Добрая тая праца, якая ў радасць

орловскийМікалая АРЛОЎСКАГА з упэўненасцю можна назваць чалавекам, які любіць сваю справу. Больш за трыццаць гадоў свайго жыцця ён прысвяціў сферы энергетыкі.

Пачаў сваю працоўную дзейнасць у 1987 годзе брыгадным вадзіцелем, затым – аператыўна-выязной брыгады, пасля шчыраваў майстрам гарадской зоны, дыспетчарам, 16 гадоў – на пасадзе начальніка дыспетчарскай службы. Зараз, хоць Мікалай Ігнатавіч і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, ён займае пасаду дыспетчара.

Дыспетчар – адна з самых адказных прафесій у энергетыцы. Кожны дзень трэба кантраляваць і кіраваць усімі тэхнічнымі працэсамі на падстанцыях, работамі, якія вядуцца на лініях і трансфарматарах, вывучаць планавыя і аварыйныя заяўкі, забяспечваць безаварыйную работу абсталявання, бесперабойнае электразабеспячэнне спажыўцоў, арганізаваць выезд аператыўных брыгад.

– Калі адбываецца тэхналагічнае парушэнне, дыспетчар павінен хутка вызначыць задачу, а затым перадаць аператыўнай брыгадзе, каб тая за кароткія тэрміны ліквідавала аварыйны ўчастак. Ён адказвае за кожнае прынятае рашэнне, – адзначыў Мікалай Арлоўскі.

Як расказаў Мікалай Ігнатавіч, падчас рамонтных работ і ў выпадку тэхналагічных парушэнняў яго тэлефон не змаўкае ні на хвіліну. І тут прыходзіцца быць асабліва далікатным – дакладна выконваць свае службовыя абавязкі і правільна інфармаваць людзей, якія непакояцца з-за адсутнасці электрычнасці.

– Тэмп працы дыспетчара вельмі хутка мяняецца. Калі ва ўсіх ёсць электрычнасць, усё спакойна. Але як толькі здараецца тэхналагічнае парушэнне, тэлефоны проста “абрываюцца”, – паведаміў Мікалай Арлоўскі.

У гэту прафесію павінны ісці стрэсаўстойлівыя і адказныя людзі, якія імкнуцца развіваць свае прафесійныя веды і навыкі. Дыспетчару заўсёды прыходзіцца быць сабраным, ведаць інструкцыі, праходзіць супрацьаварыйныя трэніроўкі, займацца самаадукацыяй, каб у складанай сітуацыі ўпэўнена, без панікі і мітусні, кіраваць ліквідацыяй аварыі. Трэба кантраляваць правільнасць дзеянняў аператыўнага персаналу, своечасова прымаць верныя рашэнні, якія дапамаглі б з мінімальнымі затратамі часу аднавіць якаснае электразабеспячэнне.

– Я задаволены сваёй пасадай. Прыношу карысць людзям, а гэта заўсёды прыемна. Цяпер не ўяўляю сябе ў іншай сферы, – прызнаецца Мікалай Ігнатавіч. – Шчыра лічу сваю прафесію добрай. Бо добрая толькі тая праца, якая ў радасць!

Наталля ФРАНЦУЗАВА,

студэнтка МДУ

імя А. А. Куляшова.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *