Песня прыносіць радасць

Элегантны касцюм, белая кашуля, бабачка… Такім гледачы сустракаюць на сцэне Дзяніса Дзеравяшкіна. Паколькі горад у нас невялікі, напэўна, кожны бялынічанін хоць раз у жыцці чуў, як прыгожа спявае гэты малады выканаўца.

Денис

Традыцыйна музычная кар’ера артыстаў пачынаецца з заканчэння музычнай школы, але гэта не пра Дзяніса. Паколькі ён нарадзіўся ў сям’і музыканта, аб будучай прафесіі сына было зразумела з самага дзяцінства. Спяваць ён пачаў шасцігадовым хлопчыкам дома. І на пытанне журналіста: “Чаму менавіта музычная сфера?” Дзяніс адказвае смела:

– Гэта ўсё бацька.

Але, зразумела, калі б не прыроджаны талент і любоў да музыкі самаго Дзяніса, то ўрокі яго бацькі, Юрыя Іванавіча, не далі б такіх вынікаў. Маленькім хлопчыкам Дзяніс хутка пераймаў бацькоўскі вопыт. Заняткі дома па вечарах не прайшлі дарма: праз некалькі гадоў яго ўвагу прыцягнула вакальная студыя “Расінка” пры МЦ “Ветразь”. І не толькі таму, што там у свой час працаваў бацька, наведванне вакальнай студыі дазволіла Дзянісу паказаць свае музычныя здольнасці на сцэне. У дзесяцігадовым узросце адбыўся яго дэбют у складзе музычнага калектыву. Першае выступленне ў дэталях ён ужо не памятае, але прыгадвае, што спяваць перад вялікай колькасцю гледачоў вельмі спадабалася.

Час ішоў. Пасля заканчэння школы вырашыў паступаць у архітэктурна-будаўнічы каледж Магілёва, паколькі паступленне ў навучальныя ўстановы, звязаныя з музыкай, патрабавалі заканчэння спецыялізаванай школы.

На шчасце, атрымалася так, што лёс вырашыў не забіраць у Дзяніса дзіцячую мару – стаць артыстам.

– Па ўдаламу збегу абставінаў я даведаўся пра тое, што ў Мінску ёсць музычны каледж імя М. І. Глінкі і туды залічваюць без заканчэння музычнай школы, – успамінае Дзяніс. – Паехаў і паступіў. З гэтага і пачалася мая прафесійная кар’ера.

Гады вучобы прайшлі хутка. Калі прыйшоў час выбіраць першае месца працы, Дзяніс не задумваючыся вырашыў вярнуцца дадому. Безумоўна, сталічнае жыццё вабіла маладога хлопца застацца ў вялікім горадзе, але сэрца яго рвалася на малую радзіму – у Бялынічы.

– Вырашыў, што тут мае бацькі, сябры, людзі, якія заўсёды вераць у мяне і падтрымліваюць, – адзначае Дзяніс. – Прыехаў спяваць для землякоў.

І з выбарам малады выканаўца не памыліўся. Тут ён знайшоў свайго гледача, тут любяць яго выступленні, заўсёды апладзіруюць і падпяваюць.

Адчуваючы такую веру ў сябе з боку слухачоў, Дзяніс заўсёды рыхтуецца да канцэртаў добрасумленна.

– Я не магу падвесці свайго гледача, – падкрэсліў ён. – Рэпетыцыям надаю вялікую ўвагу. Кожны выхад на сцэну, безумоўна, хвалюючы для мяне незалежна ад маштабу канцэрта.

Між іншым, як адзначыў Дзяніс, ні вопыт, ні звычка, ні разуменне таго, што гэта яго праца, справіцца з хваляваннем перад канцэртам не дапамагаюць.

– Яно прысутнічае заўсёды, – расказвае Дзяніс. – Напрыклад, часта даводзіцца перажываць за тэкст. Бываюць мерапрыемствы, да якіх трэба вывучыць некалькі песень. А ў кожнай з іх ёсць свая складанасць і вакальная, і тэатральная.

Нягледзячы на ўсё гэта, выступленні Дзяніса заўсёды атрымліваюцца прафесійнымі. Усё таму, што ў кожнае ён укладвае ўсю сваю душу.

– Мяне з дзяцінства вучылі, што песня – гэта радасць, – адзначыў музыкант. – Прыемна, што мая праца прыносіць задавальненне людзям. Няхай, стамляюся і фізічна, і маральна, але без канцэртаў ужо не магу.

Любоў да музыкі ён прывівае і сваім вучням, якія наведваюць вакальны ансамбль “Тоніка” ў раённым Цэнтры культуры пад яго кіраўніцтвам.

– Да мяне прыходзяць падлеткі ад 12 да 16 гадоў, – распавядае малады выкладчык. – У такім узросце ў дзяцей сфарміроўваецца голас і можна пачынаць развіваць вакальныя здольнасці.

Акрамя гэтага, Дзяніс Юр’евіч прапаноўвае сваім вучням наведваць заняткі ў гуртку акцёрскага майстэрства.

– Гэта для таго, каб, апроч спеваў, яны развівалі артыстызм, – адзначае ён. – Спяванне без харызмы і акцёрскай ігры – гэта не спяванне. Ва ўсім павінна быць іскра, каб зацікавіць гледачоў.

У дадатак да ўсяго, ва ўстанове культуры Дзяніс Дзеравяшкін працуе яшчэ акампаніятарам і гукааператарам.

– Гэта таксама патрабуе часу, з калегамі пастаянна працуем над гукам, апаратурай, каб падчас канцэрту не было збояў, – расказвае пра тонкасці справы Дзяніс.

Дарэчы, з калектывам РЦК у Дзяніса склаліся добрыя адносіны. Паводле яго слоў, большасць калег, як і ён, пачалі сваю кар’еру нядаўна. Таму, акрамя працы, яны сябруюць і ў жыцці.

Пра планы на будучыню Дзяніс расказваць пакуль не жадае. Зразумела, што мара любога артыста – праславіцца далёка за межамі роднага горада. Але ён лічыць, што сваю кар’еру перш за ўсё трэба строіць на малой радзіме. Калі адчуе патрэбу ў пашырэнні аўдыторыі гледачоў, абавязкова пачне дзейнічаць у гэтым напрамку.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *