Майстэрства дапамагаць людзям

“Калі ласка, будзьце здаровыя, папраўляйцеся хутчэй…” Такімі словамі праводзіць сваіх пакупнікоў загадчык аптэкі № 128 в. Заполле Любоў ГУБІЧ. Гледзячы на добразычлівага фармацэўта, і праўда забываешся на ўсе хваробы.

губич

Аптэка – гэта такая ўстанова, куды прыходзіць кожны з нас хоць раз на год упэўненым у тым, што па той бок прылаўка сустрэне сапраўдны прафесіянал сваёй справы, які дапаможа знайсці патрэбныя лекі. У спісе такіх спецыялістаў і Любоў Фёдараўна, якая любіць сваю працу, а разам з тым і людзей, якія прыходзяць да яе па дапамогу.

Сорак гадоў яна прысвяціла сферы фармацэўтыкі. Прафесію выбірала для сябе свядома, таму і ставіцца да яе сур’ёзна.

– Я родам з Вялікай Машчаніцы, – крыху распавяла сваю біяграфію Любоў Губіч. – Маці працавала ў бальніцы санітаркай, а ў тым жа будынку знаходзілася і аптэка. Часта, прыходзячы да маці, любіла разглядаць усякія слоікі, бутэлечкі, якія стаялі на вітрынах. Мяне гэта ўсё прыцягвала, таму пасля заканчэння школы паступіла ў Магілёўскае медвучылішча.

Гады вучобы імчаліся хутка, і будучая прафесія падабалася Любові Фёдараўне ўсё больш і больш. Калі прыйшоў час размеркавання, маладому фармацэўту прапанавалі два варыянты: паехаць на адпрацоўку ў аптэку адной з мінскіх бальніц, альбо працаваць пры ФАПе ў вёсцы Падзевічы.

Выбар быў нялёгкім, маладая фармацэўт узважвала ўсе “за” і “супраць”. Але сэрца не дазволіла паехаць далёка ад бацькоўскага дома. Так яна трапіла ў Падзевічы.

– Памятаю, калі ехала туды ў першы раз, было жудаснае бездарожжа, – дзеліцца ўспамінамі Любоў Фёдараўна. – Вада ў лужынах даходзіла да прыступак машыны хуткай дапамогі. Гэта быў адзіны раз, калі я пашкадавала аб тым, што не паехала ў сталіцу.

У працу жанчына ўлілася хутка, калектыў быў добры, усе падтрымлівалі адзін аднаго, дапамагалі.

У 1989 годзе ў Заполлі пабудавалі новы будынак бальніцы, куды і перамясціўся Падзевіцкі ФАП, а разам з ім і фармацэўт Любоў Губіч.

Па прыездзе ў Заполле ў Любові Губіч была ўжо сям’я. Апроч працы, шмат часу яна прысвячала выхаванню сваіх дзяцей. Цяпер, калі яны сталі дарослымі, прыязджаюць у родную хату толькі ў госці па выхадных і на адпачынак, таму ўвесь астатні час Любоў Фёдараўна аддае сябе любімай справе.

– Не раз задумвалася над тым, што рабіла б на іншым працоўным месцы, – адзначае фармацэўт. – Настолькі падабаецца мая прафесія, што ў іншай сферы я сябе ўжо не ўяўляю.

За час працоўнай дзейнасці пазнаёмілася практычна з усімі жыхарамі Заполля і бліжэйшых вёсак, таму, калі пакупнікі прыходзяць у аптэку, ім ёсць пра што пагаварыць з фармацэўтам. Любоў Фёдараўна, у сваю чаргу, ведае пра хваробы аднавяскоўцаў, таму і патрэбныя лекі для іх заказвае з запасам.

– Фармацэўт – гэта другі спецыяліст пасля ўрача, да якога звяртаецца чалавек, калі ў яго ўзнікаюць праблемы са здароўем, – адзначае загадчыца аптэкі. – Бывае так, што людзі ідуць не ў паліклініку, а адразу бягуць у аптэку. Калі захворванне не сур’ёзнае і можна абысціся без наведвання доктара, я раю пацыенту патрэбныя лекі.

Каб у складаных сітуацыях дапамагчы чалавеку, фармацэўт павінен быць адказным і выдатна ведаць свае абавязкі. Людзі гэтай прафесіі не маюць права на памылку, бо яна можа каштаваць чалавечага жыцця. Таму работнікі аптэкі ўвесь час удасканальваюць свае прафесійныя веды. У гэтай справе на дапамогу прыходзяць курсы павышэння кваліфікацыі, якія Любоў Губіч праходзіць рэгулярна.

– Час не стаіць на месцы, усё змяняецца, ствараецца нешта новае, – падкрэсліла фармацэўт. – Вырабляюцца новыя лекі, пра якія мы павінны ўсё ведаць, таму курсы павышэння кваліфікацыі нам у гэтым вельмі дапамагаюць. 

Дарэчы, зусім нядаўна ў памяшканні аптэкі быў зроблены рамонт. Зараз, па словах фармацэўта, там ідзе ўстаноўка новых вітрын, на якіх у хуткім часе Любоў Фёдараўна расставіць лекавыя прэпараты. Жанчына адзначыла, што працаваць у абноўленым кабінеце ёй будзе камфортна і ўтульна.

Марыя ШУТ. 

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *