Букет з трох кветачак шчасця

Кажуць, што сапраўдны сэнс жыцця з’яўляецца ў жанчыны тады, калі нараджаецца на свет яе дзіця. Гэта маленькае стварэнне здольна ўпрыгожыць нават самы хмурны дзень. Дзеці – гэта кветкі жыцця, якія ўпрыгожваюць сям’ю, прыносячы ў яе вялікае шчасце. Бялынічанка Надзея МАЦЮК на асабістым прыкладзе неаднойчы пераканалася ў гэтым. Разам з мужам Уладзімірам яны выхоўваюць трое дзяцей.

матюк

Адзінаццаць гадоў таму муж і жонка нават і падумаць не маглі, што стануць бацькамі тройчы, а цяпер ужо не ўяўляюць жыццё без свайго сыночка Захара і дзвюх дачушак – Веранікі і маленькай Сафійкі.

– Я заўсёды марыла аб дружнай і вялікай сям’і, – прызналася Надзея. – У дзяцінстве лепшым сябрам для мяне быў брат, і я вырашыла, што ў мяне таксама будзе як мінімум двое дзетак.

Дзесяць гадоў таму ў сям’і з’явіўся першынец. Маладыя бацькі, безумоўна, радаваліся з’яўленню на свет сыночка. Ішоў час, хлопчык з кожным годам станавіўся больш дарослым і, як будучы мужчына, большасць часу праводзіў каля бацькі. А Надзеі так хацелася дзіцячай увагі, таму тры з паловай гады таму іх сям’ю ўпрыгожыла маленькая кветачка Вераніка.

Дзяўчынка расце вельмі актыўнай і камунікабельнай, з задавальненнем наведвае дзіцячы садзік. Кожны раз, калі Вераніка прыходзіць дадому, расказвае маці ўсё, што адбылося ў яе за дзень.

– Часам можа ўвесь вечар выказваць уражанні ад пражытага дня, – распавядае маладая маці. – Зараз у яе такі ўзрост, што ўсё цікава, і пры гэтым не забывае падзяліцца навінамі са мной.

– У садзіку нас вучылі таму, што нельга адкрываць дзверы незнаёмым людзям, а я і так гэта ведала, – падзялілася дзяўчынка і з журналістам райгазеты. – Пра гэта нам дома заўсёды кажуць мама і тата, а мы іх слухаемся.

Сапраўды, са слоў Надзеі, яны з мужам пастаянна займаюцца з дзецьмі. Большасць часу яны праводзяць з маці, паколькі ў дадзены момант яна знаходзіцца ў трэцім дэкрэтным адпачынку. Паўгода таму ў сям’і паявілася яшчэ адна дачушка Сафія.

– Вядома, глядзець адразу за ўсімі цяжкавата, але я ўжо прывыкла, тым больш, Захар, адчуваючы, што ён старэйшы брат, мне шмат дапамагае, – адзначыла Надзея. – Ён можа і з Веранікай пазаймацца, і за малодшай прыглядзець. Таму сынок для мяне – лепшы памочнік. Зрабіла выснову – чым больш у сям’і дзяцей, тым хутчэй кожны з іх прывыкае да самастойнасці, вучыцца дапамагаць адзін аднаму, падтрымліваць. Побач з імі заўсёды забываюцца ўсе праблемы, з якімі часам даводзіцца сутыкнуцца, тады разумею, што я самая шчаслівая. Ніколькі не шкадую, што ў нас такая вялікая дружная сям’я.

Гледзячы на Надзею, разумееш, што вочы яе свецяцца ад шчасця. Цяпер у мнагадзетнай сям’і адна вялікая мара – набыць уласнае жыллё. Зразумела, што туліцца з трыма дзецьмі ў інтэрнаце не камфортна. Дзеткі растуць і кожны патрабуе свой асобны куток, каб можна было зрабіць урокі, пагуляць з цацкамі і проста адпачыць.

Але, дзякуючы таму, што сям’я Мацюк на жыццё глядзіць аптымістычна, яны вераць у тое, што калі моцна чагосьці захацець, яно абавязкова ў хуткім часе збудзецца, таму надзеі не губляюць, бо яна заўсёды з імі ў асобе захавальніцы сямейнага ачага.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *