Стань прыкметным

Шматгадовая практыка пацвярджае, што з надыходам восені часцей адбываюцца наезды на пешаходаў. Прычым, каля паловы з іх – у цёмны час сутак і на неасветленых дарогах.

Характэрнай асаблівасцю гэтых ДТЗ з’яўляюцца цяжкія наступствы.

За 8 месяцаў 2018 года на тэрыторыі Бялыніч і раёна зарэгістраваны 7 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 10 чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці і 1 чалавек загінуў.

Адным з самых дзейсных спосабаў засцерагчы сябе на дарозе з’яўляецца выкарыстанне святлоадбівальных элементаў. Эфектыўнасць флікераў за некалькі апошніх гадоў даказана на практыцы: колькасць ДТЗ з удзелам пешаходаў паменшылася.

Правілы дарожнага руху абавязваюць пешаходаў выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы ў цёмны час сутак і дадзенае патрабаванне распаўсюджваецца не толькі на пешахода, які рухаецца па краі праезнай часткі дарогі ў сельскай мясцовасці, але і на пешахода, які ідзе ў горадзе па вуліцы без тратуара ў прыватным сектары альбо па праездзе ў дваровай тэрыторыі.

Пры руху ў цемры вадзіцель бачыць толькі тую частку дарогі, якая асветлена фарамі аўтамабіля. Пры гэтым успрыманне светлавых кантрастаў становіцца горш, чым пры дзённым святле, і цяжэй заўважыць пешаходаў. А калі да гэтага дадаецца туман і дробны дождж, то і без таго невыразная фігура чалавека цалкам зліваецца з цемрай. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што пешаходы, як правіла, думаюць, што вадзіцель іх ужо заўважыў. Але часта ўсё бывае наадварот. Некаторыя пешыя ўдзельнікі руху да гэтага часу не хочуць разумець, што без святлоадбівальных элементаў выходзіць на праезную частку ў цёмны час сутак вельмі небяспечна.

Супрацоўнікі РАУС актывізуюць работу па выяўленні і спыненні парушэнняў ПДР пешаходамі. Штодзень праводзяцца адпрацоўкі населеных пунктаў, якія прылягаюць да аўтадарог. Даволі шмат рэгіструецца выпадкаў з’яўлення на праезнай частцы пешаходаў у нецвярозым стане.

Трэба ведаць, што згодна з арт. 18.23.4 КаАП РБ, за парушэнне ПДР пешаходамі ў стане алкагольнага ап’янення прадугледжаны штраф да 3 бв.

За 8 месяцаў бягучага года да адміністрацыйнай адказнасці за невыкарыстанне святлоадбівальных элементаў прыцягнуты 353 чалавекі.

Сённяшняя індустрыя прапануе вялікую разнастайнасць святлоадбівальнай прадукцыі: камізэлькі, нарукаўныя павязкі, паясы, стужкі, фігуркі розных форм. Выбар ёсць і ў дзяцей, і ў дарослых.

Неабходна памятаць, што насіць святлоадбівальныя элементы трэба так, каб вадзіцелі транспартных сродкаў іх адразу бачылі. Лепш за ўсё іх трэба размяшчаць на пярэдняй частцы адзення.

Памятайце, што выкарыстанне святлоадбівальных элементаў не толькі патрабаванне ПДР, гэта яшчэ і зарука вашай бяспекі на дарозе.

         Міхаіл НЯМЫЦЬКА,

         намеснік начальніка РАУС па ІРі КЗ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *