Дорыць лесу клопат і ўвагу
Стараннасць, адказнасць, уважлівасць, любоў да працы і прафесіі – усё гэта можна сказаць на адрас інжынера па лесаўзнаўленні і меліярацыі ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” Ганны БУДКЕВІЧ.
У яе працоўнай кніжцы толькі адзін запіс: прынята на працу ў лясгас. 31 год прысвяціла яна любімай прафесіі, хоць прызнаецца, пасля школы нават не думала звязваць сваё жыццё з лясной галіной.
Юную дзяўчыну з Малога Кудзіна тады прываблівала іншае – кулінарыя, і пасля школы яна падала дакументы ў Магілёўскі тэхналагічны інстытут. Але конкурс туды быў занадта вялікі, балаў не хапіла, і цэлы год Ганна знаходзілася дома. Тады родныя і параілі ёй паспрабаваць атрымаць “лясную” прафесію.
– Смачна гатаваць можна навучыцца і дома, – сказалі ёй. – А так у цябе будзе добры занятак.
Дзяўчына паціснула плячыма, але пагадзілася: лес дык лес.
Вучыцца вельмі спадабалася. І будучая спецыяльнасць – таксама, бо ў абавязкі яе ўваходзілі пасадка і догляд за маладым лесам.
– Мы збіраем насенне дрэў, рыхтуем яго да пасеву ў гадавальніку, які знаходзіцца на базе Цяхцінскага доследна-вытворчага лясніцтва, – распавядае пра асаблівасці сваёй працы Ганна Віктараўна. – Пасля таго, як дрэўцы дасягнуць патрэбнага ўзросту, перасаджваем на пастаяннае месца і ажно да 7-гадовага ўзросту кантралюем, як яны развіваюцца. Такі вось дзіцячы садзік для лясных культур.
Сёлета ў ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” пасадзілі 308 га новага лесу з уласнага пасадачнага матэрыялу. Дарэчы, некалькі гадоў дрэўцы ў гадавальніку вырошчваюцца па закрытай каранёвай сістэме, што значна павышае іх прыжывальнасць.
Нават выхадныя дні Ганна Будкевіч праводзіць у лесе.
– Вельмі люблю збіраць грыбы, ягады, проста дыхаць чыстым лясным паветрам, – усміхаецца жанчына. – Мой сын Аляксандр, на жаль, не прадоўжыў дынастыю, яму больш падабаецца будоўля, бачыць сябе менавіта ў гэтай сферы. А я і не ўяўляю сябе на іншым месцы. Быў час, калі хацелася штосьці памяняць у сваім жыцці, але зараз разумею, што паддалася стэрэатыпам. Калі пазіраю на маладыя дрэўцы, адразу ўзнікае думка: як гэтыя “дзеткі” будуць без мяне?
За шматгадовую ўзорную працу ў лясгасе Ганна Віктараўна ўзнагароджана нагруднымі знакамі “20 гадоў бездакорнай службы ў Дзяржаўнай лясной ахове Рэспублiкi Беларусь” і “30 гадоў бездакорнай службы ў Дзяржаўнай лясной ахове Рэспублiкi Беларусь”. А нядаўна жанчына была ўдастоена яшчэ аднаго высокага звання – “Ганаровы лесавод”.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.