Выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх адбылося ў СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага

Выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх адбылося ў СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага.

Безимени-1

Члены камісіі разгледзілі справу групы непаўналетніх вучняў СШ № 1. У жніўні адзін з іх зрабіў злачынства па арт. 206 КК РБ (рабаванне), другі – па арт. 236 КК РБ (набыццё або збыт матэрыяльных каштоўнасцей, заведама здабытых злачынным шляхам). Таццяна Мякшына распавяла прысутным, сярод якіх былі старшакласнікі школы, іх класныя кіраўнікі і прадстаўнікі адміністрацыі ўстановы адукацыі, што гэтыя хлопцы адабралі партатыўную музычную калонку ў свайго знаёмага. Спярша прасілі даць ім музычную прыладу, каб паслухаць музыку, але той ім адмовіў. Доўга не думаючы, адзін з хлопцаў адабраў калонку. Затым вясёлая кампанія накіравалася ў цэнтр горада.

Таццяна Уладзіміраўна звярнула ўвагу прысутных на тое, што калонка была адабрана ў прысутнасці яе ўладальніка, а гэта ўжо не крадзеж, а рабаванне, за якое прадугледжана пакаранне даволі сур’ёзнае.

Малалетніх злачынцаў выратавала толькі тое, што абодва не дасягнулі ўзросту, з якога пачынаецца крымiнальная адказнасць. Таму рашэннем камісіі непаўналетнія атрымалі толькі папярэджанне, таксама ІСН РАУС будзе праводзіць з імі індывідуальную прафілактычную работу.

Школьнікам нагадалі, што па большасці артыкулаў крымінальная і адміністрацыйная адказнасць пачынаецца з 16 гадоў, аднак ёсць пералік злачынстваў, пасля ўчынення якіх трапіць за краты можна і ў 14-гадовым узросце.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх агучыла, што па стане на 27 верасня на ўліку ў ІСН РАУС знаходзяцца пяць злачынстваў, зробленых непаўналетнімі. Яна заклікала дзяцей уважліва сачыць за сваімі паводзінамі, сто разоў абдумаць тое, што плануюць зрабіць.

– Нават самыя дробныя злачынствы, якія вы зробіце ў раннім узросце, могуць дрэнна паўплываць на ваша жыццё, калі пачнеце сур’ёзна задумвацца пра сваю будучыню, – адзначыла Таццяна Мякшына.

Анатоль Літаеў прасіў школьнікаў, каб яны сачылі за сваімі старонкамі ў сацыяльных сетках. Звяртаў увагу, што нават за адзнаку “клас” на фота ці відэа, якія змяшчаюць парнаграфічны характар, рана ці позна іх выклічуць у РАУС.

– Думайце над кожным сваім учынкам, каб не падстаўляць ні сябе, ні бацькоў, ні настаўнікаў, – падкрэсліў ён.

школьники

                     Марына АЛЯКСАНДРАВА.

                        Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *