“Шчаслівай дарогі! І больш – не парушайце!”

Кожны з нас пры выбары справы свайго жыцця арыентуецца на многія фактары: хочацца, каб і прафесія падабалася, прыносіла і маральнае, і матэрыяльнае задавальненне. Такой жа цікавай лічу сваю прафесію журналіста. Але, чаму не паспрабаваць сябе ў іншай сферы?

Нядаўна ў рамках творчага праекта “Журналіст мяняе прафесію” пазнаёмілася бліжэй са службай інспектара ДАІ і разам з капітанам міліцыі Віктарам САРОКАМ адправіліся ў сапраўдны рэйд.

гаи1Мая працоўная змена, як новаспечанага супрацоўніка ДАІ, пачалася ў 14 гадзін і мяркуе завяршыцца толькі ў 23.00. Увогуле, як адзначыў Віктар Віктаравіч, дзяржаўтаінспектары знаходзяцца на службе кругласутачна: 24 гадзіны на дзень, 7 дзён у тыдзень. Вытрымаць напружаны графік працы, пастаянныя дзяжурствы даволі складана, таму ў службе ДАІ выпадковыя людзі не затрымліваюцца.

Часта падчас дзяжурства аўтаінспектарам дапамагаюць члены дабравольнай народнай дружыны, таму мне, як навічку службы, у першую чаргу ўручаюць адпаведную экіпіроўку – камізэльку са святлоадбівальнымі элементамі і надпісам “Дружыннік”. Далей – планёрка ў начальніка АДАІ РАУС Максіма КУНДАЛЕВА. Звычайна, яна праходзіць раніцай, але паколькі мы толькі заступілі на службу, заданне атрымліваем адразу перад выездам. І неабходныя інструкцыі – таксама. У іх пералік уваходзяць арыенціроўкі на транспартныя сродкі, якія знаходзяцца ў вышуку, планавыя мерапрыемствы і многае іншае. Напрыклад, у дзень маёй “службы” ў АДАІ РАУС праводзіліся мерапрыемствы па папярэджанні дзіцячага траўматызму ў рамках акцыі “Увага – дзеці!”, таму найбольшую ўвагу мы павінны звяртаць на тое, каб аўтамабілісты прапускалі дзяцей на пешаходных пераходах, а самі дзеці не сваволілі і не гулялі на дарозе, і, вядома, каб усе вадзіцелі рухаліся з уключаным бліжнім святлом фар.

Першым пунктам прыпынку стала Машчаніцкая СШ, у якую адразу ж і накіраваліся.

– За мной замацаваны тры школы, – распавядае Віктар Сарока. – Гэта Машчаніцкая СШ, Эсьмонскі ВПК ДС СШ і Старасельскі ВПК ДС ПШ. Кожную з іх наведваю 1-2 разы на месяц, а падчас навучальнага года – і часцей. Правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў – адна з важных задач супрацоўніка ДАІ!

Праз колькі хвілін, непадалёку ад школы, паказалася чародка рабят на веласіпедах. Убачыўшы дзяржаўтаінспектара і жанчыну з фотаапаратам, яны крыху сумеліся, але дарогу перайшлі правільна, па пешаходным пераходзе. Віктар Віктаравіч нагадаў, што пераходзіць дарогу патрэбна пешшу, а веласіпеды каціць у руках, і ўвогуле да 14 гадоў нельга катацца на дарогах з ажыўленым рухам транспарту. Таксама ён пацікавіўся ў рабят, ці ўсім купілі флікеры.

гаи2

 

Далей нас чакала дзяжурства на 161-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Магілёў. Па статыстыцы, на гэтым адрэзку трасы адбываецца шмат дарожна-транспартных здарэнняў.

Вось і зараз, літаральна праз некалькі хвілін па прыездзе на месца, інспектар ДАІ спыняе аўтамабіль, у якога не гарыць бліжняе святло.

– Чаму парушаеце? – пытаецца ў вадзіцеля. – Аб тым, што праводзіцца акцыя па папярэджанні дзіцячага траўматызму, вам вядома, а тым больш, у машыне перавозіце дзяцей.

– Выбачайце, забыўся, – спрабуе апраўдацца кіроўца. Падчас праверкі дакументаў “выплывае” яшчэ адно, не менш сур’ёзнае парушэнне. У аўтамабіля адсутнічае тэхагляд. Ці трэба гаварыць аб тым, якой рызыцы падвяргае вадзіцель сябе і сваіх родных?

гаи3

– Сітуацыі бываюць розныя, – адзначыў Віктар Сарока пасля таго, як адпусціў машыну. – Камусьці дастаткова папярэджання, а іншыя і ў наступны раз будуць парушаць, такіх пакаранне рублём не палохае. Шкада, што людзі не хочуць усведамляць тое, што аўтамабіль – сродак павышанай небяспечнасці, і калі вадзіцель ігнаруе ПДР, то падвяргае смяротнай рызыцы сябе і сваіх блізкіх.

На пытанне, што не падабаецца ў працы дзяржаўтаінспектара, Віктар Віктаравіч, не доўга думаючы, даў адказ:

– Прымяняць зброю. У маёй практыцы быў выпадак, калі парушальнік уцякаў, і прыйшлося зрабіць тры выстралы па колах яго машыны. Аўто зляцела ў кювет, але вадзіцель застаўся жывы. Што датычыцца прадузятых адносін да супрацоўнікаў ДАІ, то да гэтага хутка прывыкаеш. Галоўнае – пісьменныя дзеянні ў строгай адпаведнасці з законам, тады хутка ўсё становіцца на свае месцы.

З году ў год колькасць аўтамабіляў расце, а парушальнікаў менш не становіцца. Адпаведна, павялічваецца нагрузка на супрацоўнікаў ДАІ. За гадзіну нашага дзяжурства па дарозе праехала амаль сотня транспартных сродкаў. З сямі вадзіцеляў, якіх мы праверылі, 6 не прытрымліваліся ПДР. З кожным парушальнікам дзяржаўтаінспектар праводзіў прафілактычныя гутаркі. Я ўявіла, што было б, калі  дзяжурыць на аўтадарозе давялося цэлы дзень! Тут патрэбна асаблівая маральная вытрымка.

гаи4

Большасць вадзіцеляў пагаджалася са сваімі парушэннямі, але былі і такія, хто патрабаваў доказаў, скандаліў. З мэтай прадухілення непаразуменняў супрацоўнікі ДАІ вядуць запіс гутарак з вадзіцелямі і заўсёды называюць прычыны, па якіх спынілі аўтамабіль. На гадзінніку – 17.00, мой рабочы дзень журналіста падышоў да завяршэння, а ў Віктара Сарокі да заканчэння працоўнай змены застаецца шмат спраў, якія патрабуюць неадкладнага рэагавання.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

           Фота аўтара і

           Віктара САРОКІ.

P.S. Асаблівая падзяка аўтара начальніку АДАІ РАУС Максіму Кундалеву і капітану міліцыі Віктару Сароку за дапамогу пры падрыхтоўцы публікацыі.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *