Поспех СМІ ў руках маладога пакалення

IV абласны форум маладых журналістаў прайшоў днямі ў Магілёве. Арганізатарамі яго выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і абласное аддзяленне ГА “Беларускі саюз журналістаў”.

Безимени-1

На мерапрыемства былі запрошаны маладыя журналісты СМІ Магілёўшчыны і студэнты МДУ імя А. А. Куляшова, каб разам абмеркаваць праблемы сучаснай журналістыкі. Цікавілі маладых людзей пытанні далейшага існавання і развіцця друкаваных СМІ, магчымасці іх папулярызацыі ў інтэрнэце з выкарыстаннем тэхналогій сацсетак, канвергенцыі ва ўмовах сучаснай канкурэнцыі сродкаў масавай інфармацыі.

Падчас адкрыцця форуму перад моладзю выступілі начальнік упраўлення па рабоце са СМІ і маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Алена ДЗІВАКОВА і намеснік старшыні абларганізацыі ГА “Беларускі саюз журналістаў” Генадзь ЛЯХАЎ. Чырвонай ніткай праз іх выступленні прайшлі словы аб тым, што друкаваныя СМІ не спыняць свайго існавання, і прыкладам таму могуць паслужыць еўрапейскія краіны накшталт Нарвегіі і Даніі, дзе друкаваныя СМІ карыстаюцца папулярнасцю і даверам сярод грамадзян. Прычына ў тым, што, нягледзячы на хуткае развіццё блогаў і распаўсюджанне некампетэнтных меркаванняў у інтэрнэце, газета застаецца важнай крыніцай інфармацыі, над стварэннем якой працуюць кампетэнтныя адукаваныя людзі. А іх галоўны прынцып – казаць праўду і правяраць атрыманыя дадзеныя.

Майстар-класы ў рамках форуму правялі журналісты Ірына ПАЛАВІКОВА, Віктар КУБЕКА, Юрый РАМАНАЎ, Яўген БУЛАВА, фотамастак Васіль ЦІТОЎ і іншыя.

– Упершыню адчуў, што задаволены вынікамі сваёй працы, калі перасягнуў узрост сарака гадоў, – падзяліўся вопытам з маладымі калегамі спецыяльны карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва “Магілёўскія ведамасці” Віктар Кубека. – Таму жадаю падчас вашага прафесійнага станаўлення адносіцца да сябе патрабавальна, ніколі не спыняцца ў развіцці, адукацыі. Неабходна таксама некалькі разоў правяраць уласныя матэрыялы, якія выходзяць у друк. Усё гэта і ёсць залог прафесійнага поспеху.

Тэмы, якія былі закрануты на форуме, сапраўды важныя і актуальныя. Накірункі маладзёжнай палітыкі краіны, трэнды сацыяльных сетак і іх выкарыстанне на карысць друкаваных СМІ, асвятленне тэм аграпрамысловага комплексу, аўтарскі стыль журналіста і формы падачы матэрыялаў – усё гэта не засталося без увагі ўдзельнікаў форуму.

– Мерапрыемства было не толькі цікавым, але і карысным, – кажа студэнтка 4 курса аддзялення журналістыкі МДУ імя А. А. Куляшова Крысціна БАШАРЫМАВА. – Я толькі пачынаю спрабаваць сябе ў прафесіі, яна мне вельмі падабаецца, і парады, якія пачула сёння ад сталых журналістаў, абавязкова паспрабую выкарыстаць на практыцы. Мы ўсе разам звярнулі ўвагу на тыя моманты і бакі працы журналіста, якія ў паўсядзённым жыцці не заўважаем. Лічу, што ў гэтым заключана асноўная каштоўнасць форуму.

Маладыя людзі не толькі слухалі старэйшых калег, але і задавалі ім пытанні, цікавіліся асаблівасцямі працы ў розных СМІ. Напрыканцы форуму ўсе яго ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты, якія ўручыла галоўны рэдактар інфармагенцтва “Магілёўскія ведамасці” Святлана ШУТАВА.

Алена БЫКАВА.

Фота Марыям ТАБАГАРЫ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *