А сэрцам цягнулася да роднага дома

Дзе б ні быў чалавек, куды ні заводзіў бы яго лёс, заўсёды ён будзе памятаць пра тое месца, дзе нарадзіўся. І калі ў адных аб родным доме засталіся толькі ўспаміны, то многія маюць магчымасць часта бываць у дарагіх сэрцу мясцінах, клапаціцца аб іх, насычацца цеплынёй, аптымізмам і спакоем, які дораць яшчэ жывыя бацькі.

Галя 1

Падчас адной з творчых камандзіровак завітала ў госці да даўняй знаёмай Галіны ПАТАРЫКІНАЙ. Нарадзілася яна ў вёсцы Сіпайлы, але жыццёвыя перыпетыі закінулі яе ў Светлагорск. Як высветлілася, не назаўсёды. Прайшло колькі часу, і Галіна Васільеўна з мужам Уладзімірам Емяльянавічам сталі наведваць Сіпайлы ўсё часцей і часцей – дапамагаць старэнькай маці. А пасля выхаду на заслужаны адпачынак і ўвогуле сталі праводзіць у вёсцы большую частку года. Толькі ў самыя халодныя месяцы перабіраюцца ў гарадскую кватэру.

Галіна Васільеўна актыўна ўдзельнічае ў жыцці роднай вёскі. Кожную вясну з мужам далучаюцца да суботнікаў па навядзенні парадку на грамадскіх могілках і на вуліцы, дзе стаіць бацькоўскі дом. У мінулым годзе разам з суседзямі і сябрамі талакой добраўпарадкавалі вясковую крыніцу.

– Тэлеканал “Беларусь-4” нават відэасюжэт зрабіў пра нашу крынічку, – гаворыць Галіна Васільеўна. – Вада ў ёй сапраўды карысная для здароўя, хваробы хутчэй праходзяць. Крынічнай вадой карыстаюцца не толькі мясцовыя жыхары, за ёй прыязджаюць з розных куткоў Магілёўшчыны.

Галя 3

Пакуль знаходзяцца ў вёсцы, у Патарыкіных спраў шмат: трэба дагледзець сад і гарод, падкасіць траву не толькі на ўласнай сядзібе, але і каля крынічкі. Гэта месца яны з суседзямі падтрымліваюць ва ўзорным парадку.

Галіна Васільеўна таксама вырошчвае на ўчастку безліч кветак, шмат рознай садавіны ды гародніны. І родная зямля дзякуе ёй за клопат багатым ураджаем.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *