У РАУС адзначылі 100 год з даты ўтварэння падраздзяленняў крымінальнага вышуку

У РАУС адзначылі 100 год з даты ўтварэння  падраздзяленняў крымінальнага вышуку.

100 лет

На ўрачыстае мерапрыемства сабраліся кіраўніцтва і супрацоўнікі міліцыі, ветэраны органаў унутраных спраў, якія ўзначальвалі службу крымінальнага вышуку альбо шмат гадоў прысвяцілі ёй.

Напачатку ўдзельнікі сустрэчы прагледзелі тэматычны фільм аб станаўленні і развіцці службы крымінальнага вышуку ў Магілёўскай вобласці.

Затым са словамі віншавання выступіў начальнік РАУС Сяргей КРАСНОЎ. Ён узнагародзіў юбілейным медалём “100 год міліцыі Беларусі” і нагрудным знакам “За адданасць службе” старшага оперупаўнаважанага АКВ Андрэя ГАРБУЗАВА, уручыў нагрудныя знакі адзнакі “За прафесійныя поспехі” старшаму лейтэнанту міліцыі Вікторыі САФАРАВАЙ і старшаму сяржанту міліцыі Мікалаю СЦЯПАНАВУ.

Таксама начальнік РАУС уручыў нагрудныя памятныя знакі “100 гадоў Магілёўскай міліцыі” і кнігу, выдадзеную ў гонар 100-годдзя крымінальнага вышуку, ветэранам службы Максу КРОЛУ, Анатолю БАЛДЫШЭЎСКАМУ і Віктару ЛАПО. Шэраг супрацоўнікаў АКВ, а таксама ветэраны службы атрымалі падзякі начальнікаў УКВ УУС Магаблвыканкама і РАУС.

Цёплыя словы на адрас правафланговых міліцэйскай службы выказаў і начальнік АКВ РАУС Аляксандр Балдышэўскі. Ён пажадаў саслужыўцам пастаянна расці ў прафесіі, а таксама моцнага тылу ў выглядзе цёплых адносін з боку родных і блізкіх.

У гонар свята перад прысутнымі выступілі былыя кіраўнікі АКВ РАУС. Адзін са старэйшых ветэранаў міліцэйскай службы Макс Крол падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы і прагледжанага фільма. Ён адзначыў, што часта параўноўвае свой працоўны шлях са службай цяперашняга складу АКВ, і схіляецца да думкі, што як раней, так і сёння супрацоўнікі крымінальнага вышуку – не “выпадковыя” людзі, а сапраўдныя прафесіяналы. Да таго ж зараз на дапамогу міліцыянерам прыйшлі камп’ютарныя тэхналогіі. Ён пажадаў сённяшняму калектыву аддзялення крымінальнага вышуку не расчаравацца ў сваёй службе і самааддана праходзіць усе яе складанасці і выпрабаванні. Макс Мееравіч падзякаваў кіраўніцтву РАУС, што не забываюць ветэранаў міліцыі, часта запрашаюць на тэматычныя мерапрыемствы.

Прадоўжылася сустрэча ў больш нефармальнай абстаноўцы ў сценах РАУС. Ветэранам службы было пра што пагаварыць і падзяліцца ўспамінамі аб гадах службы.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *