Піў, а потым біў

Да пакарання ў выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі па арт. 147 ч. 1 КК РБ асуджаны жыхар Бялыніч Н.

На першы погляд, гісторыя пачыналася зусім бяскрыўдна. Да жыхаркі нашага горада Ж. у чэрвені бягучага года завіталі ўвечары двое яе знаёмых: Н. і К. Жанчына загадзя патэлефанавала ім, паклікала да сябе ў госці без усякай нагоды – захацелася выпіць, а добрай кампаніі няма. Спачатку да яе завітаў К., якога гаспадыня дома адправіла ў магазін па спіртное. Дзесьці праз гадзіну прыйшоў і Н., якому жанчына таксама дала грошай і папрасіла набыць дзве бутэлькі віна. Падчас сумеснага распіцця алкаголю паміж мужчынамі адбыўся канфлікт, які ўзнік на глебе асабістай непрыязні: Н. не спадабалася, што К. у размове выкарыстоўвае нецэнзурную лексіку. К. атрымаў некалькі ўдараў кулаком у твар і плечы ад раззлаванага Н. Жанчына паспрабавала супакоіць сябра. Пасля бойкі, якая працягвалася некалькі хвілін, К. накіраваўся дадому і адразу ж лёг спаць. З раніцы мужчына адчуў пакутлівы боль у галаве, але належнага значэння гэтаму не надаў, палічыў, што хутка пройдзе само. Але боль узмацняўся. Брат К. заўважыў, што той адчувае сябе дрэнна, неадэкватна рэагуе, загаворваецца, і выклікаў “хуткую”. У выніку К. патрапіў у рэанімацыю.

Н. прызнаў сваю віну поўнасцю. Яе таксама пацвярджаюць паказанні сведкаў і праведзеныя экспертызы. Згодна з характарыстыкай, прадастаўленай РАУС, Н. злоўжывае спіртнымі напоямі, нідзе не працуе, неаднаразова быў заўважаны ў кампаніі людзей, якія вядуць амаральны лад жыцця. Таксама ён знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага, а некалькі гадоў таму лячыўся ад сіндрома залежнасці ад алкаголю.

Змякчае віну Н. толькі яго чыстасардэчнае прызнанне, а вось абцяжарваючых абставін у гэтай справе значна болей. Гэта ўчыненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення, цяжкія наступствы для здароўя К., а таксама непагашаная судзімасць Н. Цяпер асуджанага чакаюць чатыры года турмы.

                                                                    Таццяна КОЗЫРАВА,

                                                                    старшы следчы РАСК.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *