Сяброўства ў жыцці дапамагае і ў працы

Больш за трыццаць гадоў настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Людміла КАЗЛОЎСКАЯ і рускай мовы і літаратуры Алена СІЛКІНА дзеляцца сваімі ведамі з вучнямі СШ № 2. Яны падобныя адна да адной поглядамі на жыццё, адказным падыходам да працы, сур’ёзным стаўленнем да той справы, якой займаюцца. Таму іх аб’ядноўвае не толькі супрацоўніцтва, але і сяброўства.

Безимени-1

Імёны педагогаў і іх вучняў не раз можна было заўважыць у спісах пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў, праектаў не толькі раённага, але і абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. Іх каласальны вопыт, які яны назапашвалі з году ў год на працягу сваёй працоўнай дзейнасці, ужо колькі гадоў запар дае свой плён.

Для Людмілы Казлоўскай і Алены Сілкінай педагагічная сфера – гэта справа ўсяго жыцця. Колькасць навукова-даследчых работ, напісаных як самімі настаўнікамі, так і іх вучнямі, перамог на алімпіядах, праектаў, у якіх яны прымалі актыўны ўдзел, палічыць вельмі цяжка.

– Прыемна, калі нашы намаганні прыводзяць да добрага выніку, але, калі гэта не атрымліваецца, не адчайваемся, а ідзем далей, – адзначыла Алена Сілкіна.

Цікава тое, што Людміла Анатольеўна і Алена Іванаўна выкладаюць розныя прадметы, але гэта не перашкаджае ім цесна супрацоўнічаць. Наадварот, дружба ў жыцці дапамагае настаўнікам пераадольваць любыя складанасці, з якімі часам прыходзіцца сутыкацца.

– Бывае так, што сустракаеш чалавека і адразу разумееш, што ён адпавядае тваім прынцыпам, поглядам, настрою, – звярнула ўвагу Людміла Казлоўская. – Гэта той, з кім будзе прыемна быць побач не толькі ў рабочы час, але і ў зносінах па-за працай. Такім чалавекам з самага пачатку нашага знаёмства стала для мяне Алена Іванаўна.

Намеснік дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Тамара ГУЗНЯКОВА расказала, што Людміла Анатольеўна і Алена Іванаўна плённа працуюць у пары па асноўных напрамках адукацыйнага працэсу.

– Шмат гадоў таму яны рабілі праект: “Білінгвізм як сродак павышэння якасці адукацыі вучняў”, – дадала Тамара Міхайлаўна. – У рамках яго, з мэтай прааналізаваць іх працу ў пары пры размеркаванні нагрузкі, гэтых настаўнікаў ставілі ў адзін клас, каб адна выкладала русскую мову і літаратуру, другая – беларускую. І, як паказала практыка, дзейнасць у такім тандэме ў іх выдатна атрымалася.

Намеснік дырэктара таксама адзначыла, што Людміла Казлоўская і Алена Сілкіна – настаўнікі, якія маюць сваю сістэму і методыку працы з адоранымі, высокаматываванымі вучнямі пры падрыхтоўцы іх да алімпіяд рознага ўзроўню. Вучні станавіліся пераможцамі і прызёрамі як раённых алімпіяд, так і абласных, і рэспубліканскіх. Напрыклад, упершыню ў гісторыі школы вучні Людмілы Анатольеўны у мінулым навучальным годзе заваявалі тры дыпломы абласнога этапа алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Дастаткова поспехаў у гэтым кірунку і ў Алены Іванаўны. Яе вучаніца Юлія СІМАКОВІЧ на працягу некалькіх гадоў была пераможцай абласнога і рэспубліканскага этапаў алімпіяд па рускай мове. А ў мінулым навучальным годзе яшчэ адна вучаніца Дар’я МІЦЬКОВА на рэспубліканскім этапе прадметнай алімпіяды заваявала Дыплом ІІІ ступені.

Працуюць настаўнікі ў тандэме і ў рамках навукова-даследчай дзейнасці. Некалькі гадоў таму іх работа, прысвечаная нашаму земляку Вячаславу КАЗАКЕВІЧУ, стала лепшай на раённым узроўні, была ўзнагароджана Дыпломам І ступені абласнога этапа і была прадстаўлена на рэспубліканскім.

– Важна тое, што ў якіх конкурсах не прымалі б удзел гэтыя настаўнікі і іх вучні, іх работы заўсёды адрозніваюцца самастойнасцю, – падкрэсліла Тамара Гузнякова. – Думаю, што адзін з асноўных крытэрыяў іх перамог – асоба самога настаўніка. Бо для таго, каб вучань працаваў не толькі на ўроку, але і самастойна, у вольны час, настаўнік павінен падабацца яму як асоба. Калі не будзе павагі, любові да таго чалавека, які дзеліцца з табой сваімі ведамі, нічога добрага з гэтага не выйдзе. Толькі ўзаемнае жаданне, матывацыя вучня і настаўніка можа прывесці да паспяховых вынікаў.

У Людмілы Анатольеўны і Алены Іванаўны атрымліваецца знайсці агульную мову з вучнямі, зацікавіць іх, падбадзёрыць. Разам з такімі педагогамі вучні СШ № 2 дабіваюцца поспехаў, папаўняючы скарбонку школы новымі ўзнагародамі.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *