Другі родны дом

Вольга і Сяргей ВАСКОЎСКІЯ пераехалі ў Вялікую Машчаніцу з Віцебшчыны 9 гадоў таму. За гэты час яны паспелі зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку, а ціхі аграгарадок Бялыніччыны стаў для іх сапраўдным домам.

васк2

Сёння Вольга і Сяргей успамінаюць свой пераезд у В. Машчаніцу нават з нейкай душэўнай палёгкай. Родная вёска на Віцебшчыне прыйшла ў заняпад. Цяпер на месцы былой школы засталіся толькі рэшткі цэглы, усё зраўнялі з зямлёй бульдозеры. Ад сельгаспрадпрыемства, дзе маці Вольгі ўсё жыццё рупліва працавала даяркай, таксама амаль нічога не засталося. А маладым людзям хацелася аднаго – жыць добра. Выйсце з сітуацыі, калі родныя мясціны, паддаючыся бязлітаснаму ходу часу, страчваюць сваю былую прывабнасць і не могуць прапанаваць ніякай інфраструктуры для будучай сям’і, знайшлося. Падказала яго аднагрупніца Вольгі па Аршанскім педкаледжы, дзе тыя разам вучыліся.

– Сяброўка патэлефанавала і прапанавала прыехаць да яе, – успамінае Вольга Васкоўская. – Тады вуліца, на якой мы зараз жывём, толькі забудоўвалася дамамі, непадалёку ўзводзіўся комплекс ААТ “Новая Друць”. З мужам пайшлі працаваць у сельгаставарыства. Я асемянатарам, ён – вартаўніком і жывёлаводам.

Так пачалася новая старонка іх жыцця. Праз два месяцы канчаткова пераехалі ў новае жыллё. У сямейнай пары на той момант ужо быў сынок Руслан. Хоць дагэтуль Вольга працавала і дырэктарам клуба, і выкладчыкам, хутка асвоіла новую прафесію. Сяргей заўсёды працаваў з жывёлай. Кажа, неяк з дзяцінства так павялося, што палюбіў гэтую справу. Цяпер, дарэчы, прафесію заатэхніка атрымлівае завочна.

Зараз Вольга працуе па сваёй першай спецыяльнасці – выхавальніцай у дзіцячым садзіку ў аг. Вялікая Машчаніца. І лічыць гэта сваім прызваннем.

– Мне здаецца, што ў гэтай справе важна своечасова ўжываць, вобразна кажучы, і пугу, і пернік, – падзялілася вопытам Вольга. – Выхаванне дзетак, фарміраванне іх характару – даволі складаны працэс, які патрабуе значнай увагі з боку бацькоў і, канечне, выхавацеляў і настаўнікаў.

У сям’і Васкоўскіх кожны знайшоў сабе занятак па душы. Агульнае захапленне хлопчыкаў – канструктары, старэйшы Руслан і сярэдні Мікіта наведваюць школу, а малодшы, Цімафей, – дзіцячы садзік. Руслан ужо вызначыўся са сваёй будучай прафесіяй: марыць стаць зубным урачом. Іх бацька, акрамя працы ў ААТ “Новая Друць”, паспявае даглядаць хатнюю гаспадарку, дзе нядаўна з’явілася папаўненне – нарадзіліся маленькія парасяты. І ў Вольгі з цягам часу з’явілася даволі незвычайнае хобі: яна дапамагае жанчынам карэкціраваць вагу.

васк1

– Пакуль знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку пасля нараджэння Руслана, не было дысцыплінаванага рэжыму дня і неабходнай фізічнай нагрузкі, – распавядае яна. – Стала важыць 100 кілаграмаў. Гэта вельмі цяжка для здароўя, нават простая ўборка ў доме стамляе. Тады цвёрда вырашыла, што трэба худнець. Узялася за сябе, сачыла за рацыёнам, займалася фізічнымі практыкаваннямі – і вынік не прымусіў сябе чакаць. Схуднела на 30 кілаграмаў, і стала адчуваць сябе значна лепш! А потым зразумела: я магу дапамагаць жанчынам з такімі ж праблемамі.

Да Вольгі звяртаюцца па дапамогу ў сацыяльных сетках, па Вайберы. Кожнай яна стараецца дапамагчы, разам яны складаюць рацыён харчавання, план фізічных нагрузак. Самае прыемнае для яе ў гэтай справе – бачыць вынік сваіх намаганняў. Удзячныя сяброўкі дасылаюць свае фота  з добрымі дасягненнямі, цёплыя словы падзякі.

Так, за працай, любімымі заняткамі і адпачынкам праходзяць будні сям’і Васкоўскіх. За дзевяць гадоў жыцця на Бялыніччыне яны не толькі асвоіліся, але і адчулі сябе як дома.

– Мае бацькі засталіся жыць на Віцебшчыне, – кажа Сяргей. – Цешча пераехала разам з намі. Назад пераязджаць не збіраемся.

Удзячнасць – характэрная рыса для іх сям’і. Удзячнасць зямлі, якая стала для іх домам, людзям, якія вакол, а таксама магчымасцям, што тутэйшае жыццё адкрывае перад імі.

– Вельмі зручна тое, што хлопчыкі могуць наведваць розныя секцыі, гурткі па інтарэсах, – адзначаюць Вольга і Сяргей. – Да райцэнтра тут зусім недалёка, у нас ёсць уласны транспарт, таму можам адвезці дзяцей, напрыклад, у ФАК “Друць”. Руслан ужо навучыўся плаваць, на чарзе – Мікітка. Хочацца, каб яны былі прыстасаваныя да жыцця, бо сітуацыі здараюцца розныя, і чым больш навыкаў у іх будзе, тым лягчэй яны будуць вырашаць праблемы ў будучым.

Іх гісторыя – яркая ілюстрацыя таго, што дзверы ў жыццё заўсёды адчыненыя. Трэба толькі выкарыстоўваць кожны шанс, які яно дае, і свет вакол абавязкова зменіцца да лепшага.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *