Аграрыі працягваюць сеяць азімыя збожжавыя культуры

Пасля ўборкі сёлетняга ўраджаю самы час падумаць пра новы. Пра гэта ведаюць усе аграрыі, таму ўжо які тыдзень запар сеюць азімыя збожжавыя культуры.

азімыя

Падчас прыезду журналіста на полі каля вёскі Прыбар, дзе яшчэ зусім нядаўна расла бульба, сяўбой азімай пшаніцы займаліся механізатары ААТ “Новая Друць” Аляксандр ШЫДЛОЎСКІ і Андрэй КРАМКОЎ. У сельскагаспадарчых работах яны прымаюць удзел не першы год, таму ведаюць усе асаблівасці тэхналагічнага працэсу.

Аляксандр Шыдлоўскі – вопытны механізатар, які шчыруе ў таварыстве чатырнаццаты год. За гэты час ніводная сяўба не абышлася без яго ўдзелу.

– У нас кожная хвіліна на ўліку, бо восеньскае надвор’е непрадказальнае. Таму імкнемся штодзённа перавыконваць даведзеныя нормы сяўбы, – падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч.

Насенне пшаніцы своечасова падвозіць вадзіцель Эдуард МЯДЗВЕДЗЕЎ.  У таварыстве ён працуе пяты год. Да гэтага служыў у міліцыі, а з моманту выхаду на пенсію вырашыў прысвяціць час сельскай гаспадарцы.

загрузка

– Паколькі доўга адпачываць не прывык, знайшоў сабе яшчэ адзін занятак па душы, – распавядае вадзіцель. – Праца ў полі – справа ўдзячная. Асабліва цікава назіраць, як новае збожжа будзе расці на палетках. Разумееш, што і частка тваіх намаганняў ёсць у фарміраванні агульнага каравая новага ўраджаю.

Па словах галоўнага агранома ААТ “Новая Друць” Надзеі РУМЯНЦАВАЙ, у гаспадарцы пасеялі 325 га свірэпіцы, 450 га – азімага рапсу і 30 га – жыта ўкоснага гатунку на насенне. Пад пасеў азімых трыцікале, пшаніцы і жыта адведзена 550, 350 і 600 га адпаведна.

– Усё насенне перад сяўбой у абавязковым парадку праходзіць апрацоўку ад шкоднікаў і хвароб, – адзначыла Надзея Міхайлаўна. – Зразумела, каб зямля на будучы год парадавала добрым ураджаем, перш чым сеяць, трэба паклапаціцца аб унясенні ў глебу ўгнаенняў – фосфару і калію.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *