З 24 па 30 верасня праваахоўнікі склалі 19 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 24 па 30 верасня праваахоўнікі склалі 19 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 12, дробнае хуліганства – 4, сямейны скандал – 3.

Холадна стала. Жыхар вёскі Мяльнік паскардзіўся праваахоўнікам на “даўгарукага”, які скраў з яго падворка амаль паўкуба паколатых дроў.

Не даглядзеў. 26 верасня брыгадай “хуткай” дапамогі быў дастаўлены ў ЦРБ бялынічанін з рванай ранай нагі. Як патлумачыў медыкам, параніўся падчас рамонту трактара на рабочым месцы ў БУКП “Жылкамгас”.

Яшчэ і пабіў. Жыхар Баханяў патэлефанаваў у дзяжурную службу РАУС і паскардзіўся на пасынка, які ў стане алкагольнага ап’янення паскандаліў з ім і пабіў. Праваахоўнікі супакоілі дэбашыра адміністрацыйным пратаколам.

Пакатаўся… Жыхар Цяхціна патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што невядомы скраў яго аўтамабіль. Злодзей устаноўлены, па факце здарэння праводзіцца праверка.

А ў доме – пуста! Раніцай 30 верасня ў дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне аб тым, што невядомыя ўзламалі дзверы лецішча на станцыі Друць і скралі адтуль электраінструменты і бытавую тэхніку.

Адпачываў. Бялынічанка патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што каля шматкватэрнага дома па вуліцы Савецкая ляжыць незнаёмы мужчына ў стане алкагольнага ап’янення. Праваахоўнікі выдалі “адпачывальніку” адміністрацыйны пратакол.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *