“Ціхае” злачынства

Калі ў сям’і п’е муж, – гэта паўбяды, а калі жанчына – зусім бяда! Так сцвярджае народная мудрасць.

Калі б да яе прыслухоўваўся жыхар Туаліна Мікалай С., то, можа, і не здарылася б з ім нічога. Але ж…

Тая майская раніца пачалася з распіцця спіртнога. Разам з сужыцелькай Раісай С. і яе дарослым сынам Дзмітрыем Мікалай асушыў не адну бутэльку віна. Потым малады чалавек выйшаў на вуліцу, а сужыцелі прылеглі адпачыць. Але сон чамусьці не ішоў, і Мікалай пачаў размову, якая праз лічаныя хвіліны перарасла ў сварку. Раісе стала непрыемна слухаць незадаволеныя выказванні сужыцеля, яна падхапілася з ложка і ўзяла са стала нож…

Як потым расказала праваахоўнікам, наносіць Мікалаю раненне зусім не збіралася, проста хацела напалохаць. Але рукі самі зрабілі непапраўнае. Мужчына і войкнуць не паспеў. Усё адбылося хутка і ціха.

У той час у хату зайшоў Дзмітрый. Заўважыўшы на адзенні Мікалая кроў, зразумеў, што здарылася, і выклікаў “хуткую”. Следам за медыкамі ў хату завіталі міліцыянеры. Параненага Мікалая шпіталізавалі ў ЦРБ.

Раіса поўнасцю прызнала сваю віну. Але раённы суд улічыў яшчэ адну акалічнасць справы: тое, што злачынства было зроблена ў стане алкагольнага ап’янення, і прызначыў ёй 3 гады абмежавання волі.

     Таццяна КОЗЫРАВА,

     старшы следчы РАСК.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *