даволі складана развярнуцца.

Сип4

У 2014 годзе ў ваколіцах вясковых могілак ужо наводзілі парадак. Тады ліквідавалі ажно 5 несанкцыяваных звалак. Зрабілі іх, вядома ж, не прышэльцы, а мясцовыя жыхары.

Нядаўна ў Сіпайлах правялі актыўную работу па аптымізацыі зямельных участкаў, якія не выкарыстоўваюцца. На тэрыторыі, што вызвалілася, можна хоць сёння ажыццяўляць сельскагаспадарчую дзейнасць.

Сип1

Але што рабіць з астатняй зямлёй? Частку яе, дзе можа прайсці тэхніка, прапанавалі распрацаваць ЗААТ “БелДан”. Іх поле знаходзіцца побач. Але гэта не канчатковае выйсце. На астатніх землях, па словах Фёдара Рыдзецкага, патрэбна больш маштабная праца.

– Без бульдозера проста не абысціся, – адзначае старшыня сельсавета. – Акрамя рэшткаў хлявоў, тут засталіся артэзіянская свідравіна і рэзервовая супрацьпажарная ёмістасць для вады. Каб прывесці да ладу гэтыя сляды нядбайнага гаспадарання, патрэбна спецыялізаваная тэхніка і не маленькія грашовыя сродкі. У ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, якому належыць тэрыторыя фермы,такіх магчымасцей няма. Але ўсё ж спадзяюся, што праблема абавязкова вырашыцца і парадак будзе наведзены.

Ганна КАВАЛЁВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *