Галоўнае для іх – удзячныя і шчаслівыя гледачы

Галоўчынскі сельскі дом культурымесца, дзе збіраюцца самыя творчыя людзі аграгарадка. Культурнае жыццё там у самым росквіце, хоць работнікаў СДК нямнога – толькі двое. Дырэктар яго Ірына ЦУДЗІКАВА і хормайстар Леанід ШУТ складаюць не толькі сямейны, але і творчы тандэм, ствараючы для жыхароў раёна музычныя і харэаграфічныя нумары, якім тыя часта апладзіруюць стоячы.

сдк2

Леанід Міхайлавіч пераехаў у Галоўчын год таму. Дагэтуль працаваў дырэктарам Хойнікскага раённага дома культуры на Гомельшчыне. На курсах павышэння кваліфікацыі ў Мінску сустрэў Ірыну Фёдараўну – і жыццё змянілася глабальна. Нягледзячы на тое, што “маштаб” пры пераездзе значна паменьшаў з раёна да сельскага савета, кар’ера для хормайстара не выконвала галоўнай ролі – любая праца, як прызнаецца мужчына, для яго ў радасць. Цяпер яны разам аддаюць любімай справе ўсю душу, прысвячаюць шмат часу, і нават дома гаворка часта заходзіць не аб гаспадарчых, а аб працоўных справах. Такая ў творчых людзей прырода – аддавацца поўнасцю таму, што робіш.

– Любоў да музыкі перадалася мне ад бацькоў, маці вельмі добра спявала, у яе быў прыродны талент, – распавядае Леанід Шут. – З дзяцінства запомнілася, як жанчыны ў нашай вёсцы збіраліся і спявалі народныя песні. Зараз кірую ансамблем народнай песні “Жніво” пры СДК. У ім займаемся менавіта адраджэннем аўтэнтычных песень. Нельга страчваць народную культуру, закладзеную ў нас глыбока ў падсвядомасці, бо перадавалася яна раней з пакалення ў пакаленне на працягу стагоддзяў. Ансамбль зараз налічвае 4 чалавекі. У нашым рэпертуары ёсць і эстрадныя кампазіцыі ў народным стылі. Мне падабаецца творчасць ансамбляў “Бяседа”, “Песняры”, таму іх песні выконваем з асаблівай цеплынёй.

Але на гэтым таленты Леаніда Міхайлавіча не заканчваюцца. Ён займаецца разьбой па дрэве, марыць адкрыць дзіцячы гурток у гэтым накірунку. Нюансаў пакуль шмат: неабходна памяшканне, дзе можна займацца пыльнай у прамым сэнсе справай, лакіраваць і сушыць драўляныя прадметы інтэр’еру, посуд.

Па выніках працы за 2017 год Галоўчынскі СДК быў прызнаны лепшым у раёне.

– Мы ніколі не імкнуліся зарабіць дыпломы і граматы, – падзялілася думкай Ірына Фёдараўна. – Галоўны прынцып для мяне – любоў да сваёй справы. Тады ўсё атрымліваецца, а любыя перашкоды абыходзяць бокам. Па адукацыі я харэограф і па сённяшні дзень займаюся з дзецьмі народнымі танцамі – гэта надае мне сіл і энергіі. Заняткі з імі праходзяць яшчэ і па вакальным накірунку, таксама дзейнічае клуб аматараў вязання “Рукадзельніца”. Усе дзеткі, якія прыходзяць да нас займацца, таленавітыя. Мы маем прызавыя месцы ў вакальным конкурсе “Крынічкі”, аглядзе-конкурсе “Бялыніцкая тэатральная восень”, творчым праекце “Палітра Бялыніцкага краю” і іншых. І ўсё гэта дзякуючы энтузіязму нашых вучняў і, канечне ж, інтарэсу гледачоў. Шмат ездзім з канцэртамі па сельскіх населеных пунктах раёна.

Леанід Міхайлавіч і Ірына Фёдараўна і ў доме культуры, і дома стараюцца падтрымліваць адзін аднаго ва ўсіх пачынаннях. І гэта таксама значны складнік поспеху, які для артыстаў вымяраецца толькі адным паказчыкам: падзякай гледачоў. Звычайна, падчас фінальных нумароў канцэртаў  удзячныя слухачы падпяваюць і апладзіруюць стоячы. Асабліва часта гэта адбываецца ў маланаселеных пунктах і месцах, дзе людзям не хапае ўвагі. Вельмі цёпла публіка сустрэла ў ДІСІ, дзе выступалі з канцэртам напачатку кастрычніка. Туды артыстаў запрасілі на новае выступленне. Таксама карыстаюцца папулярнасцю ў галоўчынцаў вечары адпачынку “Каму за трыццаць”.

Усё жыццё творчыя людзі імкнуцца станавіцца лепшымі, чым яны былі ўчора. Леанід Міхайлавіч, напрыклад, на працягу станаўлення як музыканта і вакаліста, а іграе ён, дарэчы, на баяне і іншых музычных інструментах, ствараў творчыя калектывы. Ансамбль “Спадчына”, якім ён кіраваў, атрымаў званне народнага. Папулярнасцю карысталіся “Юнакі Палесся” – калектыў, у які ўваходзілі 6 мужчын. Апошні створаны на Гомельшчыне ансамбль называўся, як і цяперашні ў Галоўчыне, “Жніво”. Прафесійны рост яго ўдзельнікаў быў вельмі хуткім, як падкрэслівае хормайстар.

– Назву музычнага калектыву перанёс з сабою з Хойнікаў не проста так, – адзначае Леанід Шут. – У яго ёсць глыбокі, нават сакральны сэнс: мы пажынаем плады культуры папярэдніх пакаленняў, убіраем у сябе іх мудрасць.

Для Ірыны Фёдараўны як для харэографа важная падача сябе на сцэне: ад упэўненасці рухаў і пластыкі залежыць, якое ўражанне складзе аб сабе нумар у гледачоў. Не заўважыць недакладнасцей уважліваму чалавеку немагчыма. А Леанід Міхайлавіч адным з прынцыпаў сваёй працы лічыць жывы гук, ніколі не запісвае песні загадзя, і заўсёды спявае ад душы, каб энергія даходзіла да залы. Бо толькі тады яна вяртаецца назад, прыносячы адчуванне задавальнення.

Мабыць, усё гэта і ёсць праяўленні іх сапраўднага таленту…

Алена БЫКАВА.

            Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *