“Плакаць жвірам з пустых вачніц…”

Цікавай прэм’ерай адкрыўся 131 тэатральны сезон Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. На малой сцэне рэжысёр Каміля ХУСАІНАВА паставіла свой дэбютны спектакль “Жоўты пясочак” па аднайменным творы Васіля Быкава.

песок1

Спектакль, які вырас з эскіза, створанага Камілёй Хусаінавай падчас 13-ага маладзёжнага міжнароднага тэатральнага форуму “М.@рт-кантакт”, стаў добрым зачынам на будучы сезон. Рэжысёр яго, якая скончыла БДАМ і цяпер з’яўляецца студэнткай 4 курса РДІСМ у Санкт-Пецярбургу (рэжысёрская майстэрня Г. Р. Трасцянецкага), выбрала няпросты для пастаноўкі на сцэне літаратурны матэрыял.

Публіцыстычнасць твора, яго прывязанасць да часу і бытавых абставін, сацыяльнасць складана трансфармаваць і перанесці з нічым не абмежаванай плоскасці тэксту ў аб’ёмную прастору сцэны з яе ўмоўнасцямі. “Жоўты пясочак” даволі адназначны, але да крайнасці чалавечны. У ім рэпрэсіі 1937 года – не столькі вынік спробы ўстанаўлення адзінаасобнай улады і стварэння савецкай сістэмы, колькі крызіс чалавечнасці, разумення, суперажывання і самасвядомасці, – усяго таго, што робіць нас людзьмі. Таму спектакль паказвае нам адзін маленькі эпізод з вялізнага спісу такіх жа. Акрыяць ад агульнага гора такога маштабу, аб якім гаворыцца ў аповесці, цяжка, для гэтага спатрэбіцца яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Магчыма, з-за цеснай сувязі аўтара з бытавой рэальнасцю перажытых падзей спектаклю не хапіла шматслойнасці, звышпраяўлення сувязі ўнутранага і штодзённага знешняга жыцця герояў, іх інтраспекцыі ў пражыванні непадробнай бяды ў недаступнай для разумення вобласці – тэатральнай ігры.

Тым не менш, рэжысёр зрабіла спробу паглыбіць сэнсы не ў зоне іх грамадскай значнасці, а ў вобласці падсвядомага, для чаго ў сціснутай прасторы малой сцэны, на якой змяшчаюцца мінімалістычныя, але прыгнятаючыя дэкарацыі і сем герояў твора, з’яўляюцца тры безыменныя жаночыя персанажы, уведзеныя Хусаінавай.

Жанчыны ў доўгіх белых сукенках – проціпастаўленне жахам, зламанай псіхіцы і знявечаным характарам герояў. Яны ўвасабляюць сабой іншую прастору існавання, якая стаіць вышэй за рэальнасць. Пастаянна ў розных ролях “шматфункцыянальныя”, яны, як ніткі, па якіх свядомасць здольна падняцца наверх, як святло, якое паглынае змрок. Ім уласціва некаторая адасобленасць ад падзей, якія не выклікаюць у іх належнай рэакцыі ці моцнага суперажывання, хоць гэтыя істоты назіраюць за ўсім і шмат у чым самі прымаюць удзел.

Увядзенне гэтых персанажаў у спектакль адкрывае новы ўзровень у адчуванні глыбіні і аб’ёму расказанай гісторыі, дае магчымасць прачытаць яе ў больш шырокіх варыяцыях сэнсаў. Напэўна, калі б Хусаінава не прыняла такой меры і не ўключыла дадатковыя персанажы, спектакль атрымаўся б больш сухім, а фінал яго не так кранаў бы.

Характар кожнага героя выразна выпісаны дзякуючы сумеснай працы рэжысёра і акцёраў. У кожным мы назіраем рысы чалавечага, якія і сталі адпраўной кропкай дзеянняў або бяздзейнасці, што прывялі, у выніку, у знакаміты “чорны варанок”, дарогі назад з якога няма. І хай на самой справе ён аказаўся зусім не чорным: звычайная машына з нумарам “ЖА1937Х”. Кожны герой раскрываецца праз знарокавае перабольшанне сваёй характарнасці: Шастак (Аляксандр Куляшоў) – паддобрываецца, хітруе, дзейнічае ў асабістых інтарэсах, прыкрываючыся інтарэсамі партыі; Фелікс Гром (Павел Зароўскі) – шчыра падаўлены, бядуе, што ахвяраваў жыццё дзеля паэзіі; Косцікаў (Андрэй Корзан) – выконвае загады без аглядкі, прадчуваючы, што рана ці позна апынецца па той бок барыкад. Матывацыі ўчынкаў герояў зразумелыя і простыя, прадыктаваныя палітыкай, бытам, немагчымасцю быць пачутымі. Яны яшчэ жывыя, але ўжо выкінутыя за мяжу існуючага парадку. І нягледзячы на гэта спрабуюць, кожны па-свойму, захаваць чалавечае аблічча. Спектакль – яшчэ і пра свабоду выбару: нават у крытычнай сітуацыі, калі смерць прызначаная і немінучая, а на шляху да яе аўтазак трапляе ў яму і глухне, асуджаныя выходзяць, каб падштурхнуць яго. Так проста і па-людску.

Іронія – інструмент, якім рэжысёр умела карыстаецца. Менавіта іранічныя моманты дэманструюць характэрнае для сённяшняга дня пераасэнсаванне падзей мінулага.

Імітацыя дзеянняў замест саміх дзеянняў, як, напрыклад, адсутнасць вады ў шклянцы, з якой п’юць акцёры, не парушае паслядоўнасці выкладу, цэльнасці вобразаў. Дэкарацыі ў спектаклі мяняюць свае функцыі, даючы магчымасць пашырэння маленькай прасторы сцэны. Так, напрыклад, металічныя бочкі, у залежнасці ад сітуацыі выкарыстоўваюцца як крэслы, сталы, барабаны, аўтазак жа становіцца агульнай магілай. Нягледзячы на лімітавую сцісласць прасторы і адначасовае існаванне ў ёй некалькіх цэнтральных сцэнічных кропак, якія патрабуюць паралельнай увагі гледача, яны не перабіваюць адзін адно, у чым сумесная заслуга рэжысёра і мастака-пастаноўшчыка Ганны Паляковай.

“Я мяту, мяту двор мяцёлкаю…” Народную песню Падняпроўя спяваюць дзяўчыны ў белым на працягу ўсяго спектакля. Выбар рэжысёра здаецца невыпадковым: хоць у самім спектаклі гучаць толькі першыя два радкі, сама песня – аб нялюбым мужы, пра смерць якога жонка не гаруе, нават наадварот…

Акцёры пераходзяць ад простай мовы да слоў аўтара, што стварае дадатковую плоскасць асэнсавання таго, што адбываецца. Варта адзначыць, што “Жоўты пясочак” ідзе на беларускай мове – другі спектакль за апошнія некалькі гадоў у Магілёўскім драматычным тэатры. У ім ёсць рускамоўныя ўрыўкі – там, дзе гэта апраўдана логікай спектакля.

У асноўным, страх. Адчувальна навісае над глядзельнай залай, распаўсюджваецца ад кожнай кропкі сцэны, сыходзіць ад акцёраў.

У момант, калі ў НКУС прыходзіць разнарадка, колькі неабходна расстраляць людзей на працягу месяца, да якіх прафесій яны павінны належаць, жорны пачынаюць круціцца, і ніхто не застаецца ў баку, у бяспецы. Чалавек, які трапіў у іх, губляе маральныя арыенціры і веру. Усё, што ў яго застаецца, – ён сам і яго памяць.

Плач для шасці галасоў у адной дзеі, як вызначыла жанр спектакля рэжысёр яго, аказваецца адным агульным, у які ўключаецца сёмы, Косцікаў, які расстраляў асуджаных на смерць невінаватых. І яны, безаблічныя, неадметныя, зняўшы вопратку, паварочваюцца да нас спінамі, і так стаяць за калючым дротам у кузаве аўтазака, які зараз не кузаў зусім, а іх агульная магіла. У гэтым віры яны – бессэнсоўныя ахвяры, “ворагі народа”. “Мы ўсе – павукі ў банцы”, – паўтараюць дзяўчыны, абступаючы Косцікава. Выстрал, чырвоная стужка, працягнутая з галавы застрэленага, – добрае рэжысёрскае рашэнне змяніць фінал, паказаць, што абмінуць такога сыходу немагчыма. Раней упадзе на пясчаны пагорак цела з куляй у галаве альбо пазней – не важна, калі кат і ахвяра – адзін чалавек. Вельмі магутная ў плане эмацыйнага ўздзеяння на залу канцоўка: вопратку мерцвякоў пасыпае жоўтым пяском адна з дзяўчын (Юлія Ладзік), чытаючы верш Анатоля Сыса “Адпусціце мяне, Курапаты, нават з куляю ў галаве…”.

Доўга будуць зацягвацца раны магіл 1937 года на целе зямлі.

Але памятаць пра гэта сёння – значыць змагацца.

Алена БЫКАВА.

Фота Дзяніса ВАСІЛЬКОВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *