Куточак малой радзімы ў школьным класе

Кіраўніцтва і калектыў СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага разумеюць важнае значэнне “музейнай педагогікі” ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе школьнікаў. Таму ва ўстанове ў поўнай меры выкарыстоўваецца патэнцыял гісторыка-краязнаўчага і літаратурна-краязнаўчага музеяў. Некалькі гадоў стараннямі педагогаў і вучняў рэалізуецца яшчэ і праект кабінета-імправізацыі “Вясковая школка пачатку ХХ стагоддзя” па матывах трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”.

Безимени-1

Ідэя стварэння кабінета-імправізацыі належыць дырэктару школы Таццяне БАЛДЫШЭЎСКАЙ. Загадвае ім настаўніца рускай мовы і літаратуры Вікторыя РАМАНОВІЧ, а дапамагае ў гэтым яе калега Аксана ЛЫЧКОЎСКАЯ.

Кабінет дае ўяўленне аб уладкаванні вясковай школы ў пачатку мінулага стагоддзя. Большая частка дома, у якім яна месцілася, была адведзена пад памяшканне, дзе вучыліся дзеці. У меншай палове, аддзеленай перагародкай, жыў настаўнік. Менавіта тут, у настаўніцкай частцы кабінета-імправізацыі, знаходзіцца багатая экспазіцыя, прадстаўленая цікавымі і досыць рэдкімі рэчамі.

Напрыклад, гэта агульнадаступныя курсы па дашкольным выхаванні 1913 года выпуску, некалькі асобнікаў часопісу “Ніва” за 1899 год, кніга “Літаратурная спадчына” 1934 года, іншая вучэбная літаратура і кнігі на паліцах.

трое

Значная частка экспазіцыі адлюстроўвае паўсядзённае жыццё вяскоўцаў таго часу. Гэта гаспадарчыя рэчы і прадметы працы: сапраўдныя саматканыя посцілкі, ручнікі, фіранкі, куфар, у якім гаспадары захоўвалі свае рэчы, калекцыя прасаў на вуглях і нават сапраўдныя кросны.

У чырвоным куце знаходзіцца каталіцкая ікона Святой Катарыны. Людзі, якія яе перадалі ў дар, распавялі, што іх сям’я валодала гэтай рэліквіяй з пачатку ХХ стагоддзя. Адзін з вучняў падарыў трафейны акардэон, які яго дзядуля прывёз ў 1945 годзе з Берліна.

Педагогі СШ № 1 прывіваюць вучням любоў да малой радзімы, не абмяжоўваючыся расказамі або дэманстрацыяй музейных экспанатаў. Яны імкнуцца далучыць іх да агульнай справы. І дзецям гэта вельмі цікава. Яны з задавальненнем прыносяць у клас-імправізацыю розныя рэчы, бо ім прыемна адчуваць сваю прыналежнасць да яго напаўнення, каб з гонарам сказаць, што і рэч з іх сям’і займае сваё месца ў экспазіцыі.

На сцяне збоку ад вучнёўскіх парт размешчаны старыя, у асноўным, вышытыя карціны. Адну з іх у 1936 годзе падарылі вучаніцы вясковай школы за добрую вучобу. У той цяжкі час заахвоціць выдатніцу асабліва не было чым. Тады настаўнік, які захапляўся жывапісам, намаляваў эскіз карціны і размаляваў яго рознакаляровай крэйдай. Гэта вельмі павучальна, бо, здавалася б, такая простая рэч, а наколькі каштоўнай яна аказалася для людзей, што збераглі яе да нашага часу.

Імправізаваная школка функцыянуе і як звычайны клас: настаўнікі праводзяць у кабінеце ўрокі па беларускай і рускай літаратуры, гісторыі Беларусі, геаграфіі, пазашкольныя мерапрыемствы. Калі вывучаецца побыт беларусаў пачатку і сярэдзіны мінулага стагоддзя, вучні атрымліваюць пра яго нагляднае ўяўленне. Яны пачынаюць усведамляць, наколькі цяжка жылося іх прадзедам i прабабулям. Але, нягледзячы на гэта, людзі і тады імкнуліся да ведаў, дзеткі наведвалі школу.

Усе рэчы, прадстаўленыя ў кабінеце-імправізацыі, маюць жывую гісторыю. Яны нагадваюць вучням аб сотнях іншых жыццяў, дапамагаюць задумацца над тым, што іх акружае: пра сямейныя рэліквіі і ўласны радавод, хто яны ёсць і навошта жывуць, што пакінуць сваім нашчадкам.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *