Горад, у якім хочацца жыць

Для жыхароў раёна, дзясяткаў тысяч тых, хто нарадзіўся на Бялыніччыне, прыгожы і ўтульны гарадок на беразе ціхаплыннай Друці стаў неад’емнай часткай іх жыццяў, стаў малой радзімай.

Бял 1920

Гэтымі днямі з’явілася нагода яшчэ раз звярнуцца да гісторыі нашага горада і засведчыць, што яна вельмі багатая на падзеі, знакамітых асоб, што Бялынічы маюць свой унікальны шлях развіцця.

Паселішча цягам стагоддзяў стаяла крыху наўзбоч ад галоўных дарог, і ў свой час, дзякуючы надзвычай прадпрымальнаму шклаўчаніну Апалінару КРЫВАШЭІНУ, яму яшчэ ў дадатак не пашанцавала і з чыгункай. Але, мажліва, самым галоўным у развіцці Бялынічаў сталася тое, што, паводле вядомага французскага гісторыка Ф. БРОДАЛЯ, заключаецца ў прапарцыянальнасці змешвання трох пластоў гістарычнага часу, які адрозніваецца ад рэальнага. Гэта са сферы ментальнасці.

Свой яскравы адбітак на развіццё, лёс кожнага населенага пункта накладвае пульсацыя рытмаў паўсядзённых падзей, як падмуркавы фактар, у тым ці іншым спалучэнні з рытмамі эканомікі і грамадства, глыбіннымі рытмамі матэрыяльнай цывілізацыі, цесна звязаных з асяродкам пражывання і асобай. Адштурхоўваючыся ад гэтай Бродалевай канцэпцыі, можам сказаць, што на першапачатковае сацыяльна-эканамічнае развіццё Бялынічаў даволі доўгі перыяд аказвала свой уплыў пульсацыя рытмаў матэрыяльнай цывілізацыі, цесна звязаных з асяродкам пражывання і асобай. І толькі пасля 1634 года, дзякуючы самакіравальнай форме жыццядзейнасці прыватна-ўласніцкага мястэчка, у рытмы яго паўсядзённых падзей усё настойлівей пачалі ўкараняцца пульсацыі эканомікі і грамадства, што і надавала Бялынічам унікальнасць і пэўнае лідарства, а Магдэбургскае права забяспечвала рэалізацыю развітога саслоўнага права, вызначала новы тып сацыяльных сувязяў і новы статус асобы ў грамадстве.

Менавіта Бялынічам у свой час выпаў гонар унесці істотны ўклад і ў развіццё сусветнай хрысціянскай рэлігіі. Сюды на паклон цудатворнай іконе Божай Маці сотнямі ішлі паломнікі нават з калыскі праваслаўнай веры – Кіева.

Адной са знакавых вехаў, пастаўленых на скрыжалях мінуўшчыны нашага паселішча, з’яўляецца і 27 верасня 1938 года. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР”, з гэтай даты мястэчка Бялынічы атрымлівае статус пасёлка гарадскога тыпу. Пачалася запаўняцца новая старонка гісторыі Бялынічаў, якія ў гэтым статусе развіваліся наступныя 79 гадоў, калі рашэннем Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў ад 19 снежня  2016 года, што ўступіла ў законную сілу 18 студзеня 2017 года, Бялынічы былі аднесены да горада раённага падпарадкавання.

Па рукапісных гістарычных крыніцах паселішча вядома з сярэдзіны ХVІ стагоддзя як сяло Аршанскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і знаходзілася ў валоданні ўплывовых князёў МСЦІСЛАЎСКІХ, ЗБАРАЖСКІХ. У 1577 годзе (першае вядомае на сёння ўпамінанне Бялынічаў у гістарычных крыніцах) населены пункт уваходзіў у склад маёнтка Цяцерын, а напрыканцы гэтага ж стагоддзя, адасобіўшыся ад яго, стаў прыватнаўласніцкім мястэчкам, у якім меўся замак Белы Горад.

Дзякуючы афармленню тэстамента мы ведаем некаторыя вербальна зафіксаваныя, а не апісаныя ў паданнях, асаблівасці першапачатковай гісторыі Бялынічаў. У ліпені 1579 года тагачасная ўладальніца маёнтка Бялынічы князёўна Настасся Мсціслаўская, незадоўга да сваёй смерці, звярнулася з пісьмовай просьбай да вялікага князя літоўскага і караля Польшчы Стэфана БАТОРЫЯ зацвердзіць яе дар на карысць мужа – троцкага ваяводы Стэфана Збаражскага. З гэтага дакумента вынікае, што Настасся ў спадчыну ад бацькі мела чвэрць маёнтка Цяцерын у Аршанскім павеце, якую і дорыць мужу навечна, “то есть замок на той части моей Тетеринской в Белыничах, прозываемый Белый Город, и зо всим будованьем того замку… з местечками Тетериным и Белыничами, з мещаны, з именьи боярскими, шляхетскими…”.

Адзначым таксама і наступнае: вядомы мовазнаўца Янка СТАНКЕВІЧ у свой час доказна давёў, што назвы найстарэйшых беларускіх паселішчаў заканчваюцца на “-ічы”. Значыць, наш горад намнога старэй за сваё першае ўпамінанне ў пісьмовых гістарычных крыніцах.

Пасля смерці Настассі Мсціслаўскай Стэфан Збаражскі ажаніўся на Дароце ФІРЛЕЙ, у іх нарадзілася дачка Барбара, якой і перайшло спадчыннае права на валоданне Бялынічамі. Стэфан Збаражскі памёр у 1585 годзе. Праз тры гады Дарота выходзіць замуж за падканцлера Вялікага Княства Літоўскага князя Льва САПЕГУ, які ўдачарыў дзяўчынку.

Напрацягу ХVІ-ХІХ стагоддзяў Бялынічы знаходзіліся ў даволі моцным ментальна-сілавым полі такіх суседніх мястэчак, як Цяцерын і Галоўчын, у меншай ступені, але таксама адчувалі ўплыў Барысава і Магілёва. Асаблівае саперніцтва разгарнулася з Галоўчынам, росквіт якога прыпаў на час, калі ім валодалі прадстаўнікі роду князёў ГАЛОЎЧЫНСКІХ.

Уплыў Цяцерына быў зведзены на нішто да канца ХVІ стагоддзя, калі Леў Сапега пабраўся шлюбам з Даротай Фірлей, якая памерла ў 1591 годзе. Леў Іванавіч выхоўваў падчарыцу Барбару, выдаў яе замуж і выкупіў у яе Бялынічы. Пазней яго сын Казімір набыў іншыя часткі Цяцерынскай воласці.

Такім чынам, напачатку ХVІІ стагоддзя Бялынічы і аднайменная воласць пераходзяць у валоданне Сапегаў.

Леў Сапега цягам некалькіх гадоў нястомна збіраў разрозненныя бялыніцкія пляцы пад сваё крыло, ператварыўшы паселішча ў прыватнаўласніцкае мястэчка, і вывеў яго з-пад магутнага ўплыву Цяцерына (згадваецца ў гэтак званым “Спісе рускіх гарадоў далёкіх і бліжніх”, створаным у 1390-я гады), магнетычнага прыцягнення старажытнага Галоўчына (у 1584 годзе пазначаны як горад), а яго сын давяршыў задуманае бацькам.

Бялыніччына, Кругляншчына, Талачыншчына, Крупшчына, Чашніччына, Лепельшчына, Бешанковіччына ў выніку такога збіральніцтва, што доўжылася дзясяткамі гадоў, сталі на памежным з Маскоўскай дзяржавай усходзе Беларусі адным з рэгіёнаў, дзе ўтварыліся асабліва буйныя ўладанні Льва Сапегі. Вядома, што ў 1630-я гады штогадовы агульны даход яго толькі ад 10 маёнткаў, што месціліся на ўсходзе Беларусі, у лік якіх уваходзілі і Бялынічы, складаў блізу 70 тысяч злотых. Гэта былі вельмі вялікія грошы, значныя сумы з якіх Леў Іванавіч, гледзячы на пустую дзяржаўную казну, як патрыёт Айчыны раз за разам выдаткоўваў на матэрыяльнае забеспячэнне ваенных кампаній.

Прадаўжаючы справу бацькі, Казімір Сапега дабіўся таго, што 4 кастрычніка 1634 года, згодна з прывілеем караля і вялікага князя Уладзіслава ВАЗЫ, Бялынічы атрымалі Магдэбургскае права, пячатку і герб, а таксама дазвол на правядзенне кірмашоў.

Па сведчанні кандыдата гістарычных навук Ігара ПУШКІНА, “на землях Магілёўшчыны вельмі часта Магдэбургскае права надавалася гарадам за гераізм і адданасць яго насельніцтва краіне”. Мабыць, невыпадкова такія гарады, як Мсціслаў, Чавусы і Бялынічы атрымалі права на самакіраванне ў 1634 годзе, а Крычаў у папярэднім. Заўважым, што гэтыя населеныя пункты знаходзіліся ў блізкай зоне баявых дзеянняў Смаленскай вайны (1632 – 1634). Прыкладам, у 1632 годзе царскія войскі ўзялі ў аблогу Смаленск, авалодалі Полацкам, Ноўгарад Северскім, Прапойскам, увайшлі ўглыб Беларусі. І толькі ў наступным харугвы гетмана Караля Радзівіла і Уладзіслава ІV змаглі выцесніць непрыяцеля і сканцэнтраваць збройнае супрацьстаянне пад Смаленскам.

Меў свае заслугі перад Айчынай у гэтай вайне і вялікі гетман Леў Сапега, які непасрэдна камандаваў войскамі пад Смаленскам, а таксама і шматлікія прадстаўнікі яго роду, сярод якіх прыгадаем Паўла Яна, Тамаша і інш. Вядома таксама, што ў студзені 1635 года сын Льва Іванавіча і тагачасны ўжо ўладальнік Бялынічаў Казімір узначаліў пасольства ў Маскву і дабіўся ратыфікацыі царом Міхаілам Фёдаравічам умоў Палянаўскага мірнага дагавора.

Мабыць, наданне пералічаным вышэй усходнебеларускім мястэчкам і гарадам, сярод якіх і Бялынічы, Магдэбургскага права было і асаблівай каралеўскай падзякай жыхарам гэтых паселішчаў за дапамогу ў Смаленскай вайне, і яго рэакцыяй на складаныя знешнепалітычныя абставіны, калі ўладар дзяржавы проста мусіў зацікавіць насельніцтва бараніць свае паселішчы падчас збройных канфліктаў.

Разам з тым нельга выключаць і самой ініцыятывы да самакіравання ўладальнікаў ды жыхароў гэтых населеных пунктаў. Скажам, Леў Сапега быў не толькі выдатным дзяржаўным дзеячам, але і буйнейшым магнатам, землеўладальнікам. Быў сапраўдным гаспадаром. І ён не мог не разумець, што падарваная войнамі эканоміка яго ўладанняў можа стаць больш эфектыўнай, больш даходнай толькі пры якасна новым становішчы паселішча і яго насельніцтва ў тагачаснай сацыяльна-юрыдычнай іерархіі.

У 1620 годзе ў мястэчку Бялынічы налічваліся 16 гандлёвых і 331 вулічныя пляцы. Праз чатыры гады Леў Сапега пабудаваў тут драўляны кляштар і касцёл для кармелітаў. У 1634 годзе, паводле аднаго з паданняў католікаў, у кармеліцкі кляштар завітаў падарожнік і намаляваў абраз Маці Боскай з Богадзіцем на руках, які пазней стане цудатворным. Сучаснікі па значнасці параўноўвалі яго з абразам Чанстахоўскай Божай Маці.

Як сведчыць гісторыя, менавіта з 1634 года Бялынічы пачынаюць імкліва развівацца і ўзвышацца над сваім даўнім спаборнікам – старажытным Галоўчынам: яны паступова і няўхільна ператвараюцца ў значны гандлёвы і рамесніцкі асяродак, пры кляштары кармелітаў дзейнічала друкарня, дзе ў снежні 1652 года была надрукавана першая з вядомых на сёння кніг “Памінальнае слова пра Т. Сапега, жонку падканцлера Вялікага Княства Літоўскага, аршанскага старасты, якое сказаў камісар канвентаў беларускіх кармелітаў у Бялынічах 22 лістапада 1652 года”.

Павялічваецца і колькасць насельніцтва, якое атрымала новыя магчымасці ў сваім сацыяльна-эканамічным жыцці, большыя юрыдычныя правы.

Духоўная дзейнасць ксяндзоў і манахаў кляштара, наяўнасць у касцёле цудатворнага абраза Маці Божай абумоўлівалі прыток паломнікаў, а само мястэчка ператварылася ў значны рэлігійны асяродак.

Магдэбургскае права праз прывілеі спрыяла развіццю мясцовага гандлю. Першае ўпамінанне пра замежную прафесійную дзейнасць бялыніцкіх купцоў зафіксавана акурат пасля надання мястэчку Магдэбургскага права. Грамата Пасольскага прыказа Маскоўскай дзяржавы, выдадзеная ў лістападзе 1636 года масальскаму ваяводзе І. КАМЫНІНУ, сведчыць, што “літоўскія купцы Аршанскага павета з Бялынічаў Асташка Іваноў і Севасцьянка Іваноў з таварышамі і чэляддзю 6 чалавек”, нягледзячы на строгую царскую забарону, прывезлі свой тавар у Маскву. Зыходзячы са зместа гэтага дакумента,“падарожжа” з таварам у белакаменную і памежныя расійскія гарады для іх не было першым.

Бялыніцкія гандляры падтрымлівалі таксама трывалыя стасункі з Галоўчынам, Друцкам, Магілёвам, Віцебскам, Смаленскам, Вільняй і іншымі гарадамі. Пазней гандлёвы шлях злучыў Бялынічы з цэнтральнымі рэгіёнамі Беларусі і Расіі, тут дзейнічаў і мытны пункт.

Цэнтрам мястэчка была рынкавая плошча, ад якой (ХVІІ стагоддзе) адыходзілі вуліцы Віленская, Манастырская, Цяцерынская, Крукава, Плітніцкая, Татарская, Гайная, Красная. За касцёлам пачыналася Глініцкая вуліца, ці Слабада. Да гумнаў вяла неназваная. Былі яшчэ дзве безыменныя вуліцы: адна кіравалася ад рынка да яўрэйскіх могілак, другая з 8 дварамі знаходзілася насупраць Плітніцкай. Цікава, мажліва, з даўняй рэўнасці, але адсутнічала вуліца Галоўчынская, хоць была Цяцерынская.

Будынка ратушы не зафіксавана, як, да слова сказаць, і па сёння не адшукана хоць бы нейкая канкрэтная інфармацыя аб яе пабудове ці існаванні.

На канец ХVІІІ стагоддзя ў нашым мястэчку налічвалася 108 двароў, у Галоўчыне, для параўнання, іх на той час было 116.

Колькасць насельніцтва і сядзібаў пастаянна змяншалі несупынныя войны, што пракочваліся, у тым ліку і праз самі Бялынічы, пажары, уцёкі ад баявых дзеянняў і, вядома ж, у пошуках лепшай долі.

Моцна пацярпелі Бялынічы ў час вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай (1654 – 1667). 6 кастрычніка 1654 года 6 эскадронаў польска-літоўскага войска напалі каля мястэчка на казацкі атрад сотніка Восіпа БУШАКА з палка Канстанціна ПАКЛОНСКАГА, які быў створаны з дазволу маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, і разбілі яго. Паклонскі даносіў цару, што Бялыніцкая воласць разрабавана. Праз чатыры гады мястэчка зноў апынулася ў эпіцэнтры ваенных дзеянняў, якія справакаваў канфлікт, што адбыўся паміж казакамі НЯЧАЯ і рускім войскам.

Паводле ўмоў Андрусаўскага міру (1667) Бялынічы засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай.

Уладзіслаў Сапега ў 1685 годзе прадае за 300 тысяч злотых спадчыннае права на Бялынічы ўдаве Міхаіла Караля Радзівіла Кацярыне. А ў 1696 годзе мястэчка перайшло да князя Казіміра Дамініка АГІНСКАГА. Яно знаходзілася ў складзе Магілёўскай эканоміі, у паселішчы налічвалася 180 двароў.

У 1760 годзе кармеліты замест драўлянага касцёла ўзвялі мураваны ў форме крыжа, а 8 верасня наступнага года ў ім адбылося ўрачыстае ўскладанне карон на цудатворны абраз Маці Божай Бялыніцкай, які намаганнямі Алены Агінскай быў вернуты з Ляхавічаў. У мястэчку дзейнічаў кляштар марыявітак, пансіянат для дочак шляхты.

Паводле падлікаў вядомага беларускага гісторыка Васіля МЯЛЕШКІ, у 1776 годзе ў Бялынічах 21,8 % двароў лічыліся заможнымі, 38,2 – сярэднімі, 40 % – беднымі. І гэта таксама ёсць адзін са станоўчых вынікаў перавагі самакіравання.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) усходняя частка Бялыніччыны разам з самім мястэчкам, якое стала цэнтрам воласці Магілёўскага павета, апынулася ў складзе Расійскай імперыі.

У 1794 годзе расійская імператрыца Кацярына ІІ выдала ўказ аб увядзенні мяжы яўрэйскай аселасці, у выніку чаго колькасць насельніцтва за кошт прымусовага ссялення яўрэяў павялічылася. У 1860 годзе з 1100 жыхароў Бялынічаў 37 % (407 чалавек) па веравызнанні былі католікамі, 33,2 % (365) –  іудзеямі, 29,8 % (328) – праваслаўнымі. Праз 10 гадоў у Бялынічах ужо пражывалі 2559 жыхароў (сяляне складалі 65,8 %, купцы, дзякуючы яўрэям, і мяшчане – 31,9). У адносным супастаўленні складнік яўрэйскага насельніцтва паменшыўся да 31,2 працэнта, але ў абсалютным вылічэнні ён павялічыўся больш як у два разы.

Прывілеем на самакіраванне бялынічане карысталіся да 1803 года.

Неўзабаве пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай на далучаных землях праводзіцца рэформа сістэмы дзяржаўнага ўпарадкавання і кіравання, у выніку чаго Магдэбургскія гарады, вёскі ды мястэчкі пазбавіліся ранейшых вольнасцяў, прывілей, ільгот і манаполій. Зразумела, мяшчане спрабавалі бараніць уласныя, у тым ліку і эканамічныя, інтарэсы. Аб тым, што яны кроўна былі зацікаўлены ў захаванні права на самакіраванне, выразна сведчыць іх наступная грамадзянская пазіцыя: бялынічане распачалі судовы працэс, спадзяючыся вярнуць скасаванае Магдэбургскае права і свой герб. Няпростае высвятленне ўсіх акалічнасцей доўжылася на працягу 29 гадоў – з 1803 да 1832 гг.

Урэшце, Сенат, куды жыхары Бялынічаў перадалі арыгіналы двух прывілеяў на Магдэбургскае права (фундацыйны і канфірмацыйны, дадзены мястэчку ў 1703 годзе), як папярэдне і Магілёўскі павятовы суд, прызнае гэтыя дакументы несапраўднымі, а ўсіх тых месцічаў, якія дамагаліся справядлівасці, як “возмечтавших о мнимой вольности” залічваюць у прыгонныя.

У час Айчыннай вайны 1812 года Бялынічы знаходзіліся ў зоне баявых дзеянняў. 14 лістапада партызанскі атрад Дзяніса ДАВЫДАВА ў ходзе боя авалодаў мястэчкам, разграміўшы варожыя шпіталь, склады.

Паводле інвентару 1825 года, у Бялынічах налічвалася 287 дамоў, 783 жыхары; у 1846 г. жыло 940 чалавек.

З 1855 года дзейнічалі піваварня і прыстань на рацэ Друць.

У 1864 годзе была адкрыта школа (двухкласнае народнае вучылішча), у якой у 1889 годзе вучыліся 50 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак.

Паводле перапісу 1897 года, у мястэчку пражывалі 2300 чалавек.

У 1832 годзе закрываецца кармеліцкі кляштар, а ў 1876 годзе касцёл перадаецца праваслаўным. У наступным годзе з Мсціслаўя ў Бялынічы быў пераведзены праваслаўны мужчынскі манастыр, які атрымаў назву Раства-Багародзіцкі. Служэнне ў ім для многіх яго настаяцеляў стала своеасаблівай прыступкай для іх далейшага духоўнага ўзвышэння, выразнага сцвярджэння сваёй самаахвярнай пакліканасці несці людзям святло веры, духоўнасці. Назавём толькі некаторых з іх: мітрапаліты Мелхіседак (Міхаіл Львовіч Паеўскі), Іосіф (Іван Міхайлавіч Чарноў), архіепіскап Арсеній (Аляксандр Іванавіч Смалянец).

бялкасцёл

Тагачасны ўладальнік Бялынічаў С. МЯСАЕДАЎ у кастрычніку 1899 года адпісвае дзесяціну зямлі для пабудовы новай бальніцы, якая была ўзведзена ў снежні 1902 года.

У 1909 годзе адкрылася бібліятэка, а праз 4 гады пракладзена першая тэлефонная лінія з Цяцерына ў Бялынічы.

З канца лютага да лістапада 1918 года Бялынічы акупіраваны германскімі войскамі. У 1920 годзе дзейнічаў валасны рэўком.

З 1 студзеня 1919 года Бялынічы знаходзіліся ў складзе БССР, з канца лютага 1919 года – у РСФСР, з сакавіка 1924 года – зноў у БССР.

З 17 ліпеня 1924 года – цэнтр раёна Магілёўскай акругі, з 15 студзеня 1938 года – раённы цэнтр Магілёўскай вобласці.

У 1926 годзе пражывала 2425 жыхароў.

У канцы 1920-х гадоў працавалі спажывецкае і крэдытнае таварыствы, метэаралагічная станцыя, электратурбіна, млын, лесапільня, сукнавальня, смалакурня, швейная, кавальская і шавецкія арцелі, хлебазавод, друкарня, гідраэлектрастанцыя, арганізаваны калгас “Чырвоны барэц” (1929), які валодаў 1384 дзесяцінамі зямлі і аб’ядноўваў 118 індывідуальных гаспадарак.

З 1931 года пачала выходзіць раённая газета “Чырвоны калектывіст”, цяпер – “Зара над Друццю”. Цягам 1933-34 гадоў палітаддзел Бялыніцкай МТС выдаваў шматтыражную газету “Камунар”.

У 1941 годзе пабудаваны радыёвузел, дзейнічалі Дом культуры, яслі, дзіцячая кансультацыя, аптэка, амбулаторыя, бальніца, станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, 2 сярэднія школы.

У пачатку ліпеня 1941 года Бялынічы апынуліся на напрамку галоўнага ўдару 2-й танкавай групы нямецка-фашысцкіх войск. Тут трымалі абарону падраздзяленні 172-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі.

Фашысты акупіравалі Бялынічы 6 ліпеня 1941 года. У паселішчы дзейнічала патрыятычнае падполле. Ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Бялынічы вызвалены 29 чэрвеня 1944 года падраздзяленнямі 32-й і 42-й стралковых дывізій з удзелам партызан.

Паводле перапісу 1959 года, у райцэнтры налічвалася 4244 жыхары.

Да гарадскога пасёлка далучаны вёскі Новы Шлях (1972), Бярозаўка, Задруцкая Слабада, пасёлак Тарфяны (1977).

У 2005 годзе ў Бялынічах пабудавана царква, дзе знаходзіцца адзін са спісаў ХІХ стагоддзя цудатворнай іконы Маці Божай Бялыніцкай. Што ж да арыгінала, то лёс яго не вядомы. Разам з крыжам Еўфрасінні Полацкай, слуцкім Евангеллем і шмат якімі іншымі каштоўнасцямі ён знік улетку 1941 года з пакоя-сейфа Магілёўскага абкама КПБ.

Па стане на 1 студзеня 2015 года ў Бялынічах пражывала 10316  чалавек.

Бялынічы з’яўляюцца радзімай Героя Савецкага Саюза Іосіфа СВІДЗІНСКАГА, Героя Сацыялістычнай Працы Станіслава ЯНЧЭЎСКАГА, лаўрэатаў Ленінскай прэміі – Оскара КУРГАНАВА, Дзяржаўнай прэміі СССР – Ігара ШКЛЯРЭЎСКАГА, акадэмікаў Мікалая МАЛЮШЫЦКАГА, Валерыя КАЗАКОВА, доктара навук Валяр’яна СНЫТКО, генерал-маёра Міхаіла ЮШКЕВІЧА, міністра эканомікі Беларусі Дзмітрыя КРУТОГА, пісьменнікаў Янкі ШАРАХОЎСКАГА, Васіля НАЙДЗІНА, Наталлі БАТРАКОВАЙ, Вячаслава КАЗАКЕВІЧА, мастака Ларысы ЖУРАВОВІЧ, майстра спорту міжнароднага класа, заслужанага майстра спорту Беларусі, удзельніцы Алімпійскіх гульняў Валянціны ЦЫБУЛЬСКАЙ.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *